Беларуская Служба

Парады ад спецыялістаў, як бяспечна правесці вакацыі

28.06.2024 11:15
Час вакацый – гэта час не толькі адпачынкаў, але і павялічанай рызыкі траўм.
Аўдыё
  • Парады ад спецыялістаў, як бяспечна правесці вакацыі
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Stevebidmead/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вакацыі ў Польшчы толькі пачаліся, а адпаведныя службы раяць, як адпачыць і вярнуцца да дому здаровым і цэлым. 

Перад паездкай на адпачынак неабходна праверыць стан аўтамабіля, нагадвае паліцыя. Дрэнны стан аўтамабіля можа стаць прычынай паломкі або аварыі падчас доўгай дарогі, папярэджвае Марцін Зімань з Сталічнай камендатуры паліцыі Варшавы:

-Перад выездам праверце свой аўтамабіль яшчэ раз. Ці ўсё ў парадку з шынамі, тармазамі, ці ўсе эксплуатацыйныя вадкасці на адпаведным узроўні. Праверце і апрацуйце трасу, каб, калі вы адчуеце сябе сонным, ці стомленым, затрымацца і адпачыць, нават паўгадзіны.

Добрае надвор’е можа быць падманлівым для кіроўцаў, дадаў Марцін Зімань:

 такіх умовах людзі маюць памылковае перакананне, што паездка будзе спакойнай. Не. Асабліва ў сонечныя дні, калі кіроўцы адчуваюць псіхічны камфорт, адбываецца найбольш аварый.

Паліцыя нагадвае, што вогнетушыцель і сігнальны трохкутнік павінны быць у аўтамабілі, але варта паклапаціцца і пра іншыя прадметы, напрыклад, пра аптэчку або святлоадбівальную камізэльку.

Вакацыі – перыяд узмоцненых праверак воднай паліцыі. Людзі, якія плаваюць на ветразніках або маторных лодках, павінны строга прытрымлівацца правілаў. Гэта датычыцца і неабходных пасведчанняў, і абсталявання.

Аляксандра Васяк з рачной паліцыі ў Варшаве заўважыла, што шмат хто карыстаецца магчымасцю хуткага атрымання права кіраваць водным транспартам:

-Аказваецца, што за добрую цану ў нас ёсць пасведчанне рулявога, і можна сядаць на скутар. Ёсць вялікая спакуса скарыстацца такой магчымасцю. Я маю вялікую просьбу, каб усё ж мець веды: пра вадаём, пра правілы, пра водныя знакі. Такія знакі аб нечым інфармуюць, ці нешта забараняюць, а гэта вельмі важна.

Шмат дзе няма абмежаванняў хуткасці – гэта не павінна рабіць нас неразважлівымі, кажа паліцыянтка:

-Мы сапраўды павінны быць вельмі ўважлівымі, каб ні на кога не наплыць, нікога не пакрыўдзіць. Кіруючы скутарам трэба разумець, што на возеры людзі могуць знаходзіцца па-за вызначаным для купання месцам. Калі такая асоба не будзе мець камізэлькі, то мы не заўважым яе адразу.

Абавязковае абсталяванне маторнай лодкі залежыць ад яе памеру і магутнасці рухавіка. Аднак, незалежна ад гэтага, выратавальныя камізэлькі павінны быць на борце для кожнага чалавека.

Залогам бяспечнага адпачынку з’яўляюцца таксама планавая прафілактыка, выкананне правіл гігіены, правільнае захоўванне і падрыхтоўка ежы ў гарачае надворʼе. У рамках акцыі «Бяспечны адпачынак з санстанцыяй» планавым аглядам дзяржсанагляду падлягаюць 40 тыс. абʼектаў.

Галоўны санітарны інспектар Павал Гжэсёўскі таксама заахвочвае ўмешвацца ў трывожныя сітуацыі адносна арганізацыі адпачынку:

-Гэтак званы хуткі кантроль. Калі вы, як бацькі, ці ўдзельнікі такога адпачынку, заўважаеце нейкія парушэнні, вам здаецца, што арганізацыя адпачынку не адпавядае стандартам, то можна, акрамя арганізатара адпачынку, паінфармаваць бліжэйшую санстанцыю. Кантакт беспраблемна можна знайсці ў сеціве, такіх санстанцый ёсць 318.

Намеснік галоўнага санітарнага ўрача Ізабэла Кухарска заклікае паклапаціцца пра гігіену рук, належнае захоўванне і прыгатаванне страў, а таксама пра наяўнасць санкніжкі ў працаўнікоў сферы грамадскага харчавання. Як кажа Ізабэла Кухарска, захаванне гігіены можа прадухіліць, напрыклад, заражэнне эхінакакозам:

-Гэта звязваецца са спажываннем забруджанай стужачнымі чарвякамі ежай, асабліва такой садавіны як чарніцы, маліна ці клубніцы. Яны растуць нізка каля зямлі і могуць быць забруджаныя адходамі жывёлы. Не спажывайце нямытых садавіны і гародніны. Гэта найлепшы спосаб пазбавіцца з іх паверхні вірусаў і бактэрый.

Варта засцерагчыся ад кляшчоў. Захворванне клешчавым энцэфалітам можна прадухіліць з дапамогай вакцынацыі. Шпацыруючы па лесе, варта паклапаціцца аб адпаведнай вопратцы і выкарыстоўваць хімічныя сродкі ў адпаведнасці з інструкцыяй.

«Пасля прагулкі ў лесе лепш памыць вопратку і ўважліва яе агледзець», – раіць Ізабэла Кухарска.

Лекары з Верхнесілезскага дзіцячага аздараўленчага цэнтру ў Катавіцах заклікаюць быць асцярожнымі ў перыяд летніх канікул, калі павялічваецца колькасць траўмаў, у тым ліку цяжкіх, у дзяцей.

Як кажа доктар Барбара Кунсдорф-Бохня, загадчыца аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Верхнесілезскага дзіцячага цэнтру здароўя ў Катавіцах, забеспячэнне бяспекі дзяцей зʼяўляецца абавязкам бацькоў або апекуноў:

-Калі бацькі не думаюць на апярэджанне, ці ўвогуле не думаюць, то да нас трапляюць дзеці з паламанымі верхнімі і ніжнімі канечнасцямі, з траўмамі галавы ці жывата. Ровары, самакаты прычыняюцца да значнай колькасці траўмаў менавіта жывата. Да нас трапляюць дзеці, якія ездзяць без шлема, накаленнікаў, без рукавіц. Дзеці цікавяцца, таму яны падыдуць да кожнай тэхнікі, кожнага абсталявання. Таму сочым і думаем на апераджэнне.

Лекарка звяртае ўвагу, каб перасцерагаць дзяцей ад ужывання рознакаляровых ягад ці грыбоў, якія яны знаходзяць у лесе ці на лузе, бо некаторыя з іх могуць быць атрутнымі.

ав

слухайце аўдыё