Беларуская Служба

Навучальны год пачынаецца канфліктам паміж Каталіцкім касцёлам і Міністэрствам адукацыі

01.09.2024 11:12
Сутнасць праблемы – змены ў форме навучання рэлігіі ў школах. 
Аўдыё
  • Навучальны год пачынаецца канфліктам паміж Каталіцкім касцёлам і Міністэрствам адукацыі
ШколаTaken/pixabay.com/CC0 Public Domain

Апошнія дзесяцігоддзі ўрокі рэлігіі ў Польшчы адбываюцца ў школах. Дзеці, бацькі якіх запісалі на ўрокі рэлігіі, мелі два ўрокі ў тыдзень, а адзнака з прадмету ўлічвалася ў сярэднюю адзнаку на канцы году.

Восенню ў краіне памянялася ўлада, кіруе кааліцыя Грамадзянскай платформы, Польшчы 2050 і Левых. У выбарчай кампаніі кааліцыя абяцала зменшыць колькасць рэлігіі ў школьнай праграме. Новай міністаркай адукацыі стала Барбара Навацка з Левых, якая стрымлівае свае выбарчыя абяцанні. Гэта, у сваю чаргу, выклікае супраціў Каталіцкага касцёла.

На самым пачатку прынятая пастанова, паводле якой адзнака з рэлігіі не будзе ўлічвацца ў сярэднюю, урокі рэлігіі павінны праводзіцца на пачатку ці на канцы дня, каб вучні, якія не ходзяць на рэлігію, не мелі фортак. З наступнага году Міністэрства адукацыі абяцае зменшыць колькасць урокаў з двух да аднаго.

Цяпер жа найбольшы супраціў Каталіцкага касцёла выклікала рашэнне, паводле якога з верасня плануецца аб'яднаць класы, у якіх на ўрок рэлігіі ходзіць менш за сем вучняў. Паводле пастановы, можна аб'ядноўваць класы 1-3, 4-6, 7-8.

Гэтае рашэнне ў адказ на петыцыі прэзідыума епіскапату і Польскай экуменічнай рады абскарджанае ў Канстытуцыйным судзе. Гэта зрабіла першая старшыня Вярхоўнага суда Малгажата Маноўска. У абгрунтаванні падкрэслівалася, што пастанова Міністэрства адукацыі не адпавядае, у тым ліку, Канкардату (дамовы паміж Ватыканам і Польшчай), Канстытуцыі і закону аб адукацыі.

Гэтай тэме было прысвечана пасяджэнне польскага епіскапату. Прэс-сакратар епіскапату ксёндз Лешэк Гэнсяк адзначае, што гэта важны крок да прыпынення змен у арганізацыі заняткаў рэлігіі:

-Біскупы падкрэслівалі ў дыскусіі, што гэтая пастанова і шкодная, і дыскрымінацыйная для дзяцей і моладзі. Акрамя таго, яна не адпавядае дзейнаму заканадаўству, яна можа быць крыніцай вельмі сур’ёзных наступстваў, звязаных з выхаваннем дзяцей і далёкабачнымі перспектывамі, якія можа мець кожны з бацькоў, які хоча выхаваць сваё дзіця паводле акрэсленай сістэмы каштоўнасцяў.

Старшыня Камісіі каталіцкага выхавання пры епіскапаце Польшчы біскуп Войцех Осял падкрэслівае, што Касцёл і біскупы адкрытыя да перамоваў з Міністэрствам адукацыі, каб разам шукаць пагадненне з павагай да закону. Ён падкрэслівае, што пастанова, выдадзеная Міністэрствам адукацыі 26 ліпеня без узгаднення з Касцёлам, шкодзіць вучням і настаўнікам:

-Гэта кепска, калі класы будуць спалучацца ў выглядзе, у якім прапануе пастанова: у пачатковай школе класы 1-3, у сярэдняй 4-6, 7-8. Па-першае, гэта стварае шмат цяжкасцяў у рэалізацыі праграмы навучання, значна ўскладняе працу настаўнікам рэлігіі. Вучні маюць права атрымліваць адукацыю, адпаведную для свайго ўзросту. Аб’ядноўванне класаў гэтаму не спрыяе.

Ксёндз Лешэк Гэнсяк падкрэслівае, што «выкладанне каталіцкай рэлігіі павінна адбывацца ў адпаведнасці з праграмай, распрацаванай касцельнымі ўладамі, а навучанне ў міжкласных групах па сваёй прыродзе будзе выкладацца інакш, чым было запланавана ў распрацаваных праграмах упаўнаважанымі царкоўнымі ўладамі. Гэта з'яўляецца парушэннем арт. 12 раздзел 2 Канкардату паміж Апостальскай сталіцай і Рэспублікай Польшча.

У лісце да Канстытуцыйнага суда, апублікаваным на сайце Вярхоўнага суда, старшыня Маноўска прызнала, што «няма сумнення, што новыя ўмовы і спосаб арганізацыі рэлігійнай адукацыі дзяржаўнымі дзіцячымі садкамі і школамі былі вызначаны міністаркай, адказнай за адукацыю і выхаванне у аднабаковым парадку, без дасягнення кансенсусу» з рэлігійнымі аб'яднаннямі.

Пастанова аб арганізацыі рэлігійнай адукацыі з’яўляецца законнай і палепшыць функцыянаванне школы. Яна забяспечвае большую свабоду ў арганізацыі плана ўрокаў, не ўводзіць ніякіх загадаў і не змяшчае рашэнняў, якія б ужо не выкарыстоўваліся, - сказала намесніцы міністаркі адукацыі Катажына Любнаўэр. -Зніжэнне колькасці вучняў, якія наведваюць урокі рэлігіі, узрастаючая праблема адсутнасці катэхетаў або навучання ў дзве змены — асабліва ў гарадах — з’явы, якія патрабуюць тэрміновага рэагавання міністра адукацыі. Пастанова аб унясенні змяненняў у Палажэнне аб умовах і спосабе арганізацыі рэлігійнага выхавання ў дзіцячых садках і дзяржаўных школах не ўводзяць ніякіх новых парадкаў.

Намесніца міністаркі растлумачыла, што ў пастанове захавана ранейшае палажэнне аб неабходнасці аб'яднання вучняў у міжкласныя групы толькі пры колькасці вучняў у групе менш за сем чалавек. Разам з тым была павялічана свабода дырэктараў школ і дзіцячых садоў у аб’яднанні вучняў у міжкласныя групы пры наведванні ўрокаў рэлігіі больш за сямі вучняў.

Дагэтуль, згодна з палажэннем, дзіцячыя садкі і школы арганізоўвалі заняткі па рэлігіі ў аддзяленні дзіцячага садка або ў школах, калі не менш за сем чалавек запісаліся на рэлігійнае навучанне. Калі на рэлігійнае навучанне запісвалася меншая колькасць дзяцей, дзіцячы сад і школа арганізоўвалі для іх навучанне ў міжкласнай групе.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры