Беларуская Служба

Сацыёлаг: Грамадства не паспявае за зменай нацыянальнай структуры Польшчы

24.10.2024 16:05
Характэрнай з’явай, якая была добра заўважная падчас працы ў фокус-групах, з’яўляецца моцная і негатыўная змена стаўлення палякаў да мігрантаў ва ўсіх электаральных групах польскага грамадства: ад прыхільнікаў правых, да прыхільнікаў левых.
Аўдыё
  • Сацыёлаг: Грамадства не паспявае за зменай нацыянальнай структуры Польшчы
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock

Надоечы былі прадстаўленыя вынікі сацыялагічнага даследавання пад назвай «Схаваны крызіс улады», які падрыхтавалі сацыёлаг Варшаўскага ўніверсітэта Пшэмыслаў Садура і галоўны рэдактар уплывовага выдання ​​Krytyka Polityczna Славамір Серакоўскі.

Даследавання падсумоўваецца 11 навуковымі тэзісамі, якія тычыцца электаральных упадабанняў палякаў, дэмаралізацыі выбарцаў уладнай кааліцыі ў Польшчы, прэзідэнцкіх песпектыў асобных палітыкаў, у тым ліку, мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага, а таксама росту папулярнасці праварадыкальнай партыі «Канфедэрацыя».

Аднак характэрнай з’явай, якая была добра заўважная падчас працы ў фокус-групах, з’яўляецца моцная і негатыўная змена стаўлення палякаў да мігрантаў ва ўсіх электаральных групах польскага грамадства: ад прыхільнікаў правых, да прыхільнікаў левых.

Аўтар даследавання, сацыёлаг Пшэмыслаў Садура распавёў, як часта і ў якіх кантэкстах рэспандэнты згадваюць мігрантаў і ўцекачоў:

— Для мяне асабіста вельмі прыкра цяжка, калі даследаванні даюць такія вынікі, але ў цэлым усё сведчыць аб тым, што настроі ў Польшчы, у польскім грамадстве становяцца ўсё больш негатыўнымі ў адносінах да бежанцаў і мігрантаў. Цяпер нават выбарцы Аб’яднаных левых сілаў, якія найбольш паслядоўна выступаюць за захаванне правоў чалавека і абыходжанне з уцекачамі ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права, могуць сказаць, што нават калі яны не пагаджаліся з дзеяннямі «Права і справядлівасьці»  за восем гадоў іх кіравання, але міграцыйная палітыка гэтай партыі ў дачыненні да бежанцаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу з Беларуссю, была добрай. Мы таксама бачым антыўкраінскія настроі. Пра гэтую тэндэнцыю мы папярэджвалі больш за год таму. Тады мы апублікавалі даследаванне «Палякі за Украіну, але супраць украінцаў».

У гэтым дакуменце мы паказалі спосаб распаўсюджвання гэтых антыўкраінскіх наратываў. Гэта рабілася дзякуючы дэзінфармацыі, распаўсюду неправеранай інфармацыі, дзякуючы плёткам. Такім чынам склалася антыўкраінская пазіцыя. Цяпер гэта пашыраецца, і гэта тычыцца не толькі электарату правых палітычных сілаў. Негатыўнае стаўленне да ўцекачоў распаўсюджана і сярод выбаршчыкаў найбуйнейшай уладнай партыі «Грамадзянскай кааліцыі». Гэта датычыцца і выбаршчыкаў усіх астатніх партый, якія ўваходзяць у кіруючую кааліцыю.

Здаецца, мы маем справу са стомленасцю грамадства. Гэта адбылося дзякуючы беспрэцэдэнтнай трансфармацыі Польшчы за апошнія гады – з амаль монаэтнічнага грамадства, што было ўнікальным прыкладам у Еўропе, палякі вельмі хутка ператварыліся ў полікультурнае грамадства. Няма іншай краіны ў свеце, якая б за такі кароткі час прыняла столькі бежанцаў і мігрантаў і змяніла свой профіль. Хуткасць гэтых зменаў, а не кірунак, бо людзі могуць да гэтага прыстасоўвацца, прыводзіць да таго, што расце супраціў, рэакцыя. Гэта аказалася занадта складана. Тут можна правесці аналогію з іншым расцягнутым у часе працэсам.

Гаворка ідзе пра секулярызацыю польскага грамадства. Польскае грамадства было даволі традыцыяналісцкім, каталіцкім, але апошнія 20-30 гадоў мы маем справу з пастаянным працэсам секулярызацыі. Наступныя пакаленні станавіліся ўсё менш рэлігійнымі. Зноў жа, рэакцыю выклікаў не кірунак, а сама хуткасць гэтых зменаў. Людзі з традыцыяналісцкімі поглядамі — гэта пераважна людзі старэйшага ўзросту. Яны не дамінавалі колькасна ў грамадстве, але яны былі палітычна мабілізаваныя і пачалі дамінаваць пры выбарчых урнах. У тым ліку ў выніку гэтай рэакцыі на секулярызацыю свайго часу перамагло «Права і справядлівасць». Цяпер узнікае пытанне, хто паспрабуе зарабіць палітычны капітал на рэакцыі польскага грамадства на працэсы, якія вядуць да мультыкультуралізму.

Адзін з адзінаццаці тэзісаў даследавання гучыць:  «Сёння перамаглі б папулісты», ён, у тым ліку, тычыцца згаданых вышэй грамадскіх настрояў.  Беларуская служба папрасіла прафесара Пшэмыслава Садуру апісаць цяперашнія настроі сярод палякаў праз год пасля парламенцкіх выбараў, якія зафіксавалі рэкордную яўку ў посткамуністычнай Польшчы.

— Апытанні і фокус-групавыя інтэрв'ю з электаратамі ўсіх партый паказалі тое, што мы ўжо бачылі ў іншых даследаваннях - маем справу з пагаршэннем сітуацыі. Гэта значыць, пераважаюць негатыўныя настроі. Калі гаворка ідзе пра прыхільнікаў цяперашняй партыі ўлады, то менавіта іх выбарцы больш за ўсіх расчараваныя. Надзея таксама з'яўляецца даволі распаўсюджанай эмоцыяй, але расчараванне - асноўная эмоцыя. Гэта негатыўная эмоцыя, але ў той жа час дэматывуючая. Гэта не заахвочвае да ўдзелу ў палітычным жыцці. З іншага боку, гэта значыць, калі мы гаворым пра правыя партыі, пра электарат «Права і справядлівасці» (PiS), «Канфедэрацыю», то там таксама пануюць негатыўныя эмоцыі, але гэта гнеў і страх — гэта эмоцыі, якія мабілізуюць.

Цягам года пасля выбараў многае змянілася. Па-першае, даследаванне паказала, што траціна людзей, якія пайшлі б на выбары, калі б яны адбыліся сёння, прагаласавалі б зусім інакш, чым на леташніх выбарах. Па-другое, яўка была б значна меншай — на некалькі дзясяткаў працэнтаў. Гэта быў бы адзін з самых нізкіх паказчыкаў за апошнія два дзесяцігоддзі. Можна сказаць, што больш за палову людзей, якія ўдзельнічалі ў леташніх выбарах, цяпер павялі б сябе зусім інакш: гэтыя людзі альбо не пайшлі б на выбары, альбо прагаласавалі б за іншую партыю. Гэта аслабляе легітымнасць улады.

Пры такой змене палітычных прыхільнасці, калі б выбары адбываліся цяпер, то да ўлады прыйшла б кааліцыя дзьвюх правых ці нават папулісцкіх партый з правага боку палітычнай сцэны — гэта «Права і справядлівасць» і «Канфедэрацыя» , якую варта параўнаць з «Альтэрнатывай для Германіі» і назваць яе праварадыкальнай.

У траўні 2025 г. у Польшчы павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Сацыялагічнае даследаванне «Схаваны крызіс улады», у тым ліку, звярнулася да гэтага пытання. Апошні, адзінаццаты тэзіс даследавання называецца «Тшаскоўскі на шашы да прэзідэнцтва». Папрасілі сацыёлага патлумачыць такую выснову:

— Да выбараў засталося паўгода, таму застаецца толькі спекуляваць. Зараз у Злучаных Штатах да выбараў засталося толькі два тыдні, і мы не ўяўляем, хто пераможа. Але сёння ў Польшчы такія эмоцыі, што мы яшчэ дакладна не ведаем кандыдатаў, якіх будуць вылучаць партыі. У сувязі з тым, што мы пытаемся ў рэспандэнтаў, каго яны бачаць у Прэзідэнцкім палацы ў якасці новага прэзідэнта і не дапамагаем ім з наборам прозвішчаў, рэспандэнтам застаецца толькі спантанна адказваць.

Дастаткова назваць прозвішча, і перамагае кандыдат, які дагэтуль найчасцей згадваўся як кандыдат у прэзідэнты, гэта значыць Рафал Тшаскоўскі з Грамадзянскай кааліцыі, і ён перамагае з вялікі адрывам, атрымлівае 30% такіх спантанных адказаў. Другі адказ — 20%, «я не ведаю, хто», а іншыя пратэкцыйныя кандыдаты, напрыклад, былы прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі з «Права і справядлівасьці» — толькі 7%, таму паміж Тшаскоўскім і астатнімі ёсць агромністы  разрыў. Сюды таксама ўваходзіць разрыў паміж Тшаскоўскім і магчымымі канкурэнтамі ад яго партыі «Грамадзянскай кааліцыі», бо міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, які таксама дабіваецца вылучэння ад сваёй партыі, атрымлівае 1%, а прэм'ер-міністр Дональд Туск, які, як кажуць, таксама мае прэзідэнцкія амбіцыі, атрымлівае зноў жа толькі 1%, што ў трыццаць разоў менш, чым Рафал Тшаскоўскі.

Здаецца, што Рафал Тшаскоўскі знаходзіцца на своеасаблівай шашы, якая вядзе да Прэзідэнцкага палацу, але ён ня можа быць упэўнены ў перамозе, бо паўгады — гэта вялікі тэрмін, мы яшчэ ні ведаем імя кандыдата ад «Права і справядлівасці». Шмат чаго можа здарыцца, у залежнасці ад таго, каго абярэ «Канфедэрацыя». Цяпер гэтая групоўка спынілася на Славаміры Мэнцэне, і гэта, можна сказаць, больш бяспечны выбар для Польшчы, таму што Менцэн мае моцную падтрымку ў «Канфедэрацыі», але па-за межамі гэтай партыі ён амаль не мае ўплыву, ён занадта супярэчлівы палітык.

Аднак Кшыштаф Босак, які мог бы быць яго апанентам, насамрэч мае імідж падрыхтаванага перфекцыяніста, прафесіянала, які цалкам паўзыходзіць усе палітычныя падзелы, здольны мабілізаваць электарат практычна ўсіх партый і адначасова з'яўляецца нацыяналістам, бо гаворка сапраўды ідзе пра палітыка з крайняга правага крыла.

І апошняе, што не дазваляе нам быць упэўненымі ў гэтых выніках, гэта тое, што ўсё яшчэ ёсць кандыдаты, якія з'яўляюцца своеасаблівымі палітычнымі метэарытамі, якія мяняюць гульню, людзьмі па-за істэблішментам, чый выхад у палітыку можа цалкам змяніць расстаноўку сіл.

Сярод іншага мы запыталіся, на якую падтрымку можа разлічваць у другім туры Кшыштаф Станоўскі, заснавальнік каналу Zero, медыя з даволі правымі сімпатыямі, інтэрнэт-каналу. І атрымліваецца, што Станоўскі мог набраць больш за 30% галасоў. Гэта сведчыць аб тым, што можна хутка змяніць настроі ў грамадстве.

Падсумоўваючы, пакуль можна адзначыць Рафала Тшаскоўскага як чалавека, які мае найбольшыя шанцы стаць прэзідэнтам Польшчы ў 2025 годзе, але ўсё ёсць моцныя перасцярогі.

Эдуард Жолуд 

Слухайце аўдыё!