Беларуская Служба

Беларускі блогер распавядае пра цікавыя старонкі гісторыі Варшавы, у тым ліку звязанай з Беларуссю

04.11.2024 11:14
Эколаг, кіраўнік фонду «Nierusz Natura», блогер Уладзімір Зуеў знаёміць з гісторыяй Варшавы ды іншых польскіх гарадоў.
Аўдыё
  • Размова з блогерам Уладзімірам Зуевым
Ілюстрацыйны здымакScreenshot z TikTok / https://www.tiktok.com/@wald_10.k?_t=8qoSQisBPVO&_r=1

У ягоным блогу дзясяткі фільмаў пра цікавінкі архітэктуры ды прыроды ў Польшчы, а таксама пра беларускі-польскія гістарычныя сувязі.

Паміж дзвюма краінамі ёсць шмат падобнага, супольная гісторыя, але і адрозненні, якія вынікаюць з асаблівасцяў сістэмы кіравання да умоў развіцця ў апошнія гады. Разам з тым у Польшчы ёсць шмат цікавых вырашэнняў, якія могуць быць павучальнымі для беларусаў, перакананы Уладзімір Зуеў.

– Я ўжо год у Варшаве, нават крыху больш, займаюся навуковай працай, а ў вольны час мяне заўсёды цікавіла, дзе я жыву. Яшчэ ў Беларусі, працуючы ва ўніверсітэце, я доўгі час на выходных працаваў яшчэ экскурсаводам. Гэта не прыносіла вялікіх грошай, але быў цікавы досвед. Шмат якія вандроўкі былі аўтарскімі экскурсіямі па Баранавіцкаму рэгіёну, і заўсёды мне было вельмі прыемна, калі на гэтыя экскурсіі былі замовы. Калі я прыехаў у Варшаву, у мяне з’явіўся вольны час, я пачаў вывучаць асаблівасці рэгіёну, дзе я жыву. Варшава мне вельмі спадабалася, бо тут сапраўдны горад умяшчае шматвекавую гісторыю, якая час ад часу звязаная з нашай роднай Беларуссю. Гэта не толькі ў звязку з тым, што Беларусь і Польшча доўгі час уваходзілі ў першую і другую Рэч Паспалітую, а ў першую чаргу таму, што я знайшоў шмат асоб, якія нарадзіліся ў Баранавічах, а пасля іх жыццё прайшло ў Варшаве ды іншых гарадах Польшчы. Гэта Мая Беразоўская і Чэслаў Гервель ды Яніна Клавэ.

Блогер адкрыў, што мадэллю для сімвала польскай сталіцы – Русалкі (Syrenki) была дзяўчына народжаная ў Беларусі.

– Гэта ўсё мяне накіравала, каб больш дакладна вывучыць гісторыю, тым больш, што калі я прыехаў, я заўважыў вельмі цікавае выданне аўтарства мясцовага гісторыка і краязнаўцы Міхала Шыманьскага, які выдаў шмат кніжак, прысвечаных менавіта розным раёнам Варшавы. Ён вельмі дакладна і цікавым чынам апісвае кожны дом і будынак на той ці іншай вуліцы, расказваючы пра гісторыю яго будаўніцтва ды асобы, якія былі з ім звязаныя. Я здзівіўся, што такая краязнаўчая праца праведзеная ды зразумеў, што гэта цікава мне, і ўбачыў, што гэта цікава маім сябрам, якія тут жывуць у Варшаве. Першая спроба зладзіць экскурсія была для сяброў. Мы пайшлі шпацыраваць па вуліцах, дзе я змог ім распавесці розныя цікавінкі. Яны мяне спыталі, а чаму ты не ладзіш экскурсіі. Гэта ж можна рабіць не на камерцыйнай аснове, а проста запрашаць розных людзей.

Вы вырашылі дапамагчы сабе праз выкарыстанне TikТок-а?

