Беларуская Служба

«Найбольш жорстка збівалі беларускамоўных, уладальнікаў нацыянальных сімвалаў, людзей з татуіроўкамі, людзей з нестандартнай знешнасцю»

25.06.2024 12:23
Спецпраект «Прававой ініцыятывы» Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў прэзентаваў расследаванне катаванняў у Маскоўскім РУУС 9-13 жніўня 2020 года.
Аўдыё
  • «Найбольш жорстка збівалі беларускамоўных, уладальнікаў нацыянальных сімвалаў, людзей з татуіроўкамі, людзей з нестандартнай знешнасцю»
.
..

26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень ААН у падтрымку ахвяр катаванняў. «Прававая ініцыятыва» з гэтай нагоды ладзіць «Тыдзень супраць катаванняў», у межах якога праводзіць цыкл адукацыйных мерапрыемстваў, каб прыцягнуць увагу да здзекаў з затрыманых ды зняволеных беларусаў і беларусак, якія працягваюцца.

Сёння спецпраект «Прававой ініцыятывы» Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў прэзентаваў расследаванне катаванняў у Маскоўскім РУУС 9-13 жніўня 2020 года.

Прэзентаванае сёння расследаванне стала чацвёртым па ліку за крыху больш чым год. Папярэднія тычыліся Фрунзенскага, Савецкага, Цэнтральнага РУУС, а таксама Акрэсціна. Гэта вынік дакументацыі 48 індывідуальных гісторый, гэта 569 старонак інтэрв’ю, 60 старонак меддакументаў і фота.

Катавалі сілавікі АМАПУ і Маскоўскага РУУС. У дакуменце ёсць асобы апазнаных сілавікоў. Эпіцэнтрам катаванняў была актавая зала Маскоўскага РУУС. У сярэднім у РУУС затрыманыя знаходзіліся каля 15 гадзін, некаторыя 1,5 сутак. Расказвае кіраўнік «Прававой ініцыятывы», заснавальнік камітэта па расследаванні катаванняў і галоўны расследавальнік Сяргей Усцінаў:

-У пэўныя моманты актавая зала была залітая крывёй і іншымі выдзяленнямі. Затрыманых прымушалі паўзці па гэтай крыві. У выніку затрыманых прымусілі сваёй вопраткай прыбраць усе гэтыя выдзяленні. Найбольш жорстка збівалі беларускамоўных, уладальнікаў нацыянальных сімвалаў, людзей з татуіроўкамі, у першую чаргу нацыянальнымі, і іншымі татуіроўкамі. Асабліва моцна збівалі людзей з нестандартнай знешнасцю: з доўгімі валасамі, з дрэдамі, людзей у белых цішотках і з белымі браслетамі. З асаблівай жорсткасцю збівалі медыкаў. Прымалі людзей праз «калідор смерці». Па двух баках стаялі сілавікі і білі дубінкамі, рукамі і нагамі тых, хто праходзіў праз калідор. Прымяняліся катаваннямі вадой. Ёсць сведчанні, што людзей тапілі ў ракавіне з вадой, і нават ва ўнітазе. Як мінімум трое сутыкнуліся з сексуальным гвалтам. Есць факт, што ў адну з камер распылілі газ, людзі пачалі задыхацца.

Безумоўна супрацоўнікі, якія ў гэтыя дні былі ў РУУС парушылі свае абавязкі па абароне правоў грамадзян. Яны выконвалі злачынныя загады. Былі парушаныя не толькі нацыянальны законы, але і нормы міжнароднага права, гаворыць юрыстка Марыя:

-Катаванне не абмінулі няпоўнагадовых, старэйшых і жанчын. Ёсць кейс, калі ў адной з жанчын знялі пірсінг з грудзі пласкагубцамі. Задакументаваны выпадак вобшуку жанчын у прысутнасці сілавікоў мужчынскага полу. Жанчыну прымусілі распрануцца да гала. Гэтыя дзеянні парушаюць Канвенцыі па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын. Парушэнне інтымнасці наўпрост забаронена міжнароднымі нормамі. Усё, што адбывалася ў тыя дні, раўнапраўна з жорсткім стаўленнем і катаваннямі. Усе гэтыя дзеянні падпадаюць пад артыкул 128 КК Беларусі. Гэта злачынствы супраць бяспецы чалавечнасці. Такія дзеянні караюцца пазбаўленнем свабоды ад 7 да 15 гадоў, ці пажыццёвым зняволеннем. Варта адзначыць, што асобы, якія здзейснілі гэтыя злачынствы, не могуць быць вызвалены ад прыцягнення да адказнасці з-за заканчэння тэрміну даўнасці.

Праваабаронца, траўматэрапеўтка Інке Хансен адзначыла, што акрамя бачных слядоў катаванняў нельга не казаць пра нябачныя траўмы. Траўма ўзнікае ў сітуацыі, калі нервовая сістэма перагружана, калі чалавек адчувае сябе бездапаможным і не мае вонкавай падтрымкі. Менавіта такія сітуацыі апісаныя ў дакладзе.

- Можна выказаць здагадку, што гэтыя людзі атрымалі не толькі знешнія пашкоджанні, але і нябачныя пашкоджанні нервовай сістэмы. Людзям з траўмай звычайна цяжка знайсці падтрымку, неабходную для аднаўлення. Размоўная тэрапія звычайна малаэфектыўная пры траўмах. Толькі нешматлікія тэрапеўты валодаюць неабходным досведам лячэння траўм. Акрамя таго, у грамадства мала свядомасці на тэму траўмы, і самыя людзі не хочуць пра яе гаварыць.

Інке Хансен зазначыла, што ёсць яшчэ адна, менш заўважаная група людзей, якім патрэбна падтрымка ў перажыванні траўмы. Гэта асобы, якія рыхтуюць такія даклады і дакументуюць парушэнні правоў чалавека.

Праграма Тыдня супраць катаванняў ёсць тут

ав

слухайце аўдыё