Паводле інфармацыі актывістаў, якія дапамагаюць кінутым сабакам і катам, летам колькасць бяздомнай жывёлы павялічваецца прыкладна на адну траціну. Аб гэтым шырока пісалі СМІ 26 жніўня, у Міжнародны дзень сабакі, прыводзячы выказванні валанцёраў і супрацоўнікаў прыродаахоўных арганізацый. Па словах старшыні Варшаўскага аддзялення Таварыства аховы жывёл Нэлі Бенек (Nelly Bieniek), агулам сітуацыя хатняй жывёлы паляпшаецца, але даволі павольна.
- На жаль, усё яшчэ вельмі шмат людзей ставіцца да жывёлы, быццам бы гэта проста рэч, а не жывая істота. Яны бяруць сабаку ці ката, трымаюць, пакуль яны маленькія, а пазней – выкідваюць. Мы, наша арганізацыя, пастаянна ладзім акцыі, у якім заклікаем не кідаць жывёлу. Такія акцыі мы ладзім кожны год.
Старшыня Таварыства апекі над жывёламі Міхал Дамброўскі (Michał Dąbrowski) адзначае, што маштаб бяздомнасці сабак у Польшчы змяншаецца. Сярод жыхароў краіны пашыраецца свядомасць, што рашэнне пра тое, каб узяць дадому сябра на чатырох лапах, неабходна вельмі старанна прадумаць. У гэтым важную ролю выконваюць сродкі масавай інфармацыі, а таксама актывісты, якія распаўсюджваюць веды аб тым, як цяжка жывёлы пераносяць страту гаспадароў. На працягу навучальнага года таварыства таксама стараецца вучыць адказнасці вучняў - дзяцей у садках і школах ды падлеткаў у старэйшых класах.
- Мы ладзім адукацыйныя праграмы ў дзіцячых садках і пачатковых школах на тэрыторыі ўсёй Польшчы. Кожны год у гэтых праграмах удзельнічае звыш ста тысяч дзяцей і моладзі. Кантакт з дзецьмі ў садках і школах значна прасцейшы, чым з дарослымі людзьмі або пажылымі асобамі. Да маладых людзей у нас ёсць падыход, і ёсць таксама рэакцыя з іх боку, існуе адпаведны трэнд сярод моладзі. Мы гэта бачым.
Паводле падлікаў Таварыства аховы жывёлаў, у польскіх прытулках для бяздомных сабак знаходзіцца больш за 92 тысячы жывёл, а яшчэ каля 75 тысяч жыве на вуліцы. Калі новыя падлікі будуць праведзеныя пасля канікул, якія неўзабаве закончацца, гэтая лічба можа быць яшчэ большай.
Міжнародны дзень сабакі – гэта добрая нагода, каб пазмагацца за правы жывёлы. Актывісты нагадвалі ў гэты дзень, што яны збіраюць подпісы пад законапраектам па ўнясенні змяненняў у Закон аб абароне жывёл. Для разгляду папраўкі ў Сейме (ніжэйшай палаце парламенту) неабходна сабраць сто тысяч подпісаў. Пакуль што ўдалося сабрана каля 30 тысяч, а да канца збору засталося менш за месяц. Подпісы па ўсёй Польшчы збіраюць арганізацыі, якія займаюцца абаронай жывёл і ўваходзяць у камітэт заканадаўчай ініцыятывы «Стоп ланцугам, псеўдафермам і беспрытульнасці жывёл», – тлумачыць каардынатар варшаўскай інспекцыі жывёл Анна Ястшэмбска (Anna Jastrzębska).
- Гэта праект па ўнясенні зменаў у закон аб ахове жывёлы. Мы, разам з іншымі – між іншым, фундацыямі Viva! і Akcja Demokracja (Акцыя Дэмакратыя) падалі грамадзянскі законапраект у парламент. Галоўная задача – палепшыць лёс польскай жывёлы. Нам неабходна сабраць сто тысяч подпісаў. Часу няшмат – да 24 верасня, каб гэты праект трапіў на разгляд дэпутатаў. Гэта ініцыятыва, якая змагаецца, у прыватнасці, з трыманнем сабак на ланцугах. Пакуль што нам не хапае яшчэ шмат подпісаў, паколькі трэба іх збіраць асабіста, нельга гэта зрабіць дыстанцыйна. Так што гэта доўгі працэс. А засталося менш за месяц, каб сабраць яшчэ 70 тысяч. Таму мы запрашаем усіх неабыякавых людзей пашукаць на сайце www.prawadlazwierzat.pl інфармацыю, дзе можна паставіць свой подпіс. Кожны, хто хоча, каб лёс жывёлы быў лепшы, павінен прыйсці і паставіць свой подпіс, каб рэальна паўплываць на будучыню жывёл.
Мэта Міжнароднага дня сабакі - прыцягнуць увагу да праблемы бяздомных жывёл і прапагандаваць свядомы і адказны догляд за імі. У гэты дзень адбылася кампанія «Вазьмі дадому варшавяніна» (Adoptuj Warszawiaka), падчас якой валанцёры з прытулку «Paluch» дапамагалі знайсці сабаку ці ката, які стане сябрам і членам сям'і. Зараз у гэтым варшаўскім прытулку знаходзіцца 630 сабак і больш за 200 катоў. Асабліва цяжка знайсці новы дом для старых і хворых сабак.
IAR/нг