У нядзелю, 1 верасня, споўніцца 85 гадавіна пачатку Другой сусветнай вайны. За такі доўгі перыяд часу надалей цалкам не вырашана пытанне поўнай кампенсацыі ахвярам нацысцкай Германіі. Колькасць людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў гітлераўскіх захопнікаў, імкліва змяншаецца, а ФРГ не спяшаецца з вырашэннем гэтага пытання.
За шмат дзясяткаў гадоў, якія прайшлі пасля Другой сусветнай вайны, так да канца і не ўдалося вырашыць пытанне фінансавай кампенсацыі палякам-ахвярам гітлераўскай Германіі. На працягу кіравання Польшчай партый правай арыентацыі на чале з групоўкай “Права і справядлівасць” (8 гадоў, да снежня 2023 года), у перамовах з прадстаўнікамі афіцыйнай Германіі часта закраналася пытанне рэпарацый палякам за страты, панесеныя ў часы Другой сусветнай вайны. Германія сцвярджала, што палякі адмовіліся ад ваенных рэпарацый пасля вайны. Неабходна памятаць, што з 1945 года і да пачатку 90-ых Польшча знаходзілася пад пратэктаратам Савецкага Саюза і не магла цалкам самастойна весці замежную палітыку.
Калі ў 1953 годзе ў ГДР пачаліся эканамічныя забастоўкі і пратэсты, СССР спыніў спагнанне з краіны ваенных рэпарацый, каб стабілізаваць сітуацыю. Неўзабаве ўлады Польскай Народнай Рэспублікі прадставілі рэзалюцыю, у якой гаварылася, што Германія ўжо выплаціла Польшчы кампенсацыю. На думку палітыкаў сённяшняй польскай апазіцыі, між іншым, Матэвуша Маравецкага, гэтая рэзалюцыя не мела статусу міжнароднай дамовы. “Гэтае пытанне шмат гадоў выклікае спрэчкі сярод гісторыкаў. Застаецца пытанне, наколькі сапраўднай увогуле была рэзалюцыя ПНР”, - падкрэсліў Маравецкі.
Дзейсны ўрад ужо не згадвае пытання рэпарацый. На дадзены момант сярод прыярытэтаў па пытанні кампенсацыі ад спадкаемцы Трэцяга Рэйху – Федэратыўнай Рэспублікі Германіі – з’яўляецца хуткае вырашэнне справы выплаты сродкаў тым ахвярам, якія засталіся яшчэ ў жывых, – падкрэсліў урадавы ўпаўнаважаны па справах польска-нямецкага супрацоўніцтва Кшыштаф Рухневіч (Krzysztof Ruchniewicz). Ён адзначыў, што падчас польска-нямецкіх кансультацый, якія адбыліся ў ліпені, быў падрыхтаваны шэраг розных прапаноў адносна таго, як павінны выглядаць далейшыя адносіны паміж двума краінамі. «Для нас у кантэксце сёлетняй гадавіны важна акцэнтаваць увагу на праблемах, якія тычацца Другой сусветнай вайны і яе наступстваў», — сказаў Рухневіч.
- З нагоды гістарычнай гадавіны, важна падкрэсліваць тыя пытанні, якія датычаць Другой сусветнай вайны і наступстваў Другой сусветнай вайны. Мы абмяркоўваем некалькі прапаноў, у тым ліку пытанне кампенсацыі яшчэ жывым ахвярам Трэцяга Рэйха і будаўніцтва нямецка-польскага помніка ў Берліне. Але не менш важным пытаннем з'яўляецца ўдзел Германіі ў агульнай палітыцы абароны і бяспекі.
Кшыштаф Рухневіч дадаў, што Германія зацікаўленая ў тым, каб Польшча была моцнай і бяспечнай дзяржавай. Адказваючы на пытанне аб кампенсацыях і рэпарацыях, ён падкрэсліў, што гэта пытанне выклікае вялікую цікавасць у грамадства. «У 1953 годзе Польшча адмовілася ад спагнання рэпарацый з Германіі, але ніколі не адмаўлялася ад кампенсацыі для сваіх грамадзян», — адзначыў ён. Паводле ягоных слоў, Германія не ўхіляецца ад пытання выплаты кампенсацыі.
- Я спадзяюся, што пытанне кампенсацыі будзе вырашана ў самыя кароткія тэрміны, таму што гэта тычыцца пажылых людзей, для якіх матэрыяльная дапамога вельмі важная. Мы робім усе неабходныя крокі, каб абодва ўрады прынялі адпаведнае рашэнне па гэтым пытанні. І каб перамовы былі хутка завершаныя прыняццем пазітыўнага рашэння.
Рухневіч сказаў, што, паводле ацэнак Фонду польска-нямецкага прымірэння, сярод жывых яшчэ знаходзіцца ад 60 да 80 тысяч ахвяр Трэцяга Рэйху. Гэта амаль удвая больш, чым меркавалася раней. Фонд перадаў у Міністэрства замежных спраў дадзеныя аб колькасці тых, хто павінен атрымаць кампенсацыі. Па інфармацыі МЗС, яно гатова кіраваць працэсам выплаты сродкаў.
Упаўнаважаны ўраду пачуў пытанні і пра рэпарацыі. Ён адказаў, што па рэпарацыях вядзецца толькі адна адкрытая справа - па вяртанні культурных каштоўнасцяў. «Астатнія пытанні вырашаны». Паводле слоў Кшыштафа Рухневіча, пытанне кампенсацыі з боку Германіі шматграннае, яно павінна мець тры элементы: кампенсацыя ахвярам, адукацыйны элемент — гэта значыць, будаўніцтва Нямецка-польскага дома і супольная палітыка абароны і бяспекі, часткова звязаная з вайной ва Украіне. Рухневіч адзначыў, што ўсе гэтыя элементы «абмяркоўваюцца», але найбольш актуальным з'яўляецца пытанне кампенсацыі, таму што людзі, якія павінны яе атрымаць, гэта асобы сталага ўзросту, і іх з кожным годам становіцца ўсё менш. Ягоным меркаваннем, папярэдні польскі ўрад не казаў пра пытанне кампенсацый, паколькі засяродзіўся на тэме рэпарацый.
PAP/IAR/нг