Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: Я з тых беларусаў, хто прыжыўся ў Польшчы

29.06.2024 09:42
Ён быў сярод прыхільнікаў сілавога сцэнару падчас пратэстаў у 2020 годзе, але свае ж называлі іх правакатарамі.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: Я з тых беларусаў, хто прыжыўся ў Польшчы
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock

Цяжкі хлеб гандляра

У Дзмітрыя сярэднеспецыяльная адукацыя. У Беларусі ён займаўся пераважна гандлем. Без жартаў, дадае, што прадаваць даводзілася ўсё, што было ў хаду: электронныя папяросы, абутак, адзенне, фільтры для вады і іншае.

Слухайце аўдыё! 

Кошт прадпрымальніцкага хлеба ў Беларусі яму добра вядомы, а таму, узгадваючы тыя часы, кажа, што даводзілася даволі няпроста.

– Цяжка, вельмі цяжка было працаваць, асабліва апошнія некалькі гадоў. Душылі падаткамі, вялікімі падаткамі і рознымі паборамі. Я наогул не ўяўляю, як цяпер там прадпрымальнікі працуюць.

Я не хацеў заставацца ў баку

У дзень выбараў у 2020 годзе, прагаласаваўшы на выбарчым участку, разам з сябрамі паехаў на карпаратыў за горад. Увечары аказалася, што знікла сувязь, а калі вярнуліся назад, то ў горадзе пабачылі нечаканыя падзеі.

– Пабачылі, што нічога добрага не адбываецца, і з таго дня пачалі браць удзел у акцыях пратэсту.

– А вы асабіста за што выходзілі пратэставаць?

– За людзей, толькі за людзей. Бо нельга так ставіцца да людзей, як гэта рабіла ўлада: непавага, пастаянны ціск на людзей, фальсіфікацыі, рэпрэсіі, беззаконне… Гэта дыктатура, якая не мае права на існаванне. З ёй трэба змагацца. Я не хацеў заставацца ў баку.

Мы ўсе былі ў шоку

Падчас пратэстаў, паводле суразмоўцы, давялося перажыць рознае, але на Акрэсціна не патрапіў. Добра ведаў свой раён, хутка бегаў, але бегаць даводзілася часта. Ды і стан шоку яго таксама не мінуў.

– Цяжка апісаць увесь спектр эмоцый таго стану, у якім знаходзіўся – мы былі ў шоку ўсе, абсалютна ўсе. Калі пачынаю прыгадваць той стан, то адразу ўзнікае нейкая псіхалагічная абарона, нібы сцяна, і не магу згадаць нейкія канкрэтныя рэчы.

Я быў прыхільнікам сілавога сцэнару, але людзі называлі нас правакатарамі

Тым не менш, Дзмітрый кажа, што вельмі спадзяваўся тады на тое, што людзі перамогуць дыктатуру, але, паводле яго, было вельмі мала тых, хто быў гатовы да сілавога сцэнару.

– Я быў з тых, хто быў гатовы да гэтага, і нас свае ж называлі правакатарамі. Траўма засталася з таго часу. З аднаго боку, выглядала так, што людзі хацелі па-добраму, па-чалавечы прыцягнуць увагу. Але з іншага боку, было зразумела, што на кветкі пойдуць з дубінкамі.

– А вы насамрэч былі ўпэўнены, што такі сцэнар мог бы атрымацца?

– Я спадзяваўся, што ўсё атрымаецца, бо было такое атачэнне, былі людзі, якія думалі таксама. Разам гэта магло атрымацца. На вуліцы выходзілі тысячы людзей, але пачынаеш размаўляць з імі – і ўсе супраць. Ну, мы і прыйшлі да высновы, што нічога не атрымаецца. Людзі не падтрымалі, думалі, што ўсё можна вырашыць з кветкамі. Але не з той уладай.

Я доўга не разумеў, што рабіць

З’язджаць давялося раптоўна. У аднаго са знаёмых у органах працаваў свой чалавек, які і паведаміў, што яго асобай зацікавіліся. І такім чынам апынуўся ў Польшчы.

– Цяжка было, я доўга не разумеў, што рабіць. Ды і была тая псіхалагічная траўма, цэлы год знаходзіўся ў стане трансу. Пачаў вывучаць польскую мову і імкнуўся падпрацаваць на жыццё. Рабіў у друкарні і валанцёрыў.

Дзмітрый згадвае, што нават у тыя няпростыя часы яго не наведвалі думкі аб тым, што ўсё хутка скончыцца, і ён вернецца дадому. Наадварот, жыццёвы досвед падказваў, што такая сітуацыя зацягнецца на гады і трэба ўладкоўваць жыццё тут.

Тут прасцей рабіць бізнес, чым у Беларусі

У Польшчу з тых самых палітычных прычын пераехала яго мама разам з братам – яны прадалі кватэру ў Беларусі. На гэтыя грошы ён і адкрыў свой бізнес – кавярню з сушамі. Кажа, што тут прасцей гэта рабіць, чым у Беларусі.

– Там трэба з нейкім дамаўляцца, камусьці плаціць, нешта такое рабіць. А тут я адчыніў спулку праз інтэрнэт на аддаленні за тры дні. А праз месяц мы ўжо цалкам працавалі.

Дзеля таго, каб канкураваць з іншымі, патрэбна было рабіць рэкламу. І напачатку пачалі з беларускіх чатаў. Першымі кліентамі сталі беларусы, а потым пацягнуліся і астатнія жыхары мікрараёна. Ды і сам калектыў з чатырох чалавек – таксама беларусы.

– Прапануем сушы, супы, гатуем традыцыйныя японскія стравы з рысам, курыцай, робім свае напоі. Робім пераважна на вынас, але апошнім часам адкрылі тэрасу на вуліцы. Ну і заўсёды прапануем нейкія зніжкі, дадатковыя напоі. Неяк так.

Праз некалькі месяцаў працы, паводле суразмоўцы, выйшлі на нуль, а потым, паднабраўшыся досведу, абнавіўшы абсталяванне, пачалі працаваць з прыбыткам.

Дзмітрый кажа, што працаваць наогул не складана, але, маўляў, і парадак у паперах павінен быць. Дзеля гэтага іх бухгалтэрыю вядзе польскі адмысловец.

Па вяртанні ў Польшчу адчуванне, як дадому

Хлопец звяртае ўвагу, што дзякуючы працы і інтэграцыя ў польскае грамадства адбываецца адчувальна, настолькі, што ён ужо проста аб гэтым не задумваецца.

– Ну вось да прыкладу. Нядаўна з братам ляталі на канцэрт у Грэцыю. Былі там некалькі дзён, а па вяртанні ў Польшчу адчуванне было, як вярнуўся дадому. Так што інтэграцыя мінула паспяхова.

Дзмітрый дадае, што за некалькі гадоў у Польшчы ён ужо здолеў пабываць у Латвіі, Бельгіі, Грэцыі, можа дазволіць сабе адпачынак на моры, у той час як у Беларусі за ўсё жыццё аднойчы выязджаў у санаторый у Друскенікі і адзін раз ва Украіну.

Эміграцыя – гэта цяжка, але вельмі цікава

– А што для вас тады эміграцыя, што для вас гэта азначае?

– Адраджэнне. Жывучы ў Беларусі, ты пражываеш адно жыццё, а калі эмігруеш у другую краіну неазалежна ад прычын, атрымліваеш новае жыццё і будуеш там новую асобу. Пражывавеш там новае жыццё, адраджаешся.

– Значыцца, эміграцыя на вашу думку – гэта цікава?

– Вельмі цікава. Цяжка, падчас вельмі цяжка, але вельмі цікава.

Калі буду мець магчымасць дапамагчы – зраблю гэта, але…

Ці ёсць у яго настальгія па Беларусі? Ёсць, бо там засталіся мясціны, дзе прайшла большая частка жыцця, але ці будзе ён вяртацца туды – гэта пытанне. Дзмітрый лічыць, што Беларусі пасля дыктатуры доўга давядзецца ўставаць з каленяў, найперш у эканамічным сэнсе.

– Калі я буду мець магчымасць дапамагчы – я гэта зраблю. Але свайго жыцця там ужо не бачу. Я з тых беларусаў, якія прыжыліся ў Польшчы. Ведаю шмат беларусаў, якія тут не прыжыліся і хочуць дамоў. У мяне ўжо такога няма. Канешне, мне хочацца спаткацца з сябрамі, пагутарыць з роднымі, але жыць там – напэўна, ужо не…

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл