Кожны трэці васьмікласнік на сёлетнім экзамене па матэматыцы не набраў нават 30 працэнтаў магчымых пунктаў. Вынікі экзамену пацвярджаюць, што з навучаннем гэтага прадмету ў Польшчы праблема, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
У сераду Цэнтральная экзаменацыйная камісія абвясціла вынікі сёлетняга выпускнога экзамену для васьмікласнікаў. Яны важныя, між іншым, для фарміравання адукацыйнай палітыкі ў краіне.
Вынікі за бягучы навучальны год пацвярджаюць, што праблемы з навучаннем матэматыкі ў Польшчы нарастаюць. «Здаецца, мы маем справу з матэматыкай на дзвюх хуткасцях», – канстатуе ў размове з газетай дырэктар Цэнтральнай экзаменацыйнай камісіі Марцін Смолік. Паводле яго, пра гэта сведчыць выразная палярызацыя вынікаў.
З аднаго боку, ёсць вялікая група дзяцей з сурʼёзнымі недахопамі ў матэматыцы – яны маюць праблемы з самымі простымі задачамі. Ёсць і другая група вучняў, для які многія экзаменацыйныя заданні аказаліся занадта простымі.
Паводле звестак Цэнтральнай экзаменацыйнай камісіі, кожны трэці выпускнік базавай школы на экзамене па матэматыцы не набірае нават 30 працэнтаў пунктаў.
Найлепш з матэматыкай спраўляюцца школьнікі з буйных гарадоў: там сярэдні вынік па матэматыцы на 11-15 працэнтаў вышэйшы, чым у меншых гарадах.
Паводле экспертаў, адна з прычын такой сітуацыі – гэта зніжэнне экзаменацыйных патрабаванняў пасля пандэміі каранавіруса, калі з іспыту былі зняты найбольш складаныя тыпы заданняў, якія раней вылучалі найбольш таленавітых вучняў.
Іншая прычына – гэта канкурэнцыя за месцы ў лепшых сярэдніх школах, якая назіраецца ў буйных гарадах.
Паўплываць на вынікі маглі таксама дадатковыя пазашкольныя заняткі. Паводле дадзеных Цэнтра даследавання грамадскай думкі (CBOS), у 2022 годзе ў дадатковых платных занятках удзельнічалі 65 працэнтаў польскіх вучняў.
аз