Грамадская арганізацыя «Кут», створаная беларускімі эмігрантамі ў Польшчы, займаецца захаваннем і развіццём беларускай культуры, а таксама далучэннем беларусаў да польскай культуры. З актывісткай «Кута», спадарыняй Вольгай, гутарыць наш карэспандэнт.
– Для пачатку, каб было лягчэй арыентавацца, скажыце, калі ласка, некалькі слоў пра вашу грамадскую арганізацыю: чым займаецеся, якія ставіце мэты…
– «Кут» – гэта праект, які прадугледжвае арганізацыю і правядзенне самых розных мерапрыемстваў сацыяльна-культурнай накіраванасці. Мы хочам, карыстаючыся культурай як інструментам, аб’ядноўваць людзей у эміграцыі. Асаблівасцю дзейнасці «Кута» з’яўляецца тое, што мы імкнемся гэта рабіць цікава і не занудна. Нам хочацца, каб гэта не было кулуарна, закрыта для нейкай пэўнай часткі людзей.
У нашым статуце прапісана, што мы арыентуемся на беларускую культуру, яе захаванне і развіццё, але, будучы арганізацыяй, зарэгістраванай у Польшчы, таксама ставім за мэту развіваць польскую культуру. Мы тут жывём, жывём сярод палякаў, і для нас натуральная рэч – падтрымліваць і польскую культуру.
– У вас амбіцыйныя мэты...
– Мне здаецца, што адной з цікавых нашых мэтаў з’яўляецца раскрыццё ў беларусаў іх схаваных талентаў. Калі нехта нешта ведае, умее, то чаму гэтым не падзяліцца? Усё, што робяць тут зараз беларусы, у нейкім сэнсе і можна назваць беларускім. Час ляціць, мы не стаім на месцы. Мы – гэта і ёсць новыя беларусы, якія ствараюць новую гісторыю, новую культуру і захоўваюць старую. Мы цяпер вельмі сканцэнтраваныя на захаванні, але мне здаецца, не трэба забывацца і на тое, каб ствараць і не баяцца ствараць.
– Калі казаць пра канкрэтныя мерапрыемствы, вашу дзейнасць, што б найперш адзначылі?
– Вось, напрыклад, «Танцы ў Пазнаньцы», якія мы разам праводзім з асобнымі ініцыятывамі, гэта добры прыклад захавання нашай беларускай традыцыі. Лекцыі Дзімы Салодкага, якія датычаць беларускай культуры, – гэта таксама захаванне і прасоўванне нашай культуры. Сустрэчы з пісьменнікамі, якія пішуць пра гісторыю Беларусі і іншыя мерапрыемствы.
Я спадзяюся, што неўзабаве нам удасца арганізаваць турнір па дартсе сярод беларускіх арганізацый і ініцыятыў у Познані. Проста ўжо ведаю файнае месца, дзе можна гэта зладзіць, дзе можа сабрацца шмат людзей. Гэта будзе яшчэ адна нагода, каб беларусы ў такіх абставінах пазнаёміліся між сабой яшчэ раз.
Шчыра кажучы, я ўвесь час імкнуся паказаць беларусам, каб яны не баяліся выходзіць за межы тых месцаў, якія ўжо гарантавана беларускія, каб яны адчувалі, што ім паўсюль рады і ніхто іх не хоча змяняць.
– А наколькі беларусы самі імкнуцца ў эміграцыі падтрымліваць і развіваць сваю культуру, каб не забыцца на яе, не страціць?
– Мне даводзіцца часта размаўляць з беларускімі мастакамі, артыстамі і, здаецца, назірала такі лёгкі смутак ад таго, што на іх выставы ці канцэрты прыходзілі толькі людзі, якія мелі нейкі адгалосак у сваім сэрцы ад іх мастацтва. А цяпер заўважна, што мы прыходзім на такія імпрэзы з моцнай салідарнасцю.
І гэта добра, але я б хацела, каб мы хутчэй перайшлі да новага этапу, на якім будзем патрабаваць ад нашых творчых людзей стварэння не проста беларускага мастацтва, а таго, у што яны самі вераць і што можа нават будзе не для ўсіх зразумела. Мне здаецца, што гэта моцны крок у стварэнні сапраўднага, аўтэнтычнага, сучаснага і якаснага мастацтва.
– Наколькі наогул складана праводзіць творчыя мерапрыемствы ў Польшчы?
– Наконт складанасці – гэта нейкі міф, які хочацца проста разбіваць. Па-першае, тут прымаюць усе мовы. Тут можна чытаць лекцыю па-англійску, па-беларуску ці па-руску, і ніхто слова табе не скажа. Ніхто тут не лічыць, што сорамна распавядаць нешта па-руску, што сорамна прыйсці ў кола палякаў і не ведаць польскай мовы. Пакуль я са здзіўленнем назіраю, што прыходзіш у нейкае новае месца, думаеш, што цябе пагоняць, а выслухаўшы, кажуць: ваў, класна, цікава, а мы да гэтага не дадумаліся. Дзверы амаль усе адкрытыя, трэба толькі не баяцца і рабіць так, як некалі вучылі, з кніжкай па этыкету.
– Вольга, у Познані беларусы ладзяць традыцыйнае «Купалле», а ў сеціве з’явілася аб’ява, што «Кут» праводзіць яшчэ адно падобнае мерапрыемства, якое будзе адрознівацца ад традыцыйнага. Што гэта будзе?
– Я вельмі радая, што шмат людзей заангажаваліся з цікавасці, каб зрабіць гэта якасна. Пакуль што мы бачым, што атрымліваецца дастаткова сучаснае «Купалле» з элементамі традыцыйнымі і сучаснымі выканаўцамі. Гэта будзе адбывацца ў цэнтральнай частцы горада на рацэ Варта, вогнішча класічнага не будзе. Створым імправізаваную інсталяцыю, якая будзе імітаваць вогнішча вакол слупа. Там можна будзе вадзіць карагоды, вязаць вянкі і спускаць іх у раку. Будуць запрошаны музыканты, прагучыць сінціпоп музыка, лірычны поп, будуць прысутнічаць джазавыя элементы. Мы, дарэчы, імкнуліся пракансультавацца з людзьмі, якія разумеюць, што такое якасная музыка.
– Але ж «Купалле» – гэта традыцыйнае свята з часоў паганства, дзе гучаць народныя песні...
– Гэта «Купалле», якое мы памятаем з часоў, калі яно з’явілася. А мы жывём у 2024 годзе і калі хочам яшчэ ў бліжэйшыя 100-200 гадоў святкаваць, яго трэба рабіць не такім помнікам, што надгробак паставім... Калі мы хочам, каб нашы дзеці святкавалі, то вось гэта якраз той канцэпт, які хочацца перадаць. Таму я хачу запрасіць на свята ўсіх беларусаў і не толькі. Гэта будзе адбывацца ў Познані па вуліцы Пшыстань, 1 пры рацэ Варта 6 ліпеня. Гадзіна дакладна невядомая, але свята зойме паўдня і палову ночы. Усім, хто беражэ традыцыйную культуру, раю напісаць да нас, прыйсці і паглядзець.
Нашы кантакты ў сацыяльных сетках:
Instagram
Facebook
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё