Беларускі рэжысёр і дзеяч Андрэй Гнёт выехаў з Сербіі, якая мела намер выдаць яго беларускім уладам паводле запыту праз Інтэрпал аб затрыманні і экстрадыцыі. Цяпер Андрэй Гнёт знаходзіцца ў Германіі, паводле яго слоў, выехаць дапамагала, у тым ліку, амбасада Германіі ў Сербіі.
Андрэй Гнёт падчас прэс-канферэнцыі пасля выезду з Сербіі пералічыў мноства арганізацый, палітычных структур, дзеячаў культуры, палітыкаў, якія дапамагалі яму.
«Я атрымаў вельмі спецыфічны досвед. Год я змагаўся за справядлівасць, за выратаванне свайго жыцця. І ўвесь год мяне нібыта не слухалі… Калі б не Апеляцыйны суд Сербіі, мяне б даўно экстрадавалі і адправілі на катаванні і смерць. Безумоўна, я мяркую, што сербскім уладам трэба звярнуць увагу на сербскае правасуддзе», — заявіў Андрэй Гнёт.
Таксама Андрэй Гнёт нагадаў пра палітзняволеных у Беларусі і заклікаў не забываць пра іх:
«Больш за 1300 палітвязняў мучаць і даводзяць да смерці ў гэты час. Я хачу, каб міжнародная супольнасць не забывала пра іх. Вы бачыце, як шмат высілкаў спатрэбілася для вызвалення аднаго чалавека, які знаходзіўся ў Еўропе. Таму ўратаванне людзей павінна быць прыярытэтам для ўсіх. Бо самая вялікая каштоўнасць не грошы, а жыццё чалавека».
Адвакат Гнёта Марыя Колесава-Гудзіліна падкрэсліла, што сітуацыя не завершаная да канца, працэдура экстрадыцыі Гнёта не спыненая:
«Гэтая працэдура можа працягвацца. І яна можа не мець тэрміну даўнасці. Яна можа цягнуцца як год, так і дзесяць гадоў. Нашыя калегі ў Сербіі гаварылі, што ёсць працэдуры экстрадыцыі, якія цягнуцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Яшчэ важны аспект: у дзень, калі Андрэй выехаў, яго інстаграм ў Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Нарэшце Беларусь прызнала, што гэты пераслед — палітычна матываваны. У той жа час у Тэлегра-канале ГУБАЗіКа напісалі, што толькі адна краіна не выканала свае абавязальніцтвы і яны будуць працягваць яго (Анрэя Гнёта, – рэд.) шукаць у іншых краінах. Нічога яшчэ не завершана. І небяспечна можа быць у любой краіне свету, бо беларускі рэжым выкарыстоўвае розныя працэдуры, у тым ліку Інтэрпал. І пераслед праз Інтэрпал — гэта небяспечная працэдура, у тым ліку ў краінах Еўропы».
Андрэй Гнёт сказаў, што яму трэба час, каб прыйсці ў сябе, але, верагодна, ён будзе звяртацца наконт міжнароднай абароны:
«Я яшчэ не да канца разумею дзе я, дзе я знаходжуся. Таму мне трэба будзе некаторы час, каб прыйсці ў сябе, зразумець, што я жывы і адносна здаровы. Я хачу выказаць удзячнасць нямецкаму ўраду за тое, што ў мяне будзе такая магчымасць. Як чалавек, якога выгналі з краіны, пазбавілі магчымасці памяняць, абнавіць пашпарт, я буду мець патрэбу ў міжнароднай абароне, тым больш рэжым пацягвае паляваць на мяне».
Адвакат Ганна Маціеўская падкрэслівае, што беларусам, якія цяпер могуць быць у спісах на пераслед у Беларусі варта ўважліва ставіцца да краіны наведвання:
«Важна, каб беларусы прадумвалі свае маршруты, калі яны выязджаюць за мяжу. Найперш перад выездам скантактуйцеся з юрыстамі, праваабаронцамі, каб ацаніць, наколькі бяспечнай для вас ехаць у іншую краіну. У тым ліку бяруцца да ведама падвойныя пагадненні паміж краінамі і палітычная сітуацыя ў канкрэтнай краіне. Трэба граматна падыходзь да выездаў, а таксама да легалізацыі ў краіне, калі вы не можаце вярнуцца ў Беларусь. Яшчэ раз хачу скарыстацца магчымасцю і звярнуць увагу на такі інструмент як pre notice ў Інтэрпал. Гэты інструмент дае магчымасць загадзя паведаміць, што супраць вас можа быць пададзены палітычны запыт. І тым самым можна знізіць верагоднасць паўтарэння такіх кейсаў, як у Андрэя».
Гісторыя з Андрэем Гнётам — гэта прыклад вялікай палітычнай, грамадзянскай кампаніі, у якой былі задзейнічаныя многія людзі і структуры. Напрыклад, не дапусціць экстрадыцыю Андрэя Гнёта ў Беларусь заклікалі каля 500 дзеячаў з сусветнай мастацкай супольнасці.
Андрэй Гнёт быў затрыманы ў аэрапорце Бялграда год таму — 30 кастрычніка 2024 года. Мужчыну арыштавалі па заяўцы Інтэрпала: у Беларусі супраць яго заведзена справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў на суму каля 300 тысяч еўра. Вышэйшы суд Бялграда двойчы прымаў рашэнні аб экстрадыцыі рэжысёра ў Беларусь, двойчы іх апратэстоўвалі ў Апеляцыйным судзе. Актывіст і ягоныя адвакаты настойваюць, што яго пераследуюць па палітычных прычынах: у 2020 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў Свабоднага аб'яднання спартсменаў SOS BY, які ўлады РБ лічаць «экстрэмісцкім фармаваннем».
вх