Беларуская Служба

Жыхары польска-беларускага памежжа наракаюць на празмерную мілітарызацыю жыцця

24.09.2024 15:45
Ужо тры гады на беларуска-польскай мяжы працягваецца міграцыйны крызіс. За гэты час значна павялічылася прысутнасць супрацоўнікаў польскіх сілавых структур на памежжы Польшчы і Беларусі.
Аўдыё
  • Мілітарызацыя мяжы ў вачах мясцовых жыхароў
    .
Урачыстае інаўгурацыя аперацыі «Бяспечнае Падляшша». Ілюстрацыйны здымакFoto: Artur Reszko/PAP

Для абароны мяжы польскія ўлады прыцягнулі каля 10 тысяч чалавек. Гэта заўважальная лічба, для рэгіёну, дзе мае месца дэпапуляцыя.

Нелегальныя мігранты працягваюць штурмаваць польскую мяжу, спрабуючы трапіць з Беларусі на тэрыторыю ЕС. Сёлета сітуацыя рэзка пагоршылася. Колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы імкліва павялічваецца. На мінулым тыдні ўвогуле быў рэкорд - 800 спроб перайсці беларуска-польскую мяжу. Гэта максімум за апошнія 13 тыдняў.

Для абароны мяжы польскі бок ангажаваў значныя сілы. Сухапутны участак беларуска-польскай мяжы ахоўваюць больш за 2 тысячы супрацоўнікаў Памежнай аховы. У бліжэйшыя два гады запланавана павялічыць іх колькасць на 450 чалавек.

Да гэтага Памежнай службе дапамагаюць у сістэме вахтавай прысутнасці да 1,8 тысячы паліцыянтаў, 700  жаўнераў Войск тэрытарыяльнай абароны ды 5,5 тысяч жаўнераў Войска польскага (5,5 тысяч) у рамках аперацыі «Бяспечнае Падляшша». Агулам блізу 10 тысяч чалавек ахоўваюць 190 кіламетраў беларуска-польскай мяжы.

Пастаяннае знаходжанне тысяч чалавек на мяжы з Беларуссю – гэта заўважальна для гмін польска-беларускага памежжа.

Паводле дадзеных статыстычнага ўпраўлення ў Беластоку, сярэдняя шчыльнасць насельніцтва ў ваяводстве – 57 чалавек на кв.км, тады як на памежжы – ад 6 да 20 чалавек. Пры гэтым за апошнія гады занатавана найбольшае скарачэнне колькасці насельніцтва менавіта ў гмінах на мяжы з Беларуссю: Дубічы Царкеўне (на 21,7%), Чыжы (на 20,2%), Новы Двор (на 20,1%) і Кляшчэлі (на 20,0%).

Мы пацікавіліся ў мясцовых жыхароў, як у такой сітуацыі складваюцца іх адносіны з войскам, ці шырэй супрацоўнікамі сілавых структур прысутнымі на мяжы. Мясцовыя ўлады задаволеныя іх прысутнасцю. Гаворыць войт Белавежы Альберт Літвіновіч.

- Войска жыло ў гатэлях, у аграсядзібах. Яны карыстаюцца крамамі. Я думаю іх прысутнасць дала ўладальнікам даходы, якія не кожны турыстычны сезон забяспечыць. Жаўнер – гэта таксама чалавек, не магчыма кожнага з іх кантраляваць, да кожнага прыставіць наглядчыка, які будзе пільнаваць, што ён робіць, напрыклад, як хутка ён ездзіць. Цяпер мы бачым шмат жандармерыі, то бок вайсковай паліцыі, таму кантроль за імі павялічыўся.

Што тычыцца мясцовых жыхароў, ад іх гучаць нараканні на празмерныя праверкі ды непатрэбную дэманстрацыю сілы з боку вайскоўцаў.

