Беларуская Служба

Беларуская культура за мяжой актыўна развіваецца

01.07.2024 13:42
У Варшаве прайшоў вялікі Hučna Fest з дэманстрацыяй сучаснай беларускай літаратуры і мастацтва, актуальнай беларускай музыкай і грамадскім актывізмам.
Аўдыё
  • Фестываль Hučna Fest прайшоў у Варшаве
Ілюстрацыйнае фотаY.Likhtarovich

Вось ужо чацвёрты год запар Free Belarus Center ладзіць імпрэзу для беларусаў Hučna Fest. Сёлета фестываль беларускай грамадскай і творчай актыўнасці прайшоў на беразе Віслы ў Варшаве, каб паказаць палякам, жыхарам польскай сталіцы ды ўсім зацікаўленым, як выглядае сучасная беларуская культура і грамадства. Гаворыць прэс-сакратар фестывалю Іван.

- Сёлета змяніўся маштаб, мы сталі яшчэ больш. Па змесце ўсё застаецца тым жа: паказаць палякам, украінцам ды беларусам, хто тут жыве, сучасную Беларусь: музыку, літаратуру, НДА і актывізм. Сучасная Беларусь – гэта мы, маладыя, праеўрапейскія, незалежныя людзі, а не саўковы рэжым Лукашэнкі.

У рамках фестывалю Беларускі ПЭН зладзіў літаратурную сцэну «БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ», прысвечаную беларускай жаночай і квір-літаратуры, а таксама прайшла выстава ды кірмаш беларускіх выдавецтваў. Паказанае на Hučna Fest-це сведчыць пра тое, што беларуская літаратура жыве ды развіваецца, адкрываецца на новыя тэмы, нягледзячы на тое, што ўжо 4 год шматлікія беларускія пісьменнікі ды пісьменніцы вымушаныя жыць у выгнанні, за мяжой.

Беларускія выданні ў Варшаве Беларускія выданні ў Варшаве

Выдаецца мноства розных кніг вельмі рознага плану, адна з апошніх нават спеўнік для малодшых беларусаў ды іх бацькоў. Пра публікацыю распавялі выдавец Уладзімір Міхневіч ды спявак Сяржук Доўгушаў.

- Наша апошняя публікацыя – Дзіцячы спеўнік, унікальнае ды шыкоўнае перавыданне кнігі дзіцячага фальклору Антона Грыневіча, упершыню апублікаванага больш за 100 гадоў таму. Выданне ўнікальнае тым, што спеўнік выдадзены спецыяльна для дзяцей, у спецыяльнай вокладцы, якая не дазваляе яго хутка знішчыць.

На фестывалі былі аўтары з розных рэгіёнаў.  Была аўтарка раману  «Прыпяццю па Нобель» Ганна Кандрацюк, якая спрабуе адкрыць для палякаў Беларусь. 

- У Польшчы ёсць рэгіён – Падляшша, які ёсць такая мініатура Беларусі. Зверху жывуць ліцвіны, а на поўдні паляшукі. Я зацікавілася і напісала кнігу пра Палессе, рэгіён які зусім у нас невядомы. Будучы на прэзентацыях у Беларусі, адкрыла, што самі беларусы таксама мала што ведаюць пра гэты рэгіён. Ён, дарэчы, моцна мне нагадвае нашы землі. У нас усё захавалася ў фрагментах, а там я знаходзіла цэлую сістэму. Напрыклад, культ вады.

У Варшаве прайшоў вялікі Hučna Fest з дэманстрацыяй сучаснай беларускай літаратуры і мастацтва, актуальнай беларускай музыкай і грамадскага актывізму. Паказанае сведчыць, што нягледзячы на выгнанне, беларуская культура і грамадства развіваецца ды ўмацоўваецца.

Юры Ліхтаровіч