Гарады з дрэннай якасцю паветра і насельніцтвам у больш за 100 тысяч чалавек будуць абавязаныя стварыць зоны чыстага транспарту. Такія палажэнні прадугледжваюць папраўкі ў Закон аб электрамабільнасці, праект якіх вынесены на грамадскае абмеркаванне ў Польшчы.
Апрача стварэння зоны чыстага транспарту Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя хоча абавязаць найбуйнейшыя гарады купляць для гарадскога транспарту толькі аўтобусы з нізкім узроўнем выкідаў.
Прэс-сакратар Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Губерт Ружык(Hubert Różyk), кажа, што мэта такіх дзеянняў – скараціць выкіды ад транспарту. Ён адзначае, што найбуйнейшыя гарады краіны павінны будуць стварыць зоны чыстага транспарту тады, калі яны перавысяць стандарты якасці паветра:
- Згаданы абавязак будзе распаўсюджвацца толькі на гарады з насельніцтвам у больш за 100 тысяч жыхароў, у якіх, паводле звестак Галоўнай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя, будзе перавышаны дапушчальны сярэднегадавы ўзровень дыяксіду азоту (NO2). Паводле дадзеных за 2023 год, такі абавязак будуць мець Варшава, Катавіцы, Кракаў і Вроцлаў. Гарады змогуць прыняць рашэнне аб ліквідацыі зоны чыстага транспарту, калі на працягу трох гадоў запар не будзе перавышана дапушчальная норма забруджвання паветра.
Прадстаўнік Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя падкрэслівае, што мясцовыя ўлады будуць самі вызначаць правілы дзейнасці зонаў:
- Гэта яны вырашаюць пра тое, якой будзе тэрыторыя зоны і якім транспартным сродкам будзе дазволены ўезд у яе. Гэта муніцыпалітэты праводзяць комплексную палітыкі ў гэтай галіне і гэта яны будуць вырашаць пра выключэнні. Умовай стварэння зоны чыстага транспарту будуць кансультацыі з жыхарамі.
Праект закона таксама прадугледжвае абавязак набываць для гарадскога транспарту аўтобусы з нулявым выкідам муніцыпалітэтамі з насельніцтвам у больш за 100 тысяч чалавек, Верхнесілезскай агламерацыяй і арганізацыямі, якія прадастаўляюць муніцыпалітэтам паслугі грамадскага транспарту, кажа прэс-сакратар Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Губерт Ружык:
- Найбольшыя выклікі, калі гаворка ідзе пра скарачэнне выкідаў ад гарадскога транспарту, стаяць перад гарадамі, у якіх пражывае больш за 100 тысяч жыхароў. Гэта па іх рухаецца каля 80 працэнтаў усіх аўтобусаў у Польшчы. Зараз гарады закупляюць каля 500 аўтобусаў у год, таму, паводле ацэнак, тэрмін абнаўлення аўтапарку складзе прыкладна 16 гадоў.
Губерт Ружык адзначыў, што падчас абнаўлення аўтапарка мясцовыя ўлады змогуць скарыстацца падтрымкай з нацыянальных фондаў і фондаў ЕС.
Нагадваем, першая ў Польшчы зона чыстага транспарту з 1 ліпеня дзейнічае ў Варшаве. Яна ахоплівае плошчу ў 37 квадратных кіламетраў горада, у тым ліку значную частку цэнтральнага раёна сталіцы (Śródmieście ) і часткі прылеглых раёнаў.
Пазбягаць згаданай зоны павінны аўтамабілі з дызельным рухавіком, выпушчаныя да 2005 года, і бензінавым, выпушчаныя да 1997 года. Дзейнічае таксама шмат выключэнняў, напрыклад, для школьных аўтобусаў, гістарычных аўтамабіляў і аўтамабіляў, якія належаць пажылым людзям, якім больш за 70 гадоў.
Уезд у зону чыстага транспарту на аўтамабілі, які не адпавядае нормам, можа пацягнуць за сабой штраф у памеры 500 злотых (больш за 117 еўра).
Дырэктар Управы муніцыпальных дарог Лукаш Пухальскі(Łukasz Puchalski) сказаў, што за праверку аўтамабіляў адказвае паліцыя і муніцыпальная паліцыя:
- За зонай будуць сачыць муніцыпальная паліцыя і паліцыя. Праверка стандарта EURO ў аўтамабілі будзе чарговым элементам падчас дарожнай інспекцыі. Мы будзем карыстацца таксама адмысловым маніторынгам, які дапаможа ўступна вызначыць аўтамабілі для праверкі на конт стандарта рухавіка.
Прадстаўнік сталічных уладаў Барташ Пілат(Bartosz Piłat) супакойвае, што ўвядзенне зоны чыстага транспарту не азначае неабходнасці купляць новы аўтамабіль:
- Гэта не мусіць быць новы аўтамабіль – я не ведаю адкуль такое памылковае меркаванне. Аўтамабіль з бензінавым рухавіком, выпушчаны ў 2010 годзе, то бок аўтамабіль, якому 14 гадоў, можа спакойна рухацца па Варшаве цягам васьмі бліжэйшых гадоў. Гэта не выдаткі, якія не па сілах чалавеку, які наогул можа сабе дазволіць на ўтрыманне аўтамабіля.
Не ўсе жыхары Варшавы задаволеныя новымі правіламі:
- Я не думаю, што гэтыя правілы будуць выконвацца. Зона тычыцца 20-гадовых аўтамабіляў, а я такіх не бачу на вуліцах Варшавы. Таму, паводле мяне, увядзенне зоны чыстага транспарту не мае значэння. Апрача таго, надоечы я пабываў у Германіі, дзе гэтак званыя «зялёныя зоны» дзейнічаюць ужо даўно і там ніхто іх не паважае.
Актывіст арганізацыі Polski Alarm Smogowy (гэта ініцыятыва, якая абʼядноўвае грамадскія рухі, заклапочаныя дрэннай якасцю паветра ў Польшчы) Пётр Сергей (Piotr Siergiej) адзначыў, што істотнага паляпшэння якасці паветра можна чакаць праз два гады і гэта будзе спрыяць паляпшэнню здароўя жыхароў сталіцы:
- Калі ў выпадку дызельных аўтамабіляў павысім стандарт выкідаў выхлапных газаў з гэтак званых EURO 4 на стандарт EURO 5, то гэта дасць выразнае паляпшэнне якасці паветра. Нагадваю, у выпадку рухавіка стандартам EURO 5 – гэта ў пяць разоў меншае забруджанне паветра, чым у выпадку EURO 4. Запэўніваю, розніцу мы пабачым і адчуем.
Паводле даследавання, праведзенага кампаніяў Sixt Polska, увядзенне зонаў чыстага транспарту заахвоціла 44 працэнты кіроўцаў задумацца аб змене аўтамабіля. Перш за ўсё, гэта пад увагу бяруць кіроўцы з гарадоў, у якіх пражывае больш за 50 тысяч чалавек.
Навука пацвярджае, што забруджванне паветра цесна звязана з ростам захворвання і смяротнасці ў асноўным з-за сардэчна-сасудзістых хваробаў.
IAR/аз