Назіраецца моцны недахоп семінарыстаў у варшаўскіх семінарыях, – піша Gazeta Wyborcza. Летась у тры варшаўскія семінарыі запісалася 32 чалавекі, сёлета значна менш.
Летась шматлікія польскія дыяцэзіі наогул закрылі семінарыі, але ў Варшаве Каталіцкі Касцёл зафіксаваў незвычайны рост цікавасці да кар'еры духоўнага сярод моладзі. У Вышэйшую духоўную семінарыю падалі дакументы 12 чалавек, 10 семінарыстаў пачалі навучанне ў місіянерскай семінарыі Redemptorist Mater, а яшчэ 10 былі прынятыя на першы курс Вышэйшай духоўнай семінарыі Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі.
Апошнія дадзеныя, - падкрэслівае GW, - не пакідаюць сумневаў: так дрэнна не было ўжо некалькі гадоў. Чацвёра семінарыстаў пачнуць вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі, восем прынялі ў семінарыю Redemptorist Mater, а шасцёра распачалі вучобу на пражскім баку Варшавы. Усяго 18 семінарыстаў.
Прэс-сакратар Варшаўскай архідыяцэзіі лічыць, што ў Каталіцкім Касцёле назіраецца спад колькасці пакліканняў з-за крызісу веры і ідэнтычнасці сярод моладзі. Ксёндз дадае, што ў семінарыі ідуць сфармаваныя асобы, свядомыя кандыдаты ў святары.
Аглядальнік выдання Miesięcznik Znak Караль Клечка лічыць, што цяперашняя малая колькасць навучэнцаў семінарыі з’яўляецца вынікам працэсу, які доўжыцца больш за два дзесяцігоддзі.
Сярод прычын змяншэння колькасці семінарыстаў каталіцкі публіцыст называе секулярызацыю польскага грамадства, звязаную са змяншэннем колькасці хростаў і канфірмацый; падзенне сацыяльнага даверу да каталіцкай царквы, скандалы з педафіліяй і фінансавыя аферы, звязаныя з духонымі.
эж