Беларуская Служба

83 гады таму ў Савецкім Саюзе была створаная польская Армія Андэрса ФОТА/ВІДЭА

10.08.2024 06:02
Найбольш геройскім учынкам польскіх салдат і афіцэраў была Бітва пад Монтэ-Касіна ў Італіі.
Аўдыё
  • 83 гады таму ў Савецкім Саюзе была створаная польская Армія Андэрса
   .  , 1941  1942 ..
Салдаты арміі генерала Андэрса. Савецкі Саюз, 1941 альбо 1942 г.г. крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe/Ministerstwo Informacji i Dokumentacji rządu RP na emigracji/грамадскі набытак

11 жніўня гэтага года адзначаюцца дзве важныя даты ў гісторыі Польшчы, звязаныя з асобай генерала Уладзіслава Андэрса: 132-годдзе з дня яго нараджэння і 83-годдзе даты, калі ён быў павышаны ў званні да дывізійнага генерала ды атрымаў прапанову прыняць камандаванне польскім войскам у СССР. А 14 жніўня 1941 года былі створаныя Польскія ўзброеныя сілы ў СССР, якія называюць Арміяй Андэрса.

Дывізійны генерал Уладзіслаў Андэрс. 1943 альбо 1944 г.г. 	Крыніца: Centralne Archiwum Wojskowe, copy Polish Institute and Sikorski Museum/грамадскі набытак
Дывізійны генерал Уладзіслаў Андэрс. 1943 альбо 1944 г.г. Крыніца: Centralne Archiwum Wojskowe, copy Polish Institute and Sikorski Museum/грамадскі набытак

Армія Андэрса (Armia Andersa) - умоўная назва фармаванняў узброеных сіл Польшчы, створаных у канцы лета 1941 года на тэрыторыі СССР па пагадненні паміж савецкім урадам і польскім урадам у выгнанні. Армія была створаная з польскіх грамадзян, якія знаходзіліся на тэрыторыі СССР, у тым ліку бежанцаў, ваеннапалонных салдат і афіцэраў Войска Польскага і амніставаных зняволеных. Стварэнне арміі было даручанае польскаму генералу Уладзіславу Андэрсу, які быў узяты ў савецкі палон у 1939 годзе.

Нагадаем найважнейшыя факты з пачатку фармавання войска генерала Андэрса.

Паварот у біяграфіі генерала і сотняў тысяч палякаў, зняволеных у лагерах у СССР, наступіў пасля пачатку савецка-германскай вайны ў чэрвені 1941 гады. У выніку адбылася поўная змена палітычнай стратэгіі Савецкага Саюза ў адносінах да заходніх краін, перш за ўсё Вялікабрытаніі і Францыі, ды польскага эміграцыйнага ўраду ў Лондане. У выніку пагаднення, заключанага 30 ліпеня 1941 года паміж польскім урадам і Крамлём (г.зв. пагадненне Сікорскага-Майскага), адносіны паміж дзвюма краінамі былі адноўленыя.

Generał Władysław Anders
Generał Władysław Anders

Генерал Андэрс быў вызвалены з турым 4 жніўня. 14 жніўня 1941 года было падпісанае польска-савецкае ваеннае пагадненне, якое дазволіла сфармаваць польскую армію. На яго аснове генерал Уладзіслаў Андэрс, разам з нядаўна вызваленымі афіцэрамі, якім ён давяраў (генерал Зыгмунт Богуш-Шышка і палкоўнікі Леапольд Акуліцкі ды Нікодэм Сулік), пачаў арганізоўваць першыя дзве дывізіі. Стварэнне войска ішло з вялікімі цяжкасцямі, бо не хапала зброі, абмундзіравання і харчавання.

Стан салдат, якія з'явіліся на зборныя пункты, быў вельмі кепскім. Першыя ваенныя базы былі сфармаваныя ў сяле Тоцкае, пасёлку Чкалаў і горадзе Бузулук Арэнбургскай вобласці, а таксама ў Тацішчаве Саратаўскай вобласці. У пераважнай большасці ў армію ішлі вызваленыя з лагераў і турмаў палякі, якія былі хворыя і знясіленыя. На зборныя пункты прыбылі не толькі вайскоўцы, але і шмат цывільных: моладзь, жанчыны і дзеці.

Польскія дзеці ў Арміі Андэрса. Узбекістан, 1942 года крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Польскія дзеці ў Арміі Андэрса. Узбекістан, 1942 года крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Генерал Андэрс і яго падначаленыя прыклалі шмат намаганняў, каб забяспечыць усіх гэтых людзей медыцынскай дапамогай, харчаваннем і дахам над галавой. Сярод тысяч дзяцей было шмат сірот. Вайскоўцы вельмі клапаціліся пра дзяцей: для іх былі арганізаваныя бальніцы, дзіцячыя дамы, школы. Савецкія ўлады давалі жыллё і харчаванне толькі для арміі. Абяцанні савецкіх уладаў адносна паставак прадуктаў рэдка выконваліся, і ўсё ж польскія салдаты без ваганняў дзяліліся сваім хоць і бедным харчовым запасам з грамадзянскім насельніцтвам.

Штаб арміі і большасць салдат ды афіцэраў знаходзіліся ў мясцовасці Янгіюль каля Ташкента. Астатнія былі размеркаваныя ў розных усходніх рэгіёнах Савецкага Саюза. Так, 5-я пяхотная дывізія дыслакавалася ў Джалал-Абадзе ва ўсходнім Кыргызстане, 6-я пяхотная дывізія - у Шахрысабзе на поўдні Узбекістану, 7-я пяхотная дывізія – у Керміне (цяпер Наваі) у цэнтральным Узбекістане недалёка ад Самарканду. У сваю чаргу 8-я пяхотная дывізія была размешчаная ў населеным пункце Пахта (раней Чок Пак) у Казахстане, а 9-я пяхотная дывізія - у Ферганскай даліне Узбекістану. Такім чынам, польскія вайсковыя падраздзяленні былі раскіданыя па ўсёй Сярэдняй Азіі.

Сяло Тоцкае, зіма 1941 года. Салдаты 6-й пяхотнай дывізіі арміі Андэрса на вучэннях. Крыніца: press service of Polish Army in the East/грамадскі набытак
Сяло Тоцкае, зіма 1941 года. Салдаты 6-й пяхотнай дывізіі арміі Андэрса на вучэннях. Крыніца: press service of Polish Army in the East/грамадскі набытак

З гэтых месцаў армія генерала Андэрса пачала эвакуацыю праз Іран пры падтрымцы Вялікабрытаніі. Першы этап пачаўся з лагераў у Ташкенце і Янгіюлі: людзей перавозілі на цягніку да порта Краснаводск на Каспійскім моры, а пазней – на суднах да іранскага порта Пехлеві. Эвакуацыя завяршылася да канца жніўня 1942 года.

У сакавіку і жніўні 1942 года праз Узбекістан у Іран былі дастаўлены 116 тыс. 543 чалавек, у тым ліку 78 тыс. 631 салдат і афіцэраў, або каля 10% палякаў, дэпартаваных у СССР пасля 17 верасня 1939 года. Эпідэміі касілі хворых, знясіленых і галодных салдат і мірных жыхароў. З лютага па жнівень 1942 года загінула каля 3 тыс. 100 вайскоўцаў і яшчэ больш мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей.

Баявы шлях Арміі Андэрса вёў праз Блізкі Усход у Еўропу, дзе палякі адважна змагаліся з немцамі. А найбольш геройскім учынкам польскіх салдат і афіцэраў была Бітва пад Монтэ-Касіна ў Італіі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу