Памежная служба будзе больш жорстка ставіцца да іншаземцаў, якія парушаюць польскія законы – паведамляе Rzeczpospolita. Такіх мігрантаў усё часцей затрымліваюць пасля вызвалення з турмы і дэпартуюць у краіну паходжання. Гэта магчыма дзякуючы інфармацыі, якую турмы перадаюць Памежнай ахове.
Выданне піша, што да чэрвеня былі выдаленыя за мяжу звыш 500 чалавек. Паводле звестак газеты, цяпер у польскіх турмах знаходзіцца больш за 2400 замежнікаў. У асноўным гэта грамадзяне Украіны, Грузіі і Беларусі (на жаль, няма больш дакладных звестак).
Кантрабандыстаў, кіроўцаў, якія сядаюць за стырно ў стане алкагольнага ап'янення, асуджаных за наркотыкі - пасля адбыцця пакарання дэпартуюць з «воўчым білетам», гэта значыць, забаронай уезду ў Шэнгенскую зону. Так было з кур'ерамі, якія год таму масава перапраўлялі нелегальных мігрантаў па так званым балканскім маршруце.
«Многія замежнікі, асуджаныя за кантрабанду людзей, ужо скончылі або заканчваюць адбываць пакаранне. Паколькі яны не паважаюць законаў, дзеля аховы бяспекі і грамадскага парадку іх высылаюць з Польшчы», — заявіў прэс-сакратар Сілезскай памежнай варты Шымон Масціцкі (Szymon Mościcki).
Хуткая дэпартацыя магчымая – як падкрэсліваюць пагранічнікі – дзякуючы добраму супрацоўніцтву з турмамі, якія інфармуюць пра кожнага іншаземца, які выходзіць на свабоду. На мяжу дастаўляюць асоб, якія ўяўляюць пагрозу дзяржаўнай бяспецы, асуджаных за дзейнасць у злачыннай групоўцы і неаднаразовых парушальнікаў правапарадку.
Летась 17,3 тысячы іншаземцаў здзейснілі злачынствы ў Польшчы (рост на 2,4 тыс. у параўнанні з папярэднім годам). Практычна кожны трэці кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення - 4,9 тыс. чалавек (каля 70% - украінцы і 25% - грузіны).
нг