Беларуская Служба

У Польшчы неўзабаве могуць увесці забарону на продаж электронных цыгарэт

20.06.2024 06:03
Ажно 78% польскіх старшакласнікаў рэгулярна ўжываюць безнікацінавыя араматызаваныя электронныя цыгарэты.
Аўдыё
  • У Польшчы неўзабаве могуць увесці забарону на продаж электронных цыгарэт
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/REDPIXEL.PL

Міністэрства аховы здароўя Польшчы працуе над забаронай продажу электронных цыгарэт. Новаўвядзенне мела ўвайсці ў жыццё перад канікуламі, аднак ёсць пэўнае спазненне. Не так даўно польскія ўлады ўвялі забарону на продаж вейпаў дзецям і моладзі да 18 гадоў. Медыкі і навукоўцы б’юць трывогу, што электронныя цыгарэты вельмі шкодныя для здароўя, пры гэтым зазначаючы, што яны вельмі папулярныя сярод маладых людзей.

Нядаўна па замове Інстытуту здароўя і дэмакратыі даследча-аналітычная кампанія IQS Think Forward у супрацоўніцтве з Польскім таварыствам медыцынскага прагрэсу MEDYCYNA XXI правяла апытанне маладых людзей. У ім узяла ўдзел тысяча падлеткаў з усёй Польшчы ва ўзросце 16-17 гадоў.

З апытання вынікае, што ажно 78% старшакласнікаў рэгулярна ўжываюць безнікацінавыя араматызаваныя электронныя цыгарэты. Пераважная большасць з іх, 87% – фруктовыя або салодкія. Значна менш, прыкладна 24% маладых людзей, кураць традыцыйныя цыгарэты, і яшчэ менш, прыкладна 7%, карыстаюцца награвальнікамі тытуню.

Сярод гэтай узроставай групы электронныя цыгарэты таксама з'яўляюцца першым крокам да залежнасці. Ажно 58% падлеткаў называюць вейпы першым нікацінавым прадуктам, які яны спрабавалі.

Кардыёлаг, тэрапеўт і фармаколаг, прафесар медыцынскіх навук Кшыштаф Філіпяк сказаў у размове з Чацвёртым каналам Польскага радыё, што нікацін – гэта моцная хімічная субстанцыя, якая вядзе да залежнасці.

- Нікацін не аказвае нейкага моцнага ўздзеяння на фізічны стан чалавека. Нікацін не з’яўляецца прычынай анкалагічных захворванняў альбо атэрасклерозу. Нікацін – моцны сродак, які вядзе да залежнасці. Вялізную шкоду для здароўя нясе курэнне, бо тытунёвы дым утрымлівае канцэрагенныя субстанцыі, якія прыводзяць да інфарктаў, інсультаў, атэрасклерозу, анкалогіі і хвароб лёгкіх. Таму мы як грамадства, змагаючыся з хваробамі, якія ўзнікаюць у выніку курэння, змагаемся з тытунёвым дымам, а не з нікацінам.

Пры гэтым прафесар Філіпяк звяртае ўвагу на тое, што трэба адрозніваць тры розныя віды залежнасці: традыцыйныя цыгарэты, электронныя цыгарэты і награвальнікі тытуню.

- Першае – гэта курэнне цыгарэт, дзе пры высокай тэмпературы спальваецца тытунь і паўстаюць канцэрагенныя субстанцыі. Электронныя цыгарэты – гэта не курэнне, а ўдыханне аэразолю, які ўтвараецца ў выніку падагрэву спецыяльнай вадкасці. І трэцяя катэгорыя – гэта награвальнікі тытуню. Гэты выраб падобны на цыгарэту, бо там таксама ёсць тытунь, ён утрымлівае нікацін, але розніца ў тым, што тытунь не спальваецца, а награваецца.

Кшыштаф Філіпяк гаворыць, што раней меркавалася, што вейпы нібыта не аказваюць негатыўнага ўплыву на здароўе. Цяпер, пасля праведзеных навуковых даследаванняў, вядома, што гэта не так, таму што аэразоль, які ствараецца падчас награвання вадкасці, небяспечны для лёгкіх.

- Нам здавалася, што вейпы – гэта больш здаровая версія традыцыйных цыгарэтаў. Электронныя цыгарэты могуць утрымліваць нікацін, а могуць быць без нікаціну. Нікацінавы вейп утрымлівае нікацін, які вядзе да залежнасці, але ў ім няма канцэрагенных рэчываў, якія з’яўляюцца прычынай многіх сур’ёзных хвароб. Электронная цыгарэта без нікаціну, здавалася, не прыводзіць да залежнасці, але цяпер вядома, што ўтрымлівае іншыя субстанцыі кшталту падсалоджвальнікі, араматычныя сродкі і г.д., якія прыводзяць да залежнасці, перш за ўсё моладзь. З даследавання вынікае, што большасць падлеткаў купляе электронныя цыгарэты менавіта без нікаціну. Вяртаючыся да пачатку... Здавалася, што электронныя цыгарэты – гэта больш здаровая версія. Але, як аказваецца, аэразоль з вейпаў вельмі небяспечны для нашых лёгкіх. Па-першае таму, што нам невядома, што вадкасць утрымлівае і які яе хімічны склад. Тэарэтычна там можна нават дадаць наркатычныя субстанцыі.

Медык зазначае, што медыцыне вядомыя выпадкі пашкоджання лёгкіх у падлеткаў альбо моцнага атручання ў выніку вейпінгу. Дарэчы, першай краінай у свеце, якая забараніла продаж вейпаў падлеткам і моладзі, стаў Кітай – найбольшы на планеце вытворца электронных цыгарэт.

вс

слухайце аўдыёфайл