Беларуская Служба

СМІ і іх будучыня – гэта галоўнага тэма сёлетняй Вышаградскай летняй школы ў Кракаве

03.07.2024 17:01
Праграма мерапрыемства прадугледжвае 10 дзён лекцый, семінараў, сустрэч, майстар-класаў і азнаямленчых экскурсіяў.
Аўдыё
Палацы Віла Дэцыя ў КракавеAutorstwa Zygmunt Put - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=118014314

У Кракаве ў гістарычным палацы Віла Дэцыя (поль. Willa Decjusza) працягваецца XXII Вышаградская летняя школа, мэта якой – навучанне і інтэграцыя маладых лідараў з краін Вышаградскай групы, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Заходніх Балканаў. Арганізатарам мерапрыемства зʼяўляецца культурна-асветніцкі Інстытут Willa Decjusza, які вядзе дзейнасць па папулярызацыі і развіццю культуры, навукі і мастацтва на мясцовым, рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

Праграма мерапрыемства прадугледжвае 10 дзён лекцый, семінараў, сустрэч, майстар-класаў і азнаямленчых экскурсіяў, узбагачаных ведамі і вопытам міжнародных экспертаў – навукоўцаў, палітыкаў, журналістаў і іншых выдатных дзеячаў свету навукі і бізнесу.

Сёлета Вышаградская летняя школа прысвечана тэме СМІ і іх будучыні, кажа дырэктарка Інстытута культуры Willa Decjusza Дамініка Каспровіч(Dominika Kasprowicz):

- Ужо 22-гі раз мы сустракаемся з маладымі лідарамі, якія прыязджаюць да нас, перш за ўсё, з суседніх краінаў, то бок краінаў Вышаградскай групы. Ёсць таксама спецыяльныя госці – буйная група з Украіны, з краінаў-удзельніц ініцыятывы «Усходняе партнёрства», а таксама група маладых лідараў з краінаў Заходніх Балканаў, якая кожны год павялічваецца. Нас шмат аб’ядноўвае – не толькі вопыт посткаланіяльнага лёсу і палітычнай трансфармацыі, але таксама складаныя тэмы і боязі. Адна з іх – кірунак зменаў, якія адбываюцца ў СМІ. Гаворка ідзе, як пра праблемы глабальнага характару, так і праблемы, з якімі сутыкаюцца самі журналісты. Калі паглядзець на прагнозы, датычныя палітычных зменаў у Еўропе, то на першае месца высоўваецца пытанне свабоды журналісцкай працы, свабоды выказвання і спосабы арганізацыі медыя-сістэмаў і іх змена.

На інаўгурацыі мерапрыемства, якая адбылася 1 ліпеня, прысутнічаў прафесар Міхал Вашэчка(Michal Vašečka), праграмны дырэктар Браціслаўскага інстытута палітыкі, аднаго з галоўных партнёраў Вышаградскай летняй школы:

- Факт, што вядучай тэмай сёлетняй Вышаградскай летняй школы з’яўляюцца СМІ абсалютна не здзіўляе. Дастаткова ўспомніць пра крызіс традыцыйных СМІ, узнікненне альтэрнатыўных сродкаў масавай інфармацыі, дэзынфармацыю, інфармацыю, якая паступае з сацсетак, YouTub… Гэта мяняе дынаміку грамадства. Тут выдатным прыкладам з’яўляецца Славакія. Усё гэта таксама праблема на шляху добрага супрацоўніцтва ў Цэнтральнай Еўропе.

Паводле прафесара, адна з важных задач удзельнікаў школы – зразумець сутнасць канцэпцыі Цэнтральнай Еўропы:

- Важна, каб удзельнікі зразумелі – што гэта за прастора; якое ейнае гістарычнае і сучаснае значэнне; якія у нас магчымасці супрацы. Пра гэта менавіта гаворка ідзе ўжо 22 гады.

Змены, якія адбываюцца ў СМІ, істотна ўплываюць на сучасныя наратывы і часта прымушаюцьсутыкацца з нарастаючымі праблемамі не толькі ў краінах, якія лічацца аўтарытарнымі, кажа праграмны дырэктар Калегіі Усходняй Еўропы Адам Бальцэр(Adam Balcer):

- Калі паглядзець на розныя рэйтынгі, датычныя свабоды СМІ, напрыклад, рэйтынг арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», то аказваецца, што ў многіх краінах Еўрасаюза сітуацыя са СМІ – праблематычная. Ужо многія гады эксперты фіксуюць у некалькіх краінах адмоўныя тэндэнцыі. Гэта не толькі Венгрыя, пра якую часта ідзе гаворка. Ціск з боку палітыкаў на СМІ – гэта таксама праблема многіх краінаў Цэнтральнай Еўропы, Паўднёва-Усходняй Еўропы, краінаў Міжземнага мора. Для будучыні Еўропы – гэта вельмі важная справа і гэта павінен быць адзін з абавязкаў ЕС – абарона журналістаў ад такіх сітуацый.

Максім Дзем’янюк з Украіны распавёў пра чаканні ўдзельнікаў Вышаградскай летняй школы і пра тое, як ён бачаць праблемы, звязаныя са зменамі ў СМІ:

- Падчас вайны самая важная справа – гэта ўплыў расійскай прапаганды і нашая здольнасць абараняцца ад ёй. Гэта таксама магчымасць міжнароднай супрацы ў галіне СМІ. Калі гаворка ідзе пра будучыню, то паводле мяне справа ў аб’яднанні еўрапейскіх СМІ.

У сваю чаргу Юлія Казанкевіч назвала найважнейшыя задачы, звязаныя з сучаснымі СМІ:

- Мы павінны навучыцца працаваць сумесна. Навучыцца адрозніваць прапаганду ад праўды. Трэба задумацца, што мы хочам стварыць на будучыню. Укараняюцца новыя тэхналогіі, якія таксама варта выкарыстоўваць.

Нагадваем, Вышаградская летняя школа адрасаваная, у тым ліку, студэнтам, навукоўцам, маладым дыпламатам, актывістам, чыноўнікам. Удзел у мерапрыемстве – гэта ўнікальная магчымасць павысіць кваліфікацыі, атрымаць вопыт, а таксама наладзіць кантакты сярод міжнароднай групы ўдзельнікаў.

XXII Вышаградская летняя школа завершыцца 10 ліпеня прэзентацыяй арыгінальных праектаў удзельнікаў, цырымоніяй уручэння сертыфікатаў школы, а таксама дыскусіяй, якая падсумуе інтэнсіўна праведзены час мерапрыемства.

Ірына Завіша/аз