Беларуская Служба

Хто з’ехаў — не беларусы, свабода — гэта калі можаш ісці па вуліцы з тэлефонам і не баяцца. Такія высновы сацыялагічнага даследавання

02.10.2024 07:07
Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, прафесар Андрэй Вардамацкі прадставіў сацыялагічнае даследаванне «Нацыянальная ідэнтычнасць жыхароў Беларусі». Некаторыя высновы могуць здзівіць.
Аўдыё
  • Пад афіцыйнай паверхняй, якая цяпер нелаяльная да беларускай мовы, ідзе падводны Гальфстрым — павелічэнне ўжывання беларускай мовы. Ёсць запыт менавіта з боку грамадства.
 .
Андрэй Вардамацкі.Radyjo.net

Якаснае сацыялагічнае даследаванне праз глыбінныя інтэрв’ю — было апытана 15 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі, розных светапоглядаў, узросту, з розных населеных пунктаў — мела на мэце паказаць, што адбываецца са светапоглядам, каштоўнасцямі жыхароў Беларусі.

Разважаючы пра развіццё гістарычнай дынамікі нацыянальнай ідэнтычнасці, прафесар Вардамацкі прадэманстраваў сінусоіду — на жаль, умоў для паслядоўнага і планамернага развіцця ніколі не было. Пазней, падсумоўваючы высновы, сацыёлаг яшчэ раз нагадаў, пра ўмовы, у якіх існуе беларускае грамадства, і што многія вынікі былі і ёсць, як кажуць, насуперак, а не дзякуючы.

Моўнае пытанне

Прадказальна, беларускую мову не называюць сярод першасных каштоўнасцяў (гэта пацвярджае і колькаснае даследаванне метадам тэлефоннага апытання 2024 года). Але рэспандэнты падзяліліся сваімі назіраннямі, што беларускай мовы істотна пабольшала ў асяроддзі, ёсць зацікаўленасць у вывучэнні і гэта далей.

Пад афіцыйнай паверхняй, якая цяпер нелаяльная да беларускай мовы, ідзе падводны Гальфстрым — павелічэнне ўжывання беларускай мовы. То бок працэс не аднабаковы, і ёсць запыт менавіта з боку грамадства.

Адметнасць беларусаў як нацыі

Разважаючы пра адметныя рысы беларусаў як нацыі, рэспандэнты называлі эмпатычнасць, адсутнасць жорсткасці, ініцыятыўнасць — «беларусам не трэба загад, каб нешта рабіць». Як ілюстрацыю, Андрэй Вардамацкі згадаў 2020-ты год, калі людзям не трэба была фізічная прысутнасць лідараў. Ён згадаў, што тэрмін «плаваючае лідарства» і раней усплываў у даследаваннях, але цяпер «зразумеў, што гэта больш агульная рыса беларусаў і ідэнтычнасці».

Што тычыцца адсутнасць жорсткасці, міралюбства, якія рэспандэнты таксама прыпісваюць беларускай нацыі, то Андрэй Вардамацкі гаворыць, што на такое меркаванне паўплывалі падзеі апошніх гадоў: мірны пратэст 2020-га, адсутнасць падтрымкі вайны. Да слова, раней рэспандэнты называлі адметнымі рысамі працавітасць, законапаслухмянасць і талерантнасць.

«Іерархія каштоўнасцяў выбудоўваецца кожны раз па-новаму, у залежнасці ад грамадска-палітычнага фону,  — заўважае сацыёлаг.

Нацыянальная ідэнтычнасць не ў топе каштоўнасцяў. А вось дабрабыт, сям’я, каханне — папулярныя адказы.

Цікава таксама, што вялікая частка людзей не ўспрымае полі-падыход як канцэпцыю беларускай нацыі (гэта значыць вызначэнне, што беларуская нацыя — шматэтнічная, шматканфесійная, шматкультурная, шматмоўная». Гэтаму супрацьпастаўляюць іншае суб’ектыўнае ўспрыняццё — монаэтнічнай, монаканфесійнай нацыі.

Свабода — гэта…

Тэрміну «свабода» можна знайсці шмат вызначэнняў. Але падзеі апошніх гадоў стварылі беларускую дэфініцыю. «Свабода — калі ідзеш па вуліцы з тэлефонам і не баішся гэтага» — так сфармуляваў адзін з рэспандэнтаў.

Варта звярнуць увагу і на такі адказ на пытанне «хто такі беларус? » — той, хто не з’ехаў.

Увогуле беларуская ідэнтычнасць — гэта не стабільная з'ява ў Беларусі. Зрухі ідэнтычнасці часта адбываюцца на працягу жыцця, шмат хто з апытаных гаварыў пра ўласную трансфармацыю ў беларускую ідэнтычнасць. То бок такія людзі ў дзяцінстве адчувалі сябе рускімі. Але з часам прыйшлі да ўсведамлення сябе беларусамі.


Колькаснае даследаванне 2024 года. Колькаснае даследаванне 2024 года.

Некаторыя цікавыя моманты

Назіраецца бісімвалізм, то бок людзі адначасова прызнаюць два сцягі — гістарычны бел-чырвона-белы і афіцыйны сённяшні чырвона-зялёны.

Людзі з праўладнымі поглядамі не імкнуцца прымаць рашэнні, яны схільныя да перакладання адказнасці на іншых. Прыхільнікі перамен наадварот зацікаўленыя ў тым, каб уплываць на падзеі.

«Абодва лагеры кажуць, што любяць сваю краіну. Але напаўненне рознае»,  — заўважае Вардамацкі.

Ёсць момант расчаравання ў Захадзе.

«Людзі рэагуюць негатыўна на тое, што цяпер адбываецца на межах, на сітуацыю з візамі, магчымасцямі выезду, нядопускам беларускіх машын у краіны ЕС»,  — гаворыць сацыёлаг. І пагаджаецца з думкай, што праз некалькі год з такім развіццём падзей можа павялічыцца колькасць сімпатый да Расіі.

вх