Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Ніколі не лічыў эміграцыю нечым выключным»

30.09.2024 13:14
Эміграцыя для яго — проста працяг жыцця, але ў Беларусь хочацца.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: «Ніколі не лічыў эміграцыю нечым выключным»
Ілюстрацыя Фота: shutterstock.com

Было страшна глядзець, але я праз гэта не прайшоў

Лявон працуе ў сферы ІТ, хаця адукацыю ў Беларусі так і не скончыў — заставалася апошні курс, але пасля падзей 2020 года ён вырашыў лепей з'ехаць. Згадвае, што актыўным удзельнікам пратэстаў не быў, але глядзець на тое, што адбывалася, было цяжка.
— Было страшна на ўсё гэта глядзець і па тэлебачанні, і слухаць аповеды. Вельмі было крыўдна за людзей, балюча за іх. Праўда, я праз гэта не прайшоў.

Напачатку праблем не было, але потым стала не хапаць...

У Польшчы з асаблівымі праблемамі не сутыкнуўся, бо прыехаў па гуманітарнай візе, а потым хутка зрабіў від на часовае жыхарства.
— Працу шукаў — і пашанцавала. Я праграміст, прагледзеў вакансіі, хутка адгукнуліся і ўзялі на працу. У плане жылля таксама пашанцавала — знайшлі вельмі таннае, і жывём там дагэтуль. Легалізацыя прайшла без праблем. Хаця для многіх гэта складаныя працэсы, у мяне нечаканасцяў не было. Але з цягам часу адчуў, што не хапае сяброў з Беларусі, і з-за гэтага наступілі складаныя моманты. Часам не разумеў, у якім кірунку рухаюся як чалавек.

Дапамагаў бег

— І як ты вырашаў гэтую праблему?
— Пачаў бегаць, спрабаваў займацца іншымі актыўнасцямі, але дапамог толькі бег. Спрабаваў знайсці новыя сувязі, але я такі чалавек, што мне гэта цяжка.
— А ў Беларусі ў цябе шмат сяброў было?
— У тым і сэнс, што сяброў было не шмат і там, але мне іх вельмі бракавала. Там былі сапраўдныя сябры, і тут без іх было цяжка.

Усё ў нашай падсвядомасці

Няпросты перыяд у Лявона працягваўся некаторы час. Ён спрабаваў у вольныя дні падарожнічаць па краіне, знаёміўся з новымі гарадамі, але адчуваў, што гэта не яго занятак. З часам прыйшоў да высновы, што такія працэсы ўнутры сябе можна кантраляваць сваёй падсвядомасцю.
— Быў такі стан, калі хацелася сябе пашкадаваць, але цяпер я разумею, што гэтага можна пазбегнуць і ўспрымаць усё больш адэкватна. Калі раней мог заганяцца з думкамі, што няма нармальных знаёмых і буду сумаваць увесь дзень, то цяпер разумею, што проста я такі чалавек. Гэта мае асаблівасці, і тут няма нічога дрэннага. Я магу гэта змяніць, але пакуль мне не трэба. У мяне ёсць іншыя заняткі, і лепей на іх звярнуць увагу.

Асаблівай розніцы не заўважаю

Цікава, што з часам яму стала ўсё роўна, дзе жыць: у Беларусі ці ў Польшчы. Маўляў, калі б не было тут працы, а там яе можна было б лёгка знайсці, то, магчыма, вярнуўся б.
— Калі я жыў у Мінску, горад падабаўся, там таксама добрыя камунікацыі, крамы, банкі, шпіталі — асаблівай розніцы не бачу.
— Так, але ж тут іншая краіна, іншая культура...
— Наконт культуры думаю, што каб яе добра зразумець, трэба добра жыць і ў беларускай, і ў польскай культурах. А я і дома мала кантактаваў з людзьмі. Хадзіў на заняткі ва ўніверсітэт — там звычайныя, адэкватныя людзі. Такіх самых бачу і тут на працы. Асаблівай розніцы не заўважаю, таму мне цяжка параўноўваць.

Не задумваўся, што жыву ў эміграцыі

Што датычыць эміграцыі, Лявон лічыць гэта проста пэўным перыядам жыцця, які ён не выбіраў.
— Я ніколі не задумваўся, што жыву ў эміграцыі. Для мяне гэта проста працяг жыцця, асаблівай розніцы не бачу, акрамя таго, што сяброў не стала. І раней у жыцці бывалі такія этапы зменаў: ва ўніверсітэт прыйшоў — нешта новае, на працу прыйшоў — нешта новае. І тут таксама: у новую краіну прыйшоў — нешта новае. Ніколі не лічыў, што эміграцыя — гэта нешта выключнае ў жыцці.

Мне не шмат трэба для жыцця

Цікаўлюся ў Лявона, ці не шкадуе, што трапіў у Польшчу, ці не згублены для яго гэты час?
— Не. Мне цяжка ўявіць, якія маглі б быць альтэрнатывы, але гэта проста перыяд жыцця: не горшы і не лепшы, а нейкі свой. Калі б не паехаў, то не бачу кардынальнай розніцы — працаваў бы там. Там больш сяброў, не давялося б вучыць новую мову.
— А ці хочацца табе вярнуцца ў Беларусь?
— Хочацца. Спадзяюся, што мне гэта будзе прыемна, і не бачу прынцыповых перашкод. Мой сябар з'ехаў, бо тут лягчэй жыць і больш магчымасцяў. У мяне няма такой прычыны не вяртацца. Мне не шмат трэба для жыцця, таму і там мне будзе дастаткова таго, што зараблю. Але там зручней з людзьмі, беларусамі, гэта будзе грэць сэрца. Не бачу ў гэтым ніякай праблемы.

Павел ЗАЛЕСКІ