10 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень псіхічнага здароўя. І менавіта гэтай тэматыцы было прысвечана даследаванне, праведзенае польскім бюро UNICEF – арганізацыі, якая займаецца дапамогай дзецям. З 24 лютага 2022 года ў Польшчу прыбыла шмат непаўналетніх асоб з Украіны, як ім жывецца ў Польшчы?
Дзеці – адна з самых уразлівых груп грамадства. Асабліва моцна дзеці пакутуюць падчас узброеных канфліктаў. Часта ім прыходзіцца пакідаць родны дом, з’язджаць у іншую краіну. Рашэнне пра пераезд прымаюць бацькі, а дзеці асабліва цяжка пераносяць змену месца жыхарства, не маючы ўплыву на тое, дзе і як будуць жыць. Ці ўкраінскія падлеткі ў Польшчы шукаюць псіхалагічную падтрымку? Даклад на гэту тэму падрыхтавала польскае бюро UNICEF, стараючыся прадставіць пункт гледжання дзяцей і моладзі, - адзначае Агнешка Сохань-Лятушэк (Agnieszka Sochoń-Latuszek) з гэтай арганізацыі.
- Гэтае даследаванне датычыла групы дзяцей ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў, асабліва нас цікавіў стан падлеткаў, якім ад 16 да 19 гадоў. Іх патрэбнасці асабліва неабходна заўважаць і браць пад увагу. Мы ладзім праграмы псіхічнага здароўя ў шматлікіх краінах, але вельмі важна рыхтаваць іх такім чынам, каб яны адказвалі на праблемы мэтавых груп. У дадзеным выпадку гэта дзеці з Украіны, якія пражываюць у Польшчы.
І з якімі праблемамі змагаюцца ўкраінскія дзеці ў Польшчы? Пра што вы пішыце ў сваім дакладзе?
- Гэтыя праблемы мы закраналі падчас нашага першага даследавання, калі мы размаўлялі з дзецьмі, пыталі пра іх жыццё ў Польшчы, як яны сябе адчуваюць. На жаль, было шмат галасоў аб тым, што ім цяжка знайсці сваё месца. Напрыклад, хтосьці сказаў, што ён “адзінокі, як кот”. Так што, нават калі дзеці ходзяць у польскую школу, яны і так не заўсёды ўмеюць далучыцца да сацыяльнай групы сваіх калег. Яны не сябруюць з польскімі дзецьмі, адчуваюць сябе адзінокімі. Яны часта казалі пра тое, што пакінулі ва Украіне – пра сваіх сяброў, блізкіх, нават пра сваіх жывёл ці месцы, якіх ім вельмі не хапае тут.
Вы таксама зладзілі акцыю, якая павінна данесці інфармацыю да ўкраінскай моладзі аб тым, што ёсць людзі, якія могуць дапамагчы і варта часам працягнуць руку па дапамогу.
- Мы праверылі, ці дзеці і моладзь агулам шукаюць дапамогу – як псіхалагічную, так і псіхалагічна-сацыяльную. І заўважылі, што вельмі шмат маладых людзей – каля паловы ўдзельнікаў даследавання, хацелі б скарыстацца дапамогай, паразмаўляць са спецыялістам, але большасць гэтага не робіць. Тры чацвёртыя апытаных не карысталіся ніколі такой магчымасцю падтрымкі. Гаворка не толькі пра візіт у псіхолага ці псіхіятра, а агулам пра шырокую магчымасць падтрымкі. І мы пыталі, якія перашкоды стаяць на іх шляху, чаму яны не карыстаюцца дапамогай.
Удзельнікі даследавання казалі, што яны адчуваюць сябе вельмі адзінокімі. Чаму так адбываецца?
- Гэтае адчуванне адзіноты паяўляецца з-за таго, што дзеці, падлеткі інакш перажываюць эміграцыю, чым дарослыя. Падлеткі, якім па 15-16 гадоў, планавалі ўжо сваё жыццё ва Украіне, можа ў іх было ўжо першае каханне, і раптам ім прыйшлося ўсё кінуць. Пры гэтым яны не маюць уплыву на гэтае рашэнне. Акрамя таго, моладзь саромецца карыстацца псіхалагічнай дапамогай з-за таго, што дарослыя – бацькі, дзядулі, адносяцца прадузята да такой дапамогі. Падлеткі з Украіны часта казалі, што іх бацькі мяркуюць, што яны прыдумляюць сабе праблемы, што павінны справіцца з цяжкасцямі самі. Але, пры гэтым мы заўважылі, што вялікі ўплыў аказваюць на падлеткаў равеснікі – між іншым, аднакласнікі, калі расказваюць, што такой дапамогай можна скарыстацца.
Ці ўкраінскія дзеці ад вас атрымліваюць інфармацыю, дзе шукаць дапамогу, да каго можна звярнуцца?
- Так, канешне. У нас ёсць цэнтры, дзе моладзь і дзеці з Украіны могуць атрымаць падтрымку. Дарэчы, для нас важная не толькі псіхалагічная тэрапія, але таксама месца, дзе дзеці могуць ладзіць кантакты з равеснікамі, сябраваць з іншымі дзецьмі. Мы стараемся кантактаваць розныя сацыяльныя групы, каб яны маглі пасябраваць, паколькі мы разумеем, што гэта дапамагае захаваць псіхічнае здароўе.
Нельга не закрануць таксама пытання валодання польскай мовай. Адсутнасць свабоднага разумення мовы можа быць сур’ёзным бар’ерам у тым, каб украінская моладзь адчувала сябе свабодна.
- Гэта так, мова – вельмі важная тэма. Мы бачым, што дзеці, нават калі яны тут жывуць ужо два гады, часта не валодаюць польскай мовай на такім узроўні, каб свабодна размаўляць з равеснікамі, сябраваць з імі. Прасцей малодшым дзецям, якія пайшлі ў садок або малодшыя класы, яны хутка вучацца і нават бывае, размаўляюць лепш, чым бацькі. Інакш з падлеткамі, іх веданне мовы як правіла не дазваляе ім свабодна размаўляць. Мы прапануем курсы мовы, стараемся пераканаць падлеткаў, каб яны ў іх удзельнічалі, нават разам з бацькамі. Мы таксама падтрымліваем школьных кансультантаў, якія працуюць з украінскімі дзецьмі. Гэта важна, каб дзеці разумелі, што адбываецца ў школе, паколькі вучоба ў польскай школе можа выглядаць інакш, чым ва Украіне.
Ewa Plisiecka
нг