Беларуская Служба

«Кліенты будуць плакаць. Вы не ўяўляеце, што тут будзе, калі гэтую забарону прымуць» – у Варшаве хочуць забараніць продаж алкаголю ноччу

09.07.2024 17:07
Забарона альбо абмежаванне на продаж алкаголю ў начны час дзейнічае ў Гданьску, Закапанэ, Познані, Уроцлаве і іншых польскіх гарадах.
Кругласутачная алкагольная крама ў польскім горадзе БыдгашчPAP/Tytus Żmijewski

У Варшаве разглядаюць магчымасць увядзення забароны на продаж алкаголю з 22:00 да 6:00 гадзіны. Актуальна ў польскай сталіцы – 6 тыс. 227 пунктаў, дзе прадаецца алкаголь, але новая забарона больш за ўсё закране начныя і кругласутачныя крамы, паведамляе партал wp.pl.

«Гэта трэба даўно зачыніць. У многіх людзей дзень ператварыўся ў ноч», – кажа супрацоўніца крамы ў раёне Макотаў, у якой кругласутачна прадаецца алкаголь. Яна лічыць, што, магчыма, калі б увялі начную забарону, то «людзі крыху супакоіліся б». «Яны могуць прыходзіць па адно піва ўсю ноч, а не адразу купляць, напрыклад, некалькі штук. Спадзяюся, што гэтая забарона пройдзе», – гаворыць жанчына.

Падобнага меркавання прытрымліваюцца і жыхары дамоў, размешчаных па-суседску. «Тое, што часам бывае тут ноччу, нармальнаму чалавеку цяжка зразумець. Крыкі па выхадных – гэта ўжо стандарт», – кажа жыхар Варшавы.

Але ёсць і праціўнікі ўвядзення забароны. Супрацоўнік кругласутачнай крамы ў варшаўскім цэнтральным раёне Срудмесце гаворыць, што толькі дзякуючы начному продажу ім удаецца выжыць на рынку. Ён дадае, што забарона мела б сэнс, калі б яна тычылася буйных гандлёвых кампаній і АЗС. Для людзей, якія трымаюць адну альбо дзве невялікія крамы, гэта прамы шлях да банкруцтва.

Журналісты парталу таксама наведалі некалькі алкагольных крам у раёне Прага, які лічыцца рабочым раёнам. «Кліенты будуць плакаць. Вы не ўяўляеце, што тут будзе, калі гэтую забарону прымуць», – кажа супрацоўніца адной з кругласутачных крамаў.

Продаж алкаголю забаронены з поўначы да 5:30 у Кракаве. Абмежаванні дзейнічаюць з 1 ліпеня 2023 года. Згодна са статыстычнымі дадзенымі, пасля ўвядзення забароны колькасць выклікаў паліцыі скарацілася на 47%, а муніцыпальнай паліцыі – амаль на 30%.

Забарона альбо абмежаванне на продаж алкаголю ў начны час дзейнічае, між іншым, у Гданьску, Катавіцах, Закапанэ, Ольштыне, Познані і Уроцлаве.

вс