Карэспандэнт: Надзея, чаму выстава называецца "Покуць"? Адкуль узялася такая назва?
Надзея Саяпіна: Покуць — гэта проста назва ад чырвонага кута ў хаце, як прынята казаць у Беларусі. Чырвоны кут — гэта сакральны кут у доме, які існаваў у розных славянскіх народаў. Гэта месца, дзе вісіць ікона, адбываюцца малітвы і іншыя рытуалы. І "покуць" — гэта менавіта назва для гэтага кута.
Карэспандэнт: У вашых карцінах найбольш уражвае тэхніка, якой яны намаляваныя. Раскажыце, калі ласка, пра яе.
Надзея Саяпіна: Вы, напэўна, маеце на ўвазе серыю малюнкаў "Краявіды". Яны зробленыя ў тэхніцы філіграмы. Раней у такой форме пісаліся вершы, якія станавіліся выявай, малюнкам. Я паўтараю нейкае слова ці цэлую цытату шмат разоў і з гэтага фармую малюнак. У дадзеным выпадку гэта зроблена па фатаграфіі: спачатку мне даслалі фатаграфію, і я ўжо па ёй рабіла малюнак, паўтараючы прымаўкі і прыказкі.
Карэспандэнт: Але словы прачытаць немагчыма, вы іх кадзіруеце…
Надзея Саяпіна: Так. Гэта важная дэталь, бо калі можна прачытаць кожнае слова, філіграма будзе занадта зразумелай. Але для мяне важны момант — тое, што мае надпісы становяцца нечытэльнымі. То бок, гэта нейкі код, які трэба расшыфраваць. Калі мы кажам пра беларускую культуру, яе традыцыі, то, на жаль, гэта часта для нас нешта забытае, схаванае ці закадаванае. І вось гэта такая раскопка: ты пачынаеш шукаць, што гэта, аб чым, на якой мове, якім шрыфтам…
Карэспандэнт: З формай зразумела, а вось калі па сутнасці — што вы шукаеце ў гэтым куце?
Надзея Саяпіна: Я хутчэй не шукаю, а паказваю сам пошук, які ў гэтым куце адбываецца. Мы ж увесь час шукаем адказу: што такое беларускасць, у чым нашы традыцыі, ці сапраўды яны такія, што менавіта наша, а што, магчыма, падаецца такім. Але на самой справе тут важна і тое, што сам пошук мае значэнне, і тое, што мы маем права на нейкае сцвярджэнне. І ў гэтым няма нічога страшнага, нават калі гэта нешта новае. То бок, калі мы выйдзем з кута і нават нешта пра яго распавядзём ці нават нешта створым, то маем на гэта права. Гісторыя важная, і пра гэта ў маёй выставе таксама шмат. І цікава яе адкапаць, знайсці і стварыць на гэтай падставе нешта новае.
Карэспандэнт: А што вы кадзіруеце? Гэта сучаснікі ці, магчыма, проста гісторыя беларускай літаратуры?
Надзея Саяпіна: У гэтым і сэнс, што я міксую. Я не хачу сказаць, што гэта праект адраджэння нечага старога. Я хачу паказаць, што ёсць нешта агульнае, цыклічнае, як тое, што аснова выказванняў пра пошук ідэнтычнасці ў стане эміграцыі — яна якраз цыклічная. І, як сто гадоў таму, Якуб Колас у выгнанні, калі яго краіна была падзеленая, успамінаў сваю Бацькаўшчыну і пісаў свае вершы, якія мы потым вучылі некалькімі пакаленнямі, то зараз і мы ў такой сітуацыі і таксама нешта ствараем. У гэтым ёсць нейкі сэнс, і мне хочацца паказаць, што ўсе гэтыя справы адбываюцца цыклічна. І становіцца трохі сумна, што мы так і не прыходзім урэшце да вольнай Беларусі. А з іншага боку, у нас ізноў такі перыяд, ізноў мы нешта створым і адродзім, і народзім нейкія новыя наратывы. Хочацца, каб людзі, бачачы гэта, не апускалі рукі і разумелі, што нашы знакамітыя творы былі зроблены за мяжой, і гэта нармальна.
філіграма Надзеі Саяпінай
Карэспандэнт: Нягледзячы на тое, што па форме ваша выстава незвычайная, падаецца, яна ўсё ж вельмі беларуская. Як так?
Надзея Саяпіна: Калі гэта адчуваецца, то мне здаецца, гэта праз негатыўную тэхніку. Негатыўную ў тым сэнсе, што белы малюнак ідзе па чорнай паперы. Гэта адсылае да нашых традыцый, бо наш арнамент не толькі бела-чырвоