Беларуская Служба

З верасня дзеці з Украіны абавязаныя наведваць польскія школы. Але застаецца шмат нявызначаных момантаў

27.08.2024 13:10
Вучні з Украіны павінны вывучаць польскую мову, але дадатковыя грошы прыйдуць  мясцовым уладам у наступным годзе. Педагогі павінны прайсці дадатковае навучанне, але ў студзені.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjne Shutterstock

У верасні ў польскія класы ў абавязковым парадку пойдуць вучні з Украіны, але сёння ніхто не ведае, колькі іх будзе, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Выданне нагадвае, што з верасня дзеці ўцекачоў з Украіны (за выключэннем тых, хто ў 2024/25 навучальным годзе здае ўкраінскую атэстацыю) будуць абавязаныя вучыцца ў польскай сістэме адукацыі. Абавязковае школьнае навучанне будзе звязана з выплатай 800 плюс дапамогі.

Паводле міністра адукацыі Барбары Навацкай, пакуль невядома, колькі вучняў пойдзе ў польскія школы. Паводле ацэнак Міністэрства нацыянальнай адукацыі, гэтая лічба можа вагацца ад 20 да 40 тысяч, а паводле ўкраінскіх — нават 160 тысяч.

Выданне нагадвае, што ўкраінскія дзеці, якія абавязаныя цяпер вучыцца ў польскай школе,  маюць права, сярод іншага, на дадатковыя, бясплатныя заняткі польскай мовы. Але пакуль толькі 60 працэнтаў украінскіх вучняў скарысталіся гэтай магчымасцю.

Прэзідэнт Цэнтра грамадзянскай адукацыі доктар Енджэй Віткоўскі (Jędrzej Witkowski), якога цытуе рэдакцыя, адзначыў, што ёсць патрэба ў выкладанні польскай мовы як замежнай.

«На сённяшні дзень гэта адзіны прадмет, які не мае базавай праграмы. Таму няма канкрэтнай кваліфікацыі настаўнікаў, якія павінны яго выкладаць, няма падручнікаў, зацверджаных Мінадукацыі і іх фінансавання»,  — дадаў ён.

У адпаведнасці з папраўкай у спецыяльны закон аб дапамозе грамадзянам Украіны, з верасня ў школах прадугледжвалася з’яўленне міжкультурных асістэнтаў.

Міністэрства адукацыі не выдзяляла дадатковых сродкаў на працаўладкаванне асістэнтаў. Гэтая пазіцыя была проста ўнесеная ў спіс працоўных месцаў у праекце змяненняў у палажэнне аб аплаце працы служачых мясцовых органаў улады, які знаходзіцца на апрацоўцы ў Мінпрацы і сацыяльнай сферы. Чакаецца, што дадатковыя грошы, як вынікае з паведамлення Мінадукацыі, павінны паступіць органам мясцовага самакіравання ў новым каляндарным годзе.

Таксама ў адпаведнасці з паведамленнем Міністэрства адукацыі запланавана дадатковае навучанне, псіхолага-педагагічная падтрымка педагогаў. «Але гэта план, які пакуль не рэалізаваны»,  — адзначае DGP.

Віткоўскі паведаміў, што навучанне настаўнікаў будзе арганізоўваць Цэнтр развіцця адукацыі. «З паведамлення міністэрства вынікае, што яны пачнуцца ў студзені. Чакаем падрабязнай інфармацыі і рашэнняў па гэтым пытанні»,  — дадаў ён.

Выданне піша, што на пачатак жніўня ў банку вакансій у адукацыйнай сферы была адна аб’ява аб прыёме на пасаду асістэнта. Дагэтуль, як адзначаецца, у школах іх наймалі пераважна няўрадавыя арганізацыі.

вх