Беларуская Служба

Чэргі да лекараў-спецыялістаў у Польшчы выраслі за год на паўмільёна чалавек

11.11.2024 08:09
Там, дзе пацыент мае накіраванне з паметкай «тэрмінова», растуць хутчэй, чым у астатніх.
Здымак мае ілюстрацыйны характарfernandozhiminaicela/pixabay.com/CC0 Public Domain

Так вынікае з інфармацыі, якую дэпутаты падкамітэта па ахове здароўя заслухалі ў Міністэрстве аховы здароўя. Параўноўвалася сітуацыя ў верасні гэтага года з вераснем мінулага года, піша Rzeczpospolita.

Больш за ўсё павялічылася колькасць прыёмаў у фізіятэрапеўтаў: на 195 тысяч чалавек. Большыя чэргі і да артапедаў. Больш людзей (без неадкладных паказанняў) таксама чакаюць каланаскапіі або гастраскапіі.

Раней перад пасяджэннем падкамісіі сабраўся ўвесь парламенцкі камітэт па ахове здароўя. Дэпутаты ад апазіцыі склікалі яго, бо хацелі заслухаць інфармацыю Міністэрства аховы здароўя аб «абмежаваннях у аказанні медыцынскіх паслуг у сувязі з фінансавай сітуацыяй у сістэме аховы здароўя». Дадзеныя міністэрства сведчаць, што ў гэтым годзе 91 медыцынская арганізацыя спыніла аказанне паслуг, але ў асноўным гэта адбылося з-за недахопу кадраў і рэканструкцыяй.

Януш Чэшыньскі з апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» раскрытыкаваў дакумент, прадстаўлены міністэрствам. «Па ўсёй Польшчы ёсць бальніцы, якія перастаюць прымаць пацыентаў з-за фінансавай дзіркі ў Нацыянальным фондзе здароўя, а ў 30-старонкавым дакуменце пра гэта няма ні слова», — сказаў ён. У якасці прыкладу дрэннай сітуацыі ён прывёў гарадскую бальніцу ў Эльблёнгу, дзе пацыентаў не прымаюць па лекавых праграмах.

Намеснік міністра аховы здароўя адказаў: - Вы кажаце, што аддзяленні зачыняюцца, а сёлета на 5% больш стала кансультацый у спецыялізаванай дапамозе, пры гэтым колькасць кансультацый і знаходжання ў стацыянары павялічылася на 8% у параўнанні з мінулым годам. Ён нагадаў, што ў гэтым і наступным годзе сумы, якія выдзяляюцца на ахову здароўя, значна павялічацца.

Чэслаў Хоц з «Права і справядлівасці» ахарактарызаваў сітуацыю ў ахове здароўя як «трагічную», бо некаторыя бальніцы балансуюць на мяжы ліквіднасці. Ён ацаніў дзірку ў бюджэце Нацыянальнага фонду аховы здароўя прыкладна ў 22 мільярды злотых сёлета і заявіў, што «ў палякаў рухне пачуццё бяспекі здароўя».

Дэпутатка Крыстына Скаўроньска з кіруючай «Грамадзянскай кааліцыі» спытала дэпутатаў ад апазіцыі, ці памятаюць яны, як скончыў Нацыянальны фонд аховы здароўя ў мінулым годзе: страты склалі 16,5 мільярдаў злотых.

Апазіцыя падала прашэнне аб выказванні вотуму недаверу міністру аховы здароўя Ізабэле Ляшчыне. На думку «Права і справядлівасці», гэта наступства «абвалу ў ахове здароўя, які адбыўся пасля 10 месяцаў кааліцыйнага ўрада 13 снежня».

Rzeczpospolita/ав