У выданні Tygodnik Powszechny гутарка з юрысткай і сексолагам Марыяй Беісерт (прафесар Maria Beisert). Гаворка ідзе пра нядаўнія змены ў польскім Крымінальным кодэксе. Парламент змяніў азначэнне згвалтавання. Ім будзе лічыцца прымус да ўступлення іншай асобы ў палавыя зносіны з ужываннем сілы, незаконнай пагрозы, падману або іншымі спосабамі, нягледзячы на адсутнасць згоды гэтай асобы. Раней у азначэнні не было апошняй часткі сказу – «нягледзячы на адсутнасць згоды».
Па словах эксперткі, ранейшае азначэнне прадугледжвала, што ахвяра адказная за тое, што падчас нападзення яна не аказала актыўнага супраціву. Яна не толькі павінна ўмець бараніцца, але і даказаць, што спрабавала абараніцца. Раней ад ахвяр згвалтаванняў закон патрабаваў актыўнай абароны, што азначае фізічную актыўнасць, а нават агрэсіўныя паводзіны ў сваю абарону. Іншыя формы абароны, напрыклад, так званая «замарозка», калі ахвяра стараецца зусім не рухацца, не лічыліся формай абароны, а нават маглі лічыцца згодай на інтымны кантакт. Тым часам спецыялісты лічаць, што гэта можа быць нармальнай рэакцыяй, паколькі ахвяра хоча кожнай цаною выжыць, і таму кожны спосаб, у тым ліку рашэнне не рухацца, можа быць эфектыўны.
Падчас дыскусіі ў Сейме, дэпутат партыі «Права і справядлівасць» Гжэгаж Лёрэк (Grzegorz Lorek) заявіў, што «новае права – гэта чыстая дэмагогія, падарунак помслівым жанчынам, якія цяпер змогуць карыстацца ім супраць былых каханкаў». Па словах прафесаркі сексалогіі, гэтае шкоднае выказванне паказвае адсутнасць ведаў пра сексуальны гвалт. Цяжка яго каментаваць, можна толькі заявіць, што гэта няпраўда. Новы закон, калі пачне дзейнічаць, будзе абараняць ахвяр, у тым ліку мужчын, якія таксама становяцца ахвярамі згвалтавання, хоць і радзей, чым жанчыны.
Вядома, што многія факты згвалтавання застаюцца ў ценю, ахвяры не звяртаюцца ў паліцыю. Чаму? Госць выдання кажа, што вельмі цяжка расказваць пра тое, што адбылося, такім чынам ахвяра другі раз перажывае нападзенне. Калі ахвяра натрапіць у паліцыі або пракуратуру на чалавека, які паводзіць сябе няправільна, а гэта ўсё яшчэ здараецца, тады пачуццё справядлівасць ахвяры цалкам разбураецца. Таму трэба зрабіць усё магчымае, каб гэтую рызыку панізіць.
нг