Ванду Марыю Блэньску называюць «Маці пракажоных». Польская лекарка, падпаручнік Арміі Краёвай, місіянерка, сусветнавядомая спецыялістка ў лячэнні праказы, Слуга Божая Каталіцкага касцёла.
Ванда Блэньска нарадзілася ў 1911 годзе. Ужо сталай і сфармаванай асобай яна адправілася на місіянерскую працу ў Афрыку і ўпісалася ў адну з найпрыгажэйшых старонак польскага місіянерства.
У Польшчы Ванда атрымала медычную адукацыю, у Гановеры і Леверпулі вучыла трапікальную медыцыну, працавала ў шпіталях у Торуні і Гдыні, на пачатку вайны ўступіла ў шэрагі Арміі Краёвай, атрымала званне падпаручніка.
Лекарка з самай маладосці марыла аб тым, каб працаваць місіянеркай. У тыя часы для жанчыны, якая не была манахіняй, і была незамужняй, гэта была цалкам нерэальная мара, расказвае Маніка Дэйнека-Бялкоўска, суаўтарка кнігі “Апосталы Афрыкі”:
-Доктар Ванда Блэньска пісала, што, імкнучыся паехаць на місіянерскую працу, яна павінна была б пайсці ў манастыр, але яна ўвогуле не мела такога паклікання, ці закахацца і выйсці замуж, што таксама не здарылася. Гэта паказвае, перад якім складаным выбарам яна стаяла. Жыццё склалася так, што яна сустрэла айца Рабінсона, які выслухаў яе мары і жаданні, і падказаў, што зрабіць, каб трапіць у Афрыку.
Ванда Блэньска едзе ва Уганду ў амаль 40-гадовым узросце. Увесь гэты час быў часам падрыхтоўкі да паездкі ў Афрыку. У кнізе Ванда Блэньска паказаная, як асоба паслядоўная і дальназоркая, асоба, якая апярэджвала свой час:
-Як казала сама Ванда Блэньска, падрыхтоўка да місіянерскай працы не саспявала ў ёй, яна звычайна была. Гэта вельмі паказальна і нечувана. “Яно ўсё жыццё ўва мне было”. Гэта была паслядоўная падрыхтоўка ў гарцэрстве, быцці добрай вучаніцай, атрыманні навуковых ведаў. Але яна сама падкрэслівала, што без сэрца гэтая навука была б пустой.
Ванду Блэньску віншуюць са 100-годдзем
Лекарка пакідае папярэдняе жыццё і пачынае дзейнасць, поўную ахвярнасці. У 1951–1994 гадах працавала ў цэнтры лячэння праказы ў Булубе на возеры Вікторыя ва Угандзе, у 1951–1983 гадах была галоўным урачом. Першапачаткова невялікая ўстанова, якой кіравалі ірландскія францысканкі, пад яе кіраўніцтвам ператварылася ў сучасны лячэбны і навучальны цэнтр з бальніцай на 100 ложкаў і дзіцячым аддзяленнем, дыягнастычнымі магчымасцямі, дамамі для пракажоных і касцёлам, які цяпер носіць яе імя.
У дзейнасці Ванды Блэньскай быў асабліва бачны наватарскі падыход у спосабе лячэння мясцовых жыхароў. Ён быў цэласны. Яна сама пісала, што лечыць людзей, хворых на праказу, а не праказу, расказвае Маніка Дэйнека-Бялкоўска:
-“Я лячыла цэлага чалавека, з яго болем, сімптомамі хваробы, лячыла наступствы хваробы, але лячыла і яго душу”. Канечнасці пасля праказы дэфармуюцца, яна клапацілася аб тым, каб пацыент атрымаў пратэз. Каб чалавека прынялі ў яго супольнасці, бо праказа выключала з грамадскага жыцця.
Адзін з яе супрацоўнікаў казаў, што доктар Ванда лячыла не толькі чалавека, але лячыла і хворую сітуацыю, якая была ва Угандзе. Гэта было пераадоленне пэўных межаў у ментальнасці людзей. Праказа выключала з грамадства, а Блэньска вяртала людзей у супольнасць, а найперш вяртала ім іх годнасць.
Цэнтр, які стварыла доктар Ванда Блэньска, стаў адным з самых важных у свеце цэнтраў лячэння праказы, кажа суаўтар кнігі “Апосталы Афрыкі” Міхал Бялкоўскі:
-Асоба Ванды Блэньскай была пэўным феноменам у сусветным маштабе. На працягу дзясяткаў гадоў яна стварыла ў Булубе, малой мясцовасці, шпіталь, які вядомы ў свеце, як выключнае месца на мапе Афрыкі, у які прыязджалі хворыя на праказу з вельмі далёкіх куткоў краіны, а адначасова гэта быў шпіталь, дзе дапамагалі і ў выпадку іншых хваробаў. Там стараліся справіцца з цяжкай медычнай сітуацыяй, калі на адлегласці сотняў кіламетраў не было ніводнага лекара і амаль ніякай дапамогі медсёстраў. Яна ў вельмі кароткі час была прымушаная стаць спецыялістам у галіне ўнутраных хвароб, гінекалогіі, дэрматалогіі і оталарынгалогіі. Навучылася праводзіць розныя аперацыі, часта вельмі складаныя. З цягам часу яна станавілася ўсё больш вядомая, і ўсё больш добразычлівых людзей яе падтрымлівалі. Гэта дапамагло разбудаваць шпіталь. Пляцоўка магла не толькі прымаць большую колькасць пацыентаў, але там стажыраваліся маладыя лекары. Там навучаліся медсёстры і медбраты, там яны атрымлівалі першую практыку.
Доктар Ванда Блэньска прынесла ў той свет іншую ментальнасць, якая дапамагала супрацьстаяць каланіяльным стэрэатыпам. Сваімі паводзінамі яна намагалася пераадолець расісцкія забабоны. Доктар Ванда не дзяліла нікога па нацыянальнасці, для яе ўсе былі адной сям’ёй тых, хто пакутуе.
За шматгадовую працу яе празвалі «Маці пракажоных», а мясцовыя жыхары называлі яе Доктай.
У 1993 годзе вярнулася ў Польшчу і пасялілася ў Познані. Памерла ў 2014 годзе.
У кастрычніку 2020 году пачаўся працэс прызнання доктар Ванды Блэньскай святой.
ав
слухайце аўдыё