49 працэнтаў апытаных палякаў падтрымліваюць прыём уцекачоў у Польшчу, супраць – 42 працэнты, а 9 працэнтаў не мае адназначнага меркавання на гэты конт. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага цэнтрам Opinia24 па замове выдання Gazeta Wyborcza.
Як адзначае газета, з аднаго боку палякі ўсё менш прыхільна ставяцца да ўцекачоў, а з другога, прыхільна ставяцца да ўцекачоў-лекараў, а нават вітаюць іх у сям’і, напрыклад, як зяця.
Сярод 49 працэнтаў рэспандэнтаў, якія выказаліся за прыём бежанцаў у Польшчу, 35 працэнтаў складаюць асобы, якія адначасова ставяць пэўныя ўмовы, то бок, што гэта павінны быць грамадзяне суседніх краін, напрыклад, Украіны і Беларусі. Толькі 14 працэнтаў апытаных згаджаецца на тое, каб прымаць таксама бежанцаў з іншых частак свету.
Найбольш адкрыта да пытання міграцыі ставяцца жыхары буйных гарадоў (32 адсоткі выказваюцца за прыём уцекачоў з усяго свету), найменш адкрытыя – жыхары гарадоў з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек (8 працэнтаў за прыём уцекачоў з усяго свету) і сельскай мясцовасці (10 працэнтаў).
У сваю чаргу, найбольш рашучых праціўнікаў прыёму ўцекачоў у рэгіёнах, якія вядомыя прыхільнасцю да правых сілаў, у прыватнасці партыі «Права і справядлівасць»: 61 працэнт у Падкарпацкім і 70 працэнтаў у Свентакшыскім ваяводствах.
Газета адзначае, што хоць 59 працэнтаў рэспандэнтаў падтрымлівае пушбэкі, то бок выпіхванне мігрантаў назад на тэрыторыю Беларусі, то амаль 80 працэнтаў не супраць таго, каб уцекачы працавалі ў сферы гандлю і паслуг або ахове здароўя.
Апрача таго, 58 працэнтаў апытаных палякаў не жадаюць, каб бежанцы займаліся мясцовай палітыкай. У сваю чаргу, 75 працэнтаў апытаных пагадзіліся б на суседа бежанца, а 64 працэнты – зяця.
Апытанне было праведзенае 4-5 чэрвеня на рэпрэзентатыўнай групе з 1001 паляка з дапамогай тэлефоннага інтэрв'ю (CATI).
аз