58,6% апытаных жыхароў Польшчы заявіла, што неабходна ўвесці больш жорсткае пакаранне за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага апʼянення. 36,6% лічыць існуючыя штрафныя санкцыі мэтазгоднымі, 1% – занадта строгімі, а 3,8% не мае меркавання – вынікае з апытання United Surveys, праведзенага IBRiS на замову выдання Dziennik Gazeta Prawna і RMF FM.
DGP нагадвае, што цяпер за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага апʼянення прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Магчыма таксама канфіскацыя транспартнага сродка.
Апытаным таксама задалі пытанне: «Калі трэба ўвесці больш жорсткае пакаранне за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага апʼянення, якім яно павінна быць, на вашу думку?». 62% адказалі, што ў машынах неабходна ўстанаўліваць алкагольную блакіроўку. Таксама рэспандэнты згадвалі між іншым штрафы, памер якіх залежыць ад заробку, пажыццёвую забарону на кіраванне аўтамабілем, прымусовае лячэнне ў наркалагічных дыспансерах.
Эксперт па пытаннях бяспекі дарожнага руху Лукаш Збаральскі (Łukasz Zboralski) адзначае, што павышэнне памеру штрафаў хутчэй не будзе вельмі эфектыўным, паколькі людзі, якія сядаюць за стырно пад уплывам алкаголю, маюць залежнасць. Яны павінны атрымаць прафесійную дапамогу, а такой дапамогі трэба чакаць у Польшчы нават два-тры гады.
Апытанне праведзена 27-29 верасня метадам CAWI/CATI па агульнарэспубліканскай выбарцы ў 1000 рэспандэнтаў.
нг