44 гады таму, 30 жніўня 1980 года, камуністычныя ўлады ў асобе віцэ-прэм'ера Казімежа Барцікоўскага падпісалі пагадненне з удзельнікамі страйку Шчэцінскай суднаверфі на чале з Марыянам Юрчыкам. Гэта было адно з пагадненняў, якія спынілі хвалю забастовак у жніўні 1980 года. На наступны дзень (31 жніўня) пагадненне было падпісана ў Гданьску, 3 верасня ў Ястшэмбе-Здруй і 11 верасня ў Гуце Катовіцэ ў Дамброве Гурнічай.
У рамках пагадненняў улады пагадзіліся, сярод іншага, зарэгістраваць незалежныя самакіравальныя прафсаюзы, вызваліць палітвязняў, паставіць помнік ахвярам снежня 1970 года і правесці эканамічныя рэформы.
Забастоўкі ў Шчэціне пачаліся 18 жніўня на рамонтнай верфі «Parnica», а затым у суднаверфі імя Адольфа Варскага і суднаверфі «Gryfia». У другой палове дня ў галоўнай гасцінай верфі імя Адольфа Варскага адбыўся сход дэлегатаў забастоўчых калектываў. Быў абраны прэзідыум страйкаму, які ўзначаліў Мар’ян Юрчык.
У «36 патрабаванняў» у Шчэціне ўвайшлі амаль усе патрабаванні, выстаўленыя ў Гданьску, і ў першую чаргу — права на стварэнне свабодных прафсаюзаў.
21 жніўня пачаліся перамовы паміж урадавай дэлегацыяй і прадстаўнікамі 60 страйкавых камітэтаў з прадпрыемстваў Шчэціна ў асобе Мар’яна Юрчыка, Казімежа Фішбэйна і Мар’яна Юшчука.
Дэлегаты ад удзельнікаў страйку
Раніцай 30 жніўня ў гасцёўні верфі было падпісана пагадненне. Прамую трансляцыю падзеі вяло Польскае радыё ў Шчэціне. Мар'ян Юрчык сказаў рабочым, якія сабраліся на верфі:
-Рашэнні, якія мы разам прынялі, маюць значэнне для сітуацыі ў цэлай краіне. Мы разумеем вагу нашага дасягнення і гэта наш агульны поспех. Мы разумеем, што супольныя дамоўленасці – гэта толькі пачатак доўгай дарогі да паляпшэння стану нашай эканомікі.
Віцэ-прэм’ер Казімеж Барчыкоўскі, які прадстаўляў урад, заявіў у адмысловым тэлевыступе, што пагадненне з'яўляецца прыкладам таго, што востры сацыяльны канфлікт можна вырашыць праз дыялог:
-Мы актыўна дыскутавалі, тлумачылі небяспеку, якая можа ўзнікнуць у выніку празмерных патрабаванняў. Адначасова мы бралі пад увагу, што працэс аднаўлення можа палепшыць якасць нашага эканамічнага і грамадскага жыцця, калі будзе канструктыўная сіла.
Часы былі нялёгкімі для сем'яў бастуючых рабочых Шчэціна. Войтэку Вазняку было 12 гадоў, калі яго бацька ўдзельнічаў у акцыі пратэсту ў порце Шчэціна:
-Я памятаю, як мы з ежай бегалі ў порт, таксама ў суднаверфь, каб паглядзець, што адбываецца і там. Мы разносілі ўлёткі. Адчувалася атмасфера салідарнасці, Салідарнасці з вялікай літары.
Бацька Агнешкі Слівіньскай страйкаваў на Шчэцінскім кантэйнерным заводзе, потым на суднаверфі. Ёй тады было 9 гадоў:
-У той час мы не баяліся. Усе радаваліся, была надзея. Страх прыйшоў падчас ваеннага становішча, калі бацьку забралі з суднаверфі, больш за месяц мы не ведалі, што з ім адбываецца. Мы не ведалі, ці яго вывезлі, а былі чуткі, што яго вывезлі ў Сібір. А можа забілі… Мы нічога не ведалі.
Падпісанне пагаднення спыніла страйкі ў Заходнім Памор'і, у якіх прынялі ўдзел больш за 350 месцаў працы. Праз дзень, 31 жніўня 1980 года, СМІ паведамілі, што жыццё ў Шчэціне нармалізуецца:
-Камунікацыя ў горадзе дзейнічае нармальна. Як у кожную нядзелю працуюць дзяжурныя крамы, кінатэатры, кавярні. Карыстаючыся добрым надвор'ем гараджане адправіліся на адпачынак. Заўтра – нармальны працоўны дзень.
Два гады таму (2022) падчас цырымоніі з нагоды 42-й гадавіны падпісання жнівеньскіх пагадненняў на марской рамонтнай суднаверфі «Gryfia» ў Шчэціне адзін з удзельнікаў страйку 1980 года Рышард Баркоўскі нагадаў пра маштабы тых пратэстаў:
-Гэта быў спантанны і велізарны страйк. У страйку не ўдзельнічалі дзве асобы. Суднаверфь з вучылішчам налічвала агулам 5 тысяч чалавек. Гэта была велізарная лічба.
Шчэцінскія пагадненні тычыліся, між іншым, пераўтварэння стачачных камітэтаў у рабочыя камісіі, якія павінны былі правесці выбары органаў улады незалежных рабочых арганізацый. У пратаколе таксама гаварылася аб абароне асноўных правоў працоўных і грамадзян, забароне рэпрэсій супраць прафсаюзных і палітычных актывістаў, аб доступе Касцёла да СМІ.
Агулам жнівеньскія пагадненні дазволілі стварыць першы свабодны незалежны прафсаюз «Салідарнасць». Улады абавязаліся на працягу некалькіх месяцаў апублікаваць асноўныя палажэнні эканамічнай рэформы, увесці закон аб абмежаванні цэнзуры і разгледзець заявы людзей, звольненых з працы пасля забастовак 1970 і 1976 гадоў.
Жнівень 1980 году стаў штуршком для стварэння «Салідарнасці» і, адпаведна, сістэмных зменаў, якія прывялі да падзення Польскай Народнай Рэспублікі і іншых дыктатур з Усходняга блока, а таксама вяртання краіне суверэнітэту.
ав
слухайце аўдыё