Беларуская Служба

Клаўдыя Зваліньская заваявала першы медаль для Польшчы на Алімпіядзе ў Парыжы

30.07.2024 07:40
Польшча ўпершыню прыняла ўдзел у Летніх Алімпійскіх гульнях 100 гадоў таму – у 1924 годзе. Дарэчы, тады яны праходзілі таксама ў Парыжы.
Аўдыё
  • Клаўдыя Зваліньская заваявала першы медаль для Польшчы на Алімпіядзе ў Парыжы
        K1
Польская спартоўка заваявала сярэбраны медаль у фінале спаборніцтваў K1 па веславанні на байдарках на Алімпійскіх гульнях у ПарыжыPAP/EPA/ALI HAIDER

Клаўдыя Зваліньская заваявала першы медаль для Польшчы на Алімпіядзе ў Парыжы. Гэта першы раз у гісторыі, калі польская зборная заваявала медаль у спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ на летніх Алімпійскіх гульнях.

Польская спартоўка заваявала сярэбраны медаль у фінале спаборніцтваў K1 па веславанні на байдарках на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Полька паказала час 97,53 сек. Золата заваявала аўстралійка Джэсіка Фокс (96,08 сек.), а бронзу – брытанка Кімберлі Вудс.

Пасля перамогі з Клаўдыяй паразмаўляў карэспандэнт Польскага радыё. Ён запытаў у дзяўчына, ці гатовая яна да таго, каб прызвычаіцца быць алімпійскай чэмпіёнкай?

- Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Пакуль што я радуюся, мне проста не хапае слоў! Я пачула, што гэта першы медаль для Польшчы, бо на момант спаборніцтваў я адключылася ад сацыяльных сетак, таму што хацела засяродзіцца на сваёй працы. Я жадаю сваім калегам, каб верылі ў сябе і ў свае магчымасці, бо мары спаўняюцца. Я ў сябе верыла, верыла, што магу справіцца з задачай. І так здарылася – збылося ўсё, што я запланавала. Але поспеху чакала не толькі я – увесь вяслярны слалам чакаў гэтага медаля больш за 20 гадоў. Я ў шоку, што прывязу яго зараз. Я вельмі задаволеная!

Яшчэ перад спаборніцтвам у спартыўным асяроддзі гаварылі, што калі першы медаль, дык хутчэй за ўсё медалісткай стане Клаўдыя Зваліньская.

- Так, я чула, што людзі разлічвалі на мяне. Мне гэта давала надзею і сілы. Прыемна, што ў мяне верылі. Заўзятары ведаюць, які спартовец мае шанцы на перамогу, а спартовец адчувае гэтую энергію, іх падтрымку. І гэта вельмі важна, важна для спартоўцаў, бо для іх гэта рэальная падтрымка.

Калі назіраць за выступленнем, то яно выглядала выдатна і ў чвэрць фінале, і ў паўфінале, але бадай што найлепш – у фінале.

- Я бы сказала, што цягам усяго выступлення я старалася трымаць высокі ўзровень выступлення. Я шмат рыхтавалася, і, як мне здаецца, дзякуючы гэтаму ўдалося добра выступіць у кожнай частцы. Дзякуючы досведу я навучылася, што пасля чвэрцьфіналу ці паўфіналу радавацца рана – трэба ісці да канца. Я задаволеная, што на пачатку выступлення мне ўдалося з пакорлівасцю падыйсці да яго, астудзіць эмоцыі, і, як мне здаецца, дзякуючы гэтаму заваяваць алімпійскі медаль.

Джэсіка Фокс прайшла трасу за 96,08 сек. Ці рэальна было б пабіць гэты час?

- Можна пабіць. Слалам – гэта гульня памылак, тут няма ідэальнага часу. Мы з Джэсікай выступаем на падобным узроўні, часта здараецца, што мяняемся месцамі. Яна – фенаменальная спартоўка, а з мінула году мне ўдалося падцягнуць свой узровень. Яна – адна з найлепшых спартовак у гісторыі Аўстраліі ў сваёй катэгорыі. А тое, што я з ёй спаборнічаю на такім жа ўзроўні, дае мне сілы і шмат аптымізму. Цяпер я павінна крыху сцішыць свае эмоцыі, бо паслязаўтра я пачынаю спаборніцтвы на каноэ і ўжо цяпер думаю пра барацьбу. Апетыт, так бы мовіць, ёсць на нешта большае, у мяне класная каманда, таму будзем працаваць.

Польшча ўпершыню прыняла ўдзел у Летніх Алімпійскіх гульнях 100 гадоў таму – у 1924 годзе. Дарэчы, тады яны праходзілі таксама ў Парыжы. Стагоддзе назад палякі заваявала адзін бронзавы і адзін сярэбраны медалі. Зборную краіны прадстаўлялі 65 атлетаў, у тым ліку 1 жанчына, якія бралі ўдзел у 38 спаборніцтвах па 10 відах спорту.

вс

слухайце аўдыёфайл