Беларуская Служба

Паляк рыхтуецца да палёту на Міжнародную касмічную станцыю

09.08.2024 19:26
У конкурсе Еўрапейскага касмічнага агенцтва на астранаўта паляк Славаш Узнаньскі перамог 22 тысячы кандыдатаў.
Аўдыё
  • Славаш Узнаньскі рыхтуецца да палёту на Міжнародную касмічную станцыю
Славаш Узнаньскіarchiwum PAP/Jakub Kaczmarczyk

Пачаўся чарговы этап падрыхтоўкі да касмічнай місіі, у якой прыме ўдзел польскі астранаўт. Славаш Узнаньскі адправіўся ў амерыканскі Х'юстан у штаце Тэхас на практычную частку падрыхтоўкі. Галоўнай задачай паляка будзе правядзенне даследаванняў, якія падрыхтавалі арганізацыі і навуковыя адзінкі польскага касмічнага сектара. Да гэтага часу Еўрапейскае касмічнае агенцтва закантрактавала 7 эксперыментаў, а чарговыя дамовы чакаюць подпісаў.

 "Гэта будуць вельмі напружаныя дні на Міжнароднай касмічнай станцыі", сказала ў эфіры Польскага радыё прэс-сакратар Польскага касмічнага агенцтва Агнешка Гапыс. Спланавана шэраг эксперыментаў, а іх удзельнікам будзе польскі астранаўт з Лодзі.

- Частка з гэтых эксперыментаў будуць тычыцца даследавання таго, які ўплыў аказвае на чалавека працяглае знаходжанне ў космасе ў абмежаванай прасторы, як гэта ўплывае на псіхічны стан, на мікрабіён кішак астранаўтаў, таксама на імунную сістэму чалавека.

У конкурсе Еўрапейскага касмічнага агенцтва на астранаўта паляк Славаш Узнаньскі перамог 22 тысячы кандыдатаў.

Д-р Славаш Узнаньскі ў лістападзе 2022 быў выбраны запасным астранаўтам, але цяпер ён ужо з'яўляецца астранаўтам задзейнічаным у праект ЕКА. Некалькі месяцаў пасля конкурсу ў інтэрв'ю Польскаму радыё навуковец падкрэсліў, што палёт на арбіту ён лічыць адначасова цудоўным і жахлівым. Узнаньскі падкрэслівае, што неабходна падрыхтавацца фізічна да ўмоваў, якія пануюць у космасе і таму прыходзіцца інтэнсіўна займацца трэнінгамі дзеля таго, каб прабыванне на касмічнай станцыі не пакінула трывалага адбітка на здароўі.

- У мяне, канешне, вялікі рэспект да знаходжання ў ракеце. Гэта вялізарная энергія, якая ўздзейнічае на астранаўтаў, усё можа здарыцца. Людскі арганізм не створаны для жыцця ў космасе, мы створаны для жыцця ў зямной атмасферы. Бальшыня адмоўных эфектаў зварачальная, для гэтага патрэбная падрыхтоўка і трэнінг.

У склад каманды місіі акрамя паляка ўваходзяць двое амерыканцаў, венгр і індус. Усе чальцы каманды павінны яшчэ атрымаць канчатковае адабрэнне ад камітэта адказнага за міжнародную касмічную станцыю. У яго склад уваходзяць амерыканскае НАСА, Еўрапейскае касмічнае агенцтва, расійская карпарацыя Роскосмас, японскае агенцтва JAXA і канадскае касмічнае агенцтва CSA.

Старт місіі запланаваны ў наступным годзе з Kenedy Space Centre ў Фларыдзе.

Удзел паляка ў гэтай місіі з'яўляецца вынікам падпісанай Міністэрствам развіцця і тэхналогій і Еўрапейскай касмічнай станцыяй дамовы аб падрыхтоўцы і ажыццяўленні польскай тэхналагічнай місіі.

Падрыхтоўка працягваецца з верасня мінулага году. У траўні Славаш Узнаньскі гаварыў, што падрыхтоўка вельмі інтэнсіўная і ён яе праходзіць на трох кантынентах.

 - У мяне ужо была нагода ўдзельнічаць у палётах у бязважкасці - гэта падрыхтоўка да адчування мікрагравітацыі, бязважкасці ў касмічнай прасторы. Я чакаю на тое, што ў мяне яшчэ наперадзе - комплекснае навучанне з НАСА, з кампаніяй SpaceX, буду знаёміцца як працуе капсула Драгон і ракета Falcon 9. Вялікую частку падрыхтоўкі займае праца ў НАСА і азнаямленне з Міжнароднай касмічнай станцыяй. Буду таксама праходзіць падрыхтоўку ў Еўрапейскай касмічнай лабараторыі Columbus і ў падрыхтоўчым цэнтры на касмічнай станцыі у Японіі.

Д-р Славаш Узнанскі верагодна прыме ўдзел у касмічнай місіі, якая будзе доўжыцца два тыдні. Яе мэтай будзе правядзенне на касмічнай станцыі больш дзясятка эксперыментаў, распрацаваных польскімі навукоўцамі.

Падчас місіі, у тым ліку, пройдзе проба эксперыменту познаньскіх даследчыкаў. Каманда д-р Марэка Крафта распрацоўвае сістэму штучнага інтэлекту, які зможа працаваць у космасе. Інжынеры плануюць выкарыстаць сістэму ў кіраванні вялікай колькасцю марсаходаў.

"Гэты невялікі транспартны сродак апошнім часам атрымлівае вялікую папулярнасць і мы хочам гэтым скарыстацца", кажа д-р Марэк Крафт.

- Бальшыня марсаходаў нагадвае цацачны аўтамабіль з дыстанцыйным кіраваннем, і калі такіх аўтамабіляў з'явяцца тысячы, то складана будзе знайсці столькі людзей, каб імі ўпраўляць. Нашая ідэя заключаецца ў тым, каб марсаходам даць трохі аўтаноміі, каб яны самі маглі назіраць за атачэннем і каб можна было неяк сістэмна імі кіраваць.

Першапачаткова планавалася, што Касмічная місія адбудзецца сёлета восенню, але цяпер палёт плануецца арганізаваць у 2025 годзе. Калі д-р Узнаньскі перакрочыць г.зв. лінію Кармана - гэта ўмоўная мяжа паміж атмасферай Зямлі і касмічнай прасторай, ён стане другім палякам, які паляцеў у космас.  Першым быў касманаўт Міраслаў Гермашэўскі, які выйшаў у арбіту ў 1978 г.

яс/Эва Плісецка