Рабі, што павінен, і будзе, што будзе
Віталь працуе ў сферы ІТ. Пра сябе кажа, што ён чалавек дастаткова замкнёны, а таму і прафесію выбіраў такую, бо добра ладзіў з тэхнікай. Тым не менш, падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе быў разам з усімі. Згадвае, што тады яго вельмі ўразіла салідарнасць людзей.
— Я адчуваў тады нейкае яднанне, і гэта мяне моцна ўразіла. Тады пачалі яшчэ ствараць дваровыя чаты, я таксама ў гэтым удзельнічаў, друкаваў улёткі. У нас у двары нейкі актыў сфармаваўся. Як кажуць: рабі, што павінен, і будзе, што будзе. У мяне тады была вялікая прага да пераменаў. І я разумеў, што не трэба іх проста чакаць, а нешта рабіць, каб яны наступілі.
Тады ўсё адбывалася спантанна
Але ў той самы час Віталь прызнаецца, што не адчуваў перспектывы ў пратэстах.
— Я хадзіў на розныя акцыі, не толькі на нядзельныя, але і падтрымліваў страйкі рабочых. І мне тады здавалася, што з гэтага нічога не атрымаецца. Прапанова людзям была адна: трэба мяняць прэзідэнта, а калі нейкага звольняць, то будзе падтрымка ў 500 долараў. Магчыма, над гэтым трэба было працаваць загадзя, але тады ўсё ладзілася спантанна.
Дзякуй беларускім жанчынам…
Суразмоўца згадвае, што асаблівую ролю тады адыгралі жаночыя акцыі, паколькі, паводле яго, пратэсты ішлі на затуханне.
— Я вельмі ўдзячны беларускім жанчынам, якія тады своечасова выйшлі, бо адчувалася, што ўсё пачынае затухаць. Апошнюю ноч нават такое ўражанне стваралася, што АМАПаўцы, як тыя сытыя каты, проста палохалі людзей, а тыя разбягаліся, бо баяліся. І калі кажуць, што трэба было прымяняць сілавы сцэнар, то я з гэтым не пагаджаюся. Разумею, што былі людзі, некаторыя настроеныя на гэта, але ў іх нічога не было: ні зброі, нічога. І вось дзякуючы таму, што жанчыны выйшлі і іх пратэст быў мірны, было так шмат людзей.
Чым далей, тым больш з’яўляўся негатыў да чырвона-зялёнага
Віталя затрымлівалі тройчы: суд, штраф, адседзеў 23 сутак. У выніку вырашыў з’ехаць.
— Бо цяжка было. Цяжка таму, што яшчэ, калі выйшаў з сутак у снежні, памятаю, як усё змянілася. Напачатку, улетку, увесь горад быў у бел-чырвона-белых колерах, а потым гэта ўсё знішчылі і ўсё зрабілі чырвона-зялёным. А я памятаю, як усё пачыналася. Людзі нават казалі, каб не раз’ядноўвацца, будзем хадзіць на маршы так, каб у хлопца быў бел-чырвона-белы сцяг, а ў дзяўчыны чырвона-зялёны. Маўляў, мы адзін народ і ў нас няма супрацьстаяння. Але чым далей, тым больш з’яўляўся негатыў да чырвона-зялёнага. Ты выходзіш у горад, а там паўсюль вісяць гэтыя чырвона-зялёныя колеры. Да ўсяго, не пакідала адчуванне, што трэба нешта рабіць. Але як і што? Усе суполкі і ініцыятывы знішчаліся, людзей арыштоўвалі, маршаў ужо ніякіх не было. Здавалася, што недзе за мяжой будзе прасцей, бо не стане вось гэтага ціску.
Трэба рабіць усё, каб захоўваць сваю беларускасць
У эміграцыі, першае, што пачаў шукаць Віталь, — беларусаў, бо надалей карцела нешта рабіць, працягваць супраціў. Праўда, напачатку сустракаў вельмі розных землякоў.
— Мне проста ўсё роўна хочацца пераменаў. Але што зрабіць, каб іх наблізіць? Нейкага рашэння няма. Проста разумееш, што трэба рабіць усё, каб захоўваць сваю беларускасць, трэба развіваць беларускую дыяспару, рабіць нейкі свой унёсак дзеля гэтага.
Думкі аб Беларусі не адпускаюць, але…
Што датычыцца адаптацыі ў чужой краіне, Віталь кажа, што нейкіх цяжкасцяў не адчуў, паколькі працуе на аддаленні, заробак дазваляе пражыць.
— Вось з польскай мовай у мяне плюс-мінус, але прысутнічае нейкі страх, што калі будзеш больш камунікаваць з палякамі, то гэта цябе са сцежкі беларускай збочыць. Таму магу сказаць, што я дрэнна па-польску размаўляю. У мяне ёсць суседзі палякі, з якімі я магу перакінуцца некалькімі словамі, але каб удзельнічаць у польскім жыцці — гэтага ў мяне няма. Я хутчэй зацыклены на беларускім.
З іншага боку, Віталь разумее, што жывучы ў Польшчы, трэба ведаць польскую мову, трэба камунікаваць і арыентавацца ў тым, што вакол цябе адбываецца. Праўда, думкі аб Беларусі не адпускаюць.
— Для мяне самае складанае, што ў Беларусі зараз такая сітуацыя. Мне хацелася б, каб усе людзі, якіх я ведаю, якіх шмат пазнаў падчас пратэстаў, якія падчас святаў цяпер віншуюць адзін аднаго, з якімі проста кантактуем, каб усе яны мелі магчымасць ізноў сустрэцца ў Беларусі. Ды і там усе мае родныя, якія таксама цяпер не могуць прыехаць да мяне. У асноўным я сумую па людзях, па блізкіх і родных…
Віталь дадае, што пачаў задумвацца аб тым, ці вернецца назад у Беларусь, хаця вельмі хоча. Паводле яго, пакуль побач знаходзіцца такая агрэсіўная Расія, якая лічыць Беларусь тэрыторыяй свайго ўплыву, цяжка будзе збудаваць насамрэч незалежную дзяржаву.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце далучаны гукавы файл!