– Так, бо правесці экскурсію – гэта вялізарная праца. Трэба падрыхтаваць маршрут, сфармаваць інфармацыйную базу. Да таго ж людзей можна збіраць на выходныя, калі яны маюць вольны час. TikТок - гэтай той фармат, які дазваляе паказаць уражанні ад аб’екту ці тэрыторыі адразу, у выглядзе роліка, каб іншыя людзі паглядзелі. Магчыма некаторыя таксама зацікавяцца гэтым аб’ектам і самастойна змогуць яго наведаць.

Ці такія выпадкі здараліся, ці Вам пра гэта пішуць. Са статыстык TikТок-а ў Вас больш за 9 тысяч праглядаў і ды больш за 500 назіраючых? Бачна, што ёсць рэакцыя? Якая яна?

– Тут шмат што вынікае з алгарытмаў працы TikТок-а. Ён укідвае табе ролікі, каб ты глядзеў. У залежнасці ад таго, якой тэмай карыстальнік цікавіцца, яму алгарытм і падкідвае ролікі. Працуюць таксама хэштэгі. Я стаўлю  БеларускіЦікток ці Варшава і гэта час ад часу спрацоўвае. Так, напрыклад, да мяне далучаюцца новыя прыхільнікі маіх відэа. Я не стаўлю мэту мець тысячы праглядаў і гледачоў, я мяркую, што людзі, якія зацікавяцца гісторыяй Варшавы, зацікавяцца польскімі цікавінкамі, яны будуць глядзець мой Цікток і насычацца новай інфармацыяй.

@wald_10.k Варшаўская сірэнка злеплена з беларускай мадэлі? #warszawa #беларускіцікток #sirena ♬ оригинальный звук - Uladzimir Zuyeu

Людзі пісалі да вас з просьбамі пра нешта распавесці? Як вы выбіраеце тэмы?

– У звязку з тым, што я паказваю розныя аб’екты – гэта могуць быць прыродныя тэрыторыі, або рэлігійныя аб’екты, палацы ды паркі, я звычайна рэагую на колькасць праглядаў і падабаек, - што падабаецца людзям. Шмат хто піша каментары. Я бачу, што час ад часу мае відэа людзі сабе захоўваюць, або перанакіроўваюць – рэпосцяць. Гэта прыкмета, што матэрыял спадабаўся. Я звычайна праз свае сацыяльныя сеткі распаўсюджваю спасылкі на мае ролікі, спадзеючыся, што гэта дапаможа сацыяльнай адаптацыі беларусаў у Польшчы, і ў Варшаве.

Калі параўнаць тое, што бачыце ў Польшчы, чым гэта адрозніваецца да таго, што ёсць у Беларусі?

– Тут цяжка параўноўваць. Польшча і Беларусь адрозніваюцца па сістэме тэрытарыяльнага кіравання. У Польшчы вельмі шмат залежыць ад мясцовых уладаў і бюджэтаў тэрыторый. Шмат што вырашаецца на ўзроўні тэрытарыяльных адзінак, а не ўсёй дзяржавы. У Беларусі сітуацыя адваротная. Большасць аднаўлення аб'ектаў фінансавалася з дзяржаўных праграм, славутая праграма «Замкі Беларусі», падчас якой шмат чаго зрабілі. У Польшчы яшчэ больш фінансавых рэсурсаў для аднаўлення гістарычных будынкаў, бо апроч дзяржавы ёсць яшчэ прыватныя ўладальнікі, якія таксама аднаўляюць будынкі, адкрываюць турыстаў. Такіх прыкладаў вельмі шмат у Польшчы.

Што павучальнага можа вынесці беларус у Польшчы? Чаму можа навучыцца?

– Навучыцца таму, што кожны  аб'ект нясе ў сабе нейкі гістарычны сэнс. Кожны дом - гэта асобы, якія там жылі ды пакінулі свой след у гісторыі. Ідзецца пра еўрапейскую, польскую гісторыю, а магчыма і беларускай. Дастаткова пайсці на Варшаўскія могілкі, дзе можна знайсці пахаванні людзей, якія звязаныя з Беларуссю. Гэта таксама тое, што аб'ядноўвае нашы краіны  

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле.