Беларуская Служба

Беларусы ўсё менш жаданыя ў Літве

04.11.2024 11:30
Не толькі літоўскае грамадства, але і дзяржава аказаліся непадрыхтаванымі да раптоўнага наплыву мігрантаў.
Панарама Вільніpixabay.com

Ужо чатыры гады Літва спрабуе пазіцыянаваць сябе як галоўнага крытыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пасля здушанай хвалі пратэстаў у 2020 годзе шмат беларусаў эмігравала ў Літву. Там таксама стварыла свой палітычны цэнтр лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.

Самі літоўцы ў 2020 годзе глядзелі на беларусаў добразычліва, публічна дэманструючы падтрымку суседзям, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены. Праз чатыры гады пасля гэтых падзеяў сітуацыя ў Літве пачынае мяняцца - прыязныя настроі да беларусаў паціху знікаюць, канстатуе на старонцы new.org.pl палітолаг, аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў Барташ Хмялеўскі.

Паводле яго, Літва, адкрываючыся для бежанцаў з Беларусі, не чакала, што за чатыры гады ў Літву прыедуць ажно 62,5 тысячы беларусаў – як палітычных эмігрантаў, так прадстаўнікоў багатага сярэдняга класа (супрацоўнікі ІТ-галіны) і эканамічных мігрантаў.

Толькі ў 2023 годзе ў Літву прыехала амаль траціна гэтай групы, і тады энтузіязм да беларускай дыяспары пачаў прыкметна змяншацца. Мінулае лета здаецца пераломным – тады ў Літве разгарэлася дыскусія пра літвінізм - шматпланавы канцэпт беларускіх інтэлігентаў, які літоўскія кансерватары палічылі пагрозай для асновы існавання літоўскай дзяржавы.

Літвінізм некалькі месяцаў быў тэмай грамадскай дыскусіі. Афіцыйна дэбаты на гэты конт завяршыліся ў ліпені 2024 года, калі беларускія арганізацыі падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой адмежаваліся ад згаданай ідэалогіі і падкрэслілі, што яна з’яўляецца прадуктам расійскай і беларускай прапагандысцкай машыны.



Аднак праблема так і не была вырашана. Дыскусія пра літвінізм паўплывала на грамадскія настроі і стаўленне літоўцаў да беларусаў. Міграцыю з Беларусі ўсё часцей пачалі параўноўваць з прытокам расейцаў, якія ў апошнія гады таксама эмігравалі ў Літву (каля 15 000 чалавек).

Паводле даследаванняў, праведзеных восенню 2023 года, ажно 60 працэнтаў апытаных літоўцаў выказаліся за ўзмацненне жорсткасці ўмоў уезду беларусаў у Літву. Усё часцей выказвалася занепакоенасць тым, што беларусы могуць стаць «пятай калонай».

Дэбаты - і па гістарычных пытаннях, і па бяспецы - прывялі да дзіўнай сітуацыі, то бок супярэчлівасці паміж міжнароднай пазіцыяй Літвы ў дачыненні да Беларусі і яе палітыкай у дачыненні да беларусаў, якія мігруюць і застаюцца ў Літве. Летам 2024 года ў Літве адбылося некалькі актаў вандалізму супраць беларускай супольнасці. Незалежна ад таго, ці згаданыя акты былі ініцыяваныя літоўскімі хуліганамі, ці беларускімі службамі, праблема мае больш глыбокае вымярэнне.

Згаданыя 62,5 тысячы беларусаў складаюць значную, але ўсё ж толькі частку замежнікаў, якія прыехалі ў Літву ў апошнія гады. Усяго іх каля 221 тысячы.  Большасць з іх - грамадзяне краін, якія калісьці ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза. Акрамя беларусаў, найбольшую групу складаюць украінцы (76 тысяч, з іх 44 тысячы - ваенныя бежанцы), расейцы (15 тысяч), расце колькасць імігрантаў з краін Сярэдняй Азіі і Індыйскага субкантынента.

Не толькі літоўскае грамадства, але і дзяржава аказаліся непадрыхтаванымі да раптоўнага наплыву мігрантаў. Расчараванне і шок грамадства адбіліся на беларусах, канстатуе аўтар артыкула Барташ Хмялеўскі.  

аз

У Вільні невядомыя разбілі партрэт і перавярнулі лампады на магіле беларускага добраахвотніка

02.11.2024 11:30
Дачка беларускага добраахвотніка Вольга падала заяву ў паліцыю, яе прынялі.