Ва ўзросце 57 гадоў творца трагічна загінуў у лукашэнкаўскай турме, куды яго кінулі пасля падзей восені 2020-га года, калі рэжым у Беларусі пачаў масавыя рэпрэсіі. Алесь Пушкін мог застацца за мяжой, але выбраў шлях вяртання ў Беларусь, які скончыўся трагічна.
Уначы з 10 на 11 ліпеня мінулага году ў шпіталі памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін. Прычынай яго смерці стала несвоечасовае аказанне медычнай дапамогі. Мастак быў асуджаны на пяць гадоў турмы за дэманстрацыю яго карцін на выставе ды перформанс у Кіеве вясной 2021 года. У зняволенні ў Алеся Пушкіна адкрылася язва, у непрытомным стане пад канвоем яго прывезлі ў бальніцу, але было позна — ён памёр на аперацыйным стале.
На думку праваабаронцаў у выпадку з Алесем Пушкіным маглі мелі месцы катаванні ды неаказанне медыцынскай дапамогі. Такія злачынствы не маюць тэрміну даўнасці, зазначае праваабаронца Зміцер Салаўёў.
- Калі гэта наўмысныя дзеянні, гэта адназначна катаванне і бесчалавечнае абыходжанне. Тут не могуць быць тэрміны даўнасці, бо катаванні забароненыя. Людзі маюць два абсалютныя права: свабода ад катавання і свабода ад рабства. Ніхто ніколі не можа быць катаваны. Гэтае права не падлягае абмежаванню ды выключэнню. Выпадкі смерці ад неаказання медычнай дапамогі – гэта дзікасць у ХХІ-м стагоддзі.
Алесь Пушкін стаў вядомы ў Беларусі ў 1990-ыя гады, пасля правядзення перформансу «Гной для прэзідэнта» (1999) і пасля роспісу царквы ў вёсцы Бобр, дзе на фрэсцы сярод грэшнікаў у пекле быў намаляваны Лукашэнка. Алесь Пушкін быў вельмі яркай хоць і супярэчнай асобай, кажа мастак ды арганізатар выстаў прац Алеся Пушкіна Андрэй Дурэйка.
Андрэй Дурэйка
- Я ведаю Алеся з канца 1980-ых гадоў. Ужо тады Алесь быў выразнай постаццю ў беларускім мастацтве. Ён быў вельмі цікавай, але радыкальнай і супярэчнай асобай для шмат каго. Я думаю, што кожны з нас у нечым з ім пагаджаўся, адчуваў павагу, з іншага боку, заўсёды былі спрэчкі з ім. На маю думку, сваёй смерцю ён аб'яднаў усе супярэчнасці ды паставіў вялікую кропку, пасля якой мы можам казаць пра вялікую постаць Алеся як мастака, які аддаў жыццё за свае ідэі.
У Варшаве рыхтуецца новая выстава прац Алеся Пушкіна ў Музеі Вольнай Беларусі. Адкрыццё запланавана на 6 жніўня, кажа Андрэй Дурэйка.
- Я лічу Алеся вельмі сучасным мастаком. Мне важна паказаць яго асобу, як мастака, які не цураўся палітычных тэм. Менавіта таму выстава будзе мець медыяльны характар. Гэта будзе працяг той мовы, якой ён сам карыстаўся. Гэтая выстава будзе актам працягу яго дзеянняў. Таму яна называецца Ales Pushkin. AFTERLIFE. Гэта больш адэкватны падыход для Алесева пачуцця жыцця, для яго памкнення да жыцця і радасці. Наша мэта – паказаць, што мастак не маўчыць, нават мёртвы.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч