Беларуская Служба

Фундацыя «Кут» цяпер мае свой сапраўдны кут

02.08.2024 12:31
Фундацыя «Кут» працуе дзеля таго, каб даць магчымасць сустрэч людзям, якія з'ехалі з Беларусі, і разам пазнаваць і абмяркоўваць мастацтва.
Аўдыё
  • Фундацыя «Кут» цяпер мае свой сапраўдны кут
Заняткі ў фундацыі «Кут» radyjo.net

Мы падалі заяўку і забыліся пра яе…

Беларуская фундацыя «Кут» у Познані рэалізуе праекты, накіраваныя на беларускую супольнасць. Фундацыя канцэнтруе вакол сябе беларускае культурніцкае асяроддзе. Нядаўна яны займелі ўласнае памяшканне.
Адна з сузаснавальніц і найбольш актыўная ўдзельніца фундацыі Вольга Стрыжнёва не хавае радасці, паказваючы два пакоі на паддашшы ў старым горадзе.

Выдзеліў нам гэта горад. Гарадская структура абвясціла напачатку года конкурс для ініцыятыў НДА. Мы падалі заяўку, але асаблівых спадзяванняў не мелі, бо лічылі, што ахвотных будзе шмат. Чатыры месяцы нічога не было чуваць, і мы нават забыліся пра гэты конкурс. А тут раптам атрымліваем адказ, што мы адна з сямі арганізацый, якія атрымалі памяшканне. Нам хацелася адразу пераехаць, але праз розныя бюракратычныя нюансы давялося трохі пачакаць. Цяпер не можам нарадавацца. Нават гэта сціплая мэбля, якая дасталася ад сяброў, робіць пакоі цалкам функцыянальнымі.

Раней мы не маглі зрабіць такой выставы

Вольга распавядае, што ў новых памяшканнях ужо правялі першыя майстар-класы. І, вядома, адчуванні прыемныя, паколькі цяпер яны ні ад каго не залежаць.

– Так, ужо быў майстар-клас тут, і на адкрыццё новай прасторы сабралася каля 30 чалавек. Нехта прыйшоў проста паглядзець. Да нас ходзяць розныя людзі: і тыя, хто займаецца танцамі, і з «Моладзевага блоку». Часам складана зразумець, хто наш, але думаю, што ўсе нашы. Мы спадзяёмся, што будзе вельмі цікава. Зараз рыхтуемся да фотавыставы. Фатограф выстаўляецца пад псеўданімам, і я пакуль не буду разгалошваць падрабязнасці. Раней мы не маглі зрабіць гэтую выставу, бо чакалі на нейкую прастору з пустымі белымі сценамі, каб усё выглядала эстэтычна. Таксама важна, што ўсе папяровыя справы цяпер робяцца тут на месцы. Мы можам спакойна раскласці дакументы, запрасіць каго-небудзь пагаварыць, пераглядзець справаздачы. Гэта вельмі важна для нас. І мы дагэтуль не можам паверыць, што калі хочацца зладзіць майстар-клас, мы можам зрабіць гэта хоць заўтра. І гэта вельмі файна.

Праекты фундацыі «Кут» звязаныя з супольнасцю, якая сфармавалася ў кавярні «Мы», кажа Вольга, і большасць іх там раней і рэалізавалася. Там малявалі, чыталі вершы, спявалі, вышывалі і проста размаўлялі.

Мы не хочам проста праводзіць нейкія заняткі дзеля таго, каб паказаць, што мы фундацыя. Мы хочам прадастаўляць творчым людзям прастору, бо ведаем, што цікавыя думкі нараджаюцца часта ў сумесным правядзенні часу. Наша асяроддзе тут – мастакі, фатографы, іншыя творчыя людзі. І важна даць ім магчымасць нешта рабіць тут, бо не ўсё лёгка зрабіць дома: няпроста раскласці алейныя фарбы, пакінуць працу на заўтра. Пакуль не ведаем, ці будуць людзі прыходзіць, але хочам навучыць аўдыторыю, што тут у любы час можна прыйсці, нешта стварыць і заняць сябе.

. 

Мы вучым дзяцей быць свабоднымі

Цікаўлюся ў Вольгі, ці працягваюць яны займацца з дзеткамі і чаму іх цяпер вучаць.

Мы нічаму іх не вучым, акрамя таго, каб быць свабоднымі дзецьмі. Гэта ў прынцыпе і ёсць вартасць галерэі, дзе мы праводзілі заняткі. Тут можна бегаць, нешта нават сапсаваць, калі так атрымалася, рабіць тое, што хочацца. Мы прапануем дзецям цікавыя ідэі, а яны маюць магчымасць не пагадзіцца і проста прабегаць цэлую гадзіну. Пакуль што ўсе займаюцца з намі і малююць, а калі нехта адмовіцца, то гэта яго права. Стараемся, каб на занятках было не больш за 10 дзяцей, бо аднаму выкладчыку вельмі цяжка з імі. Яны прыходзяць з бацькамі, але часам даводзіцца амаль кожнаму дапамагаць асвоіць нейкую тэхніку малявання. Для мяне гэта вялікі крок у кірунку ідэальнай майстэрні для дзяцей, бо многія праекты, якія часта падтрымліваюцца, патрабуюць канкрэтнай мэты і выніку. Але я лічу, што сапраўдную творчасць у дзіцяці можна выхаваць толькі, калі ты даеш яму свабоду і кажаш: я так умею, і калі ты захочаш, магу цябе навучыць. А калі не захочаш, то маеш права выбіраць.

Падсумоўваючы нашу размову, Вольга адзначае, што і надалей у новым памяшканні галоўная мэта фундацыі – даць магчымасць сустрэч людзям, якія з’ехалі з Беларусі, каб разам пазнаваць і абмяркоўваць мастацтва.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё

.