Беларуская Служба

Колькасць мільянераў у Польшчы расце

02.09.2024 14:02
Хоць найбольш з іх надалей пражывае ў Мазовіі, то гэта не там фіксуецца самы прыкметны рост колькасці багацеяў.
ВаршаваSurprising_Shots/pixabay.com/CC0 Public Domain

Колькасць мільянераў у Польшчы павялічваецца з кожным годам. Зараз у краіне пражывае больш за 44 тысячы чалавек, якія зарабляюць, як мінімум, 1 мільён злотых у год. Найбольш мільянераў пражыве ў Мазовіі, але гэта не тут фіксуецца найбольш прыкметны рост колькасці багацеяў у параўнанні з мінулым годам, паведамляе тыднёвік Wprost.

Усяго ў Мазовіі пражывае 9 тысяч 583 мільянеры. Пра гэта сведчаць звесткі 16 падатковых установаў, на якія спасылаецца выданне. Не здзіўляе факт, што найбольшая канцэнтрацыя мільянераў у Мазовіі знаходзіцца ў Варшаве. У сталіцы пражывае 5 200 з іх.

 Другім ваяводствам у рэйтынгу па колькасці мільянераў з'яўляецца Малапольскае ваяводства. У гэтым рэгіёне пражывае 7 860 чалавек, якія зарабляюць не менш за 1 мільён злотых у год. Згаданае ваяводства выразна змяншае дыстанцыю ў дачыненні да Мазовіі. Летась у Малапольшчы фіксавалася 6 тысяч 794 мільянеры. Гэта азначае, што за год іх колькасць вырасла на 15 працэнтаў. Больш за ўсё мільянераў з Малапольшчы жыве ў Кракаве і ваколіцы Новага Сонча.



Наступныя ваяводствы ў рэйтынгу з найбольшай колькасцю мільянераў: Сілезскае, Вялікапольскае і Заходнепаморскае. Там пражывае па каля 3 000 чалавек, якіх можна назваць мільянерамі. Па каля 2 тысячы мільянераў пражывае ў Лодзінскім і Паморскім ваяводствах.

Хоць агулам група мільянераў у Польшчы павялічваецца, то ёсць таксама ваяводствы, дзе іх колькасць зменшылася. Паводле дадзеных, колькасць мільянераў у Польшчы скарацілася ў сямі ваяводствах: Паморскім, Куяўска-Паморскім, Падляскім, Апольскім, Сілезскім, Свентакшыскім і Люблінскім. Усяго ў Польшчы пражывае 44 тысячы 316 мільянераў. Гэта рост больш чым на 3,6 працэнта ў параўнанні з 2023 годам.

аз