Беларуская Служба

Рэлігіі ў польскіх школах таксама няма каму выкладаць

28.08.2024 11:27
Вопытныя настаўнікі сыходзяць на пенсію, а моладзь не хоча вывучаць тэалогію.
ШколаTaken/pixabay.com/CC0 Public Domain

Каталіцкі касцёл пратэстуе супраць зменаў у арганізацыі заняткаў рэлігіі ў польскіх школах. Між тым, многія адукацыйныя ўстановы маюць праблемы з адсутнасцю дастатковай колькасці катэхетаў. Вопытныя настаўнікі сыходзяць на пенсію, а моладзь не хоча вывучаць тэалогію, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Нагадваем, рашэннем міністра адукацыі Барбары Навацкай з новага навучальнага года мяняецца арганізацыя заняткаў рэлігіі ў польскіх школах. Рашэнне кіраўніка Міністэрства нацыянальнай адукацыі выклікала абурэнне сярод настаўнікаў рэлігіі і касцельных іерархаў.

Асацыяцыя свецкіх катэхетаў накіравала прэзідэнту Анджэю Дудзе адмысловы ліст, у якім заклікала падаць скаргу на пастанову міністра ў Канстытуцыйны суд. Паводле арганізацыі, з 1 верасня 2024 года, у сувязі з уступленнем у сілу змяненняў, адбудзецца значнае скарачэнне штатаў настаўнікаў рэлігіі ў школах, то бок таксама раптоўная страта сродкаў да пражывання.

Аднак Dziennik Gazeta Prawna звяртае ўвагу на тое, што дырэктары школаў у Польшчы  маюць праблемы з пошукам катэхетаў, а ў банку прапаноў працы для настаўнікаў знаходзіцца больш за 200 вакансій для iх, у тым ліку найбольш у Мазавецкім ваяводстве – 54, Сілезскім - 23, Ніжнесілезскім - 22, Велікапольскім – 20, Малапольскім - 16, Паморскім - 13, Лодзінскім – 12, Люблінскім ваяводстве - 11, Апольскім – 7, Вармінска-Мазурскім - 6, у Любускім і Падляскім – па 4, Заходнепаморскім - 3, Падкарпацкім – 2 і найменш у Свентакшыскім ваяводстве - 1.

аз