Варшава рыхтуецца да адзначэння 80-й гадавіны адной з самых трагічных падзей у найноўшай польскай гісторыі. 1 жніўня 1944 г. паводле загаду ўраду Польшчы на выгнанні ў Варшаве паднялося паўстанне, скіраванае супраць нямецкай акупацыі і падсцёбнутае жаданнем захаваць палітычную субʼектнасць перад абліччам надыходзячай Савецкай Арміі. Да трагічнай гадавіны ў польскай сталіцы праходзіць шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў.
«Марыня» – санітарка, «Эльжбета» – сувязная, «Казік» – камандзір роты, «Мышка» – кур’ер, гэта толькі некаторыя з удзельніц Варшаўскага паўстання, пра каго адкрыта выстава «Гераіні сярод герояў» (Bohaterki wśród bohaterów), якую падрыхтавала Варшаўскае аддзяленне Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы ў сувязі з 80-й гадавінай Варшаўскага паўстання. Выставу пад адкрытым небам можна ўбачыць у Скверы імя Гувера ў Варшаве, які знаходзіцца па суседству з Замкавай Плошчай.
Дырэктар Варшаўскага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Томаш Лабушэўскі адзначыў, што выстава прысвечана незвычайным і трагічным жаночым долям:
–На гэтай выставе прадстаўлены, у тым ліку, жанчыны, якія яшчэ падчас здабыцця незалежнасці вырашылі прысвяціць сваё жыццё аднаўленню польскай дзяржаўнасці. Яны сталі прыкладам новага пакаленне, якому давялося рэалізоўваць свае патрыятычныя памкненні ва ўмовах гітлераўскай акупацыі, ва ўмовах канспірацыі ў акупаванай Варашаве. Менавіта гэтыя, маладыя на той час дзяўчыны, з большага прадстаўлены на выставе.
Дарадца дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Ян Юзэф Каспшык падкрэсліў, што гэтая выстава нагадвае пра непахіснасць жанчын, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць Польшчы:
–Гэтыя дзяўчыны, жанчыны лічылі службу для Польшчы, як падчас міру, так і перад усім падчас вайны за святы абавязак. Яны ставіліся да незалежнасці, як да найвялікшай каштоўнасці. Падчас нямецкай, а пазней савецкай акупацыі, яны ведалі, што не час задаваць пытанні навошта, чаму, за колькі, а час ахвяраваць сябе для свабоды будучых пакаленняў.
Гэта даніна павагі тым жанчынам, якія праз вялікія патрыятычныя пачуцці былі гатовыя змагацца за незалежную Польшчу і свабодную Варшаву. Значную частку паўстанцаў складалі жанчыны, – кажа прадстаўніца Варшаўскага аддзялення Інстытуту нацыянальнай памяці Івона Спалэк:
–Нярэдка за свой гераізм і самаахвярнасць яны плацілі жыццём. Каля 800 санітарак загінулі або былі забітыя. Загінула таксама больш за 300 сувязных. Пасля капітуляцыі паўстання ў палон трапіла каля 2,5 тыс. жанчын.
Палажэнні пагаднення аб капітуляцыі давалі ім правы ваеннапалонных, аднолькавыя з правамі мужчын. Загадам камандавання ім таксама прысвойваліся воінскія званні.
Сын адной з гераінь выставы Анджэй Рэйман не хаваў гонару і ўзрушанасці падчас ушанавання памяці ў тым ліку, яго маці.
–Я вельмі ўзрушаны, бо бачу тут на Кракаўскім Прадмесці партрэт маёй матулі – Юліі Дактаровіч-Хрэбніцкай, сувязной у атрадзе «Радаслава».
Хачу падзякаваць арганізатарам гэтай выставы, бо я перакананы ў тым, што вельмі важна пераказаць наступным пакаленнем паслання пакалення маёй маці – мары трэба здзяйсняць.
Яны марылі пра свабоду. Іх мара была акупленая крывёй. Хачу, каб наступныя пакаленне чэрпалі сілы з ідэалізму пакалення варшаўскіх паўстанцаў.
1 жніўня 1944 г. да Варшаўскага далучыліся каля 7 тысяч жанчын-жаўнераў Арміі Краёвай, і больш за 12 000 удзельніц паўстання без непасрэднай прыналежнасці да падпольных структур Арміі Краёвай. Гэта было каля 20% усіх удзельнікаў баявых дзеянняў падчас паўстання.
Слухайце аўдыё!
эж