Падчас лістападаўскіх вучэнняў група мірных жыхароў, якія гралі дыверсантаў, неаднаразова «ліквідавала» вайскоўцаў тэрытарыяльнай абароны. Манеўры «Павет-2023» сімулявалі ўмовы вайны. Уяўным дыверсантам удалося заняць або «падарваць» будынкі, якія абаранялі вайскоўцы – чытаем на старонках выдання Onet. Да апошняга эпізоду вучэнняў армія ўвогуле не падыходзіла. А потым яна запатрабавала прыбраць сваіх вайскоўцаў з кадраў.
Вучэнні праходзілі ў Прушкаўскім павеце пад Варшавай. Акруга наняла спецыяльную роту, якая фіксавала ход дзеянняў падчас вучэнняў. «Павет – 2023» – гэта першыя ў Польшчы вучэнні з удзелам арганізацый тэрытарыяльнай абароны і з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі ў горадзе ў такім маштабе. Іх задача – праверыць абарону мясцовых жыхароў і барацьбу супраць дыверсантаў ва ўмовах вайны. Вучэнні таксама зладжаныя з мэтаю праверыць баяздольнасць тэрытарыяльных адзінак абароны. Яны правалілі гэты іспыт.
Сцэнар вучэнняў: ідзе наступ на горад Прушкаў Мазавецкага ваяводства. Ахова мэрыі ад дыверсантаў даручана Войскам тэрытарыяльнай абароны (ВТА). Перад будынкам стаяць два аўтамабілі з салдатамі. Перш чым абаронцы паспяваюць зрабіць які-небудзь рух, дыверсанты падбягаюць да адной з машын і кідаюць унутр «гранаты». Асабовы склад адной з машын ліквідаваны.
З другой машыны выскокваюць першыя салдаты – прама пад агонь дыверсантаў. Іх «ліквідуюць» па чарзе. Астатніх «забіваюць», кідаючы ў грузавік «гранаты». За паўтары хвіліны дыверсанты «знішчаюць» усіх абаронцаў будынку.
Як гэта было магчыма, калі ўзяць пад увагу, што салдаты на вучэннях былі сапраўднымі, а ў ролі дыверсантаў выступалі аматары, якія па выхадных гуляюць у армію – задаецца пытаннем аўтар.
нг