Паўліна: Вялікіх канфліктаў няма. Ёсць непрыязь мясцовых жыхароў да паліцыі, якая праводзіць праверкі, ледзь не здзекуючыся. Больш за тое, паліцыянты адкрыта кажуць, што сам факт таго, што мы жывём каля мяжы, выклікае ў іх падазрэнні. Мы чулі гэта шмат разоў. Гэта паліцыянты з усёй Польшчы, якія мала ведаюць нашу тэрыторыю, не кажучы ўжо пра культурныя ўмовы. Таму часта здараецца, што калі вяртаешся з крамы ў Гайнаўцы ў памежную вёску, нам кажуць паказваць багажнік, нібыта мы можам перавозіць бежанцаў у глыб Польшчы. Аргумент, што я еду да мяжы, таму што я там жыву, - ігнаруецца. Мы маем справу з абсурдным пашырэннем сістэмы кантролю, якое закранае мясцовых жыхароў, якія далёкія ад кантрабанды. Няхай службы засяроджваюцца на тым, каб ліквідаваць кантрабандныя сеткі, звычайна міжнародныя, а не ставяць на скрыжаванне па 10 паліцыянтаў, каб кожнаму зазіраць у багажнік і правяраць, што той купіў у Бедронцы.

Наталля: Кожны дзень мы сутыкаемся з тым, што калі заканчваецца 12-гадзіннае дзяжурства нейкай арміі ці паліцыі, то яны два разы на дзень пралятаюць праз нашыя мястэчкі на сваіх машынах -  «бомбах» як іх у нас называюць, а мы павінны спыняцца і з'язджаць на ўзбочыну. Пашто гэтая дэманстрацыя, не ведаю. Або а 10-11 у вёсцы каля царквы, дзе жывуць старыя, стаіць ваенная машына. Навошта палохаць гэтых людзей, тым больш што тут нічога не адбываецца. 

Пры гэтым апытанні паказваюць, што большасць мясцовых жыхароў Белавежы і ваколіц сваё стаўленне да войска не змяніла (58%), альбо крыху палепшыла (22%). Пра пагаршэнне кажуць толькі 11%, тады як да палітыкаў 55% дэкларуюць пагаршэнне стаўлення, зазначае аўтар апытання даследчык з Гданьскага ўніверсітэту Аляксандр Казак.

- Летась мы праводзілі даследаванне ў Белавежы, і ў цэлым жыхары кажуць, што іх стаўленне і ўспрыманне Узброеных сіл, ВОТ, міліцыі і Памежнай аховы нават палепшылася, насуперак скаргаў мясцовых жыхароў і актывістаў аб парушэннях з боку супрацоўнікаў у форме. Аднак мы адзначылі лакальную незадаволенасць жыхароў уладамі. Увогуле, гаворка ішла пра неэфектыўнасць улады, яе неэфектыўнасць у вырашэнні крызісу на мяжы.

Пры гэтым людзі выказваюць пажаданне, каб войска магло дапамагчы мясцовым жыхарам у вырашэнні інфраструктурных праблем, тым больш, што сілавыя структуры актыўна карыстаюцца існуючымі сеткамі.

Паўліна: Калі ўзяць нашу гміну - Дубічы-Цэркеўныя, дзе жыве 1200 чалавек, і раптам у такой гміне з’яўляецца некалькі сотняў вайскоўцаў, яны пачынаюць карыстацца існуючай інфраструктурай водазабеспячэння, энергіі і тэлекамунікацый. Тут не трэба быць вялікім інжынерам, каб зразумець, што наяўная інфраструктура можа не справіцца. Акрамя таго, існуе праблема лічбавага выключэння, якая на працягу многіх гадоў была клопатам памежных гмін. Зараз у нас сітуацыя, калі сігнал, які і так быў слабы, дадаткова глушыцца, магчыма, каб ускладніць камунікацыю людзям, якія перасякаюць мяжу, і павялічыць верагоднасць таго, што службы іх зловяць. І як нам без сувязі весці бізнес і працаваць выдалена. У нас энергетычная сетка ў вельмі кепскім стане, узамен за гэтыя цяжкасці ніхто не выступіў з прапановай рэканструяваць сетку, рэканструяваць ачышчальныя збудаванні, а гэта ўсё пільныя патрэбы.

За апошнія гады значна вырасла прысутнасць супрацоўнікаў польскіх сілавых структур на памежжы Польшчы і Беларусі. Гэта рэгіён, які перажывае ў апошнія гады негатыўны дэмаграфічны трэнд - дэпапуляцыю, і з’яўленне тысяч чалавек заўважаецца. Вялікі канфліктаў у сілавікоў з мясцовымі няма, але ёсць нараканні на празмерныя праверкі ды кантроль, што раздражняе людзей.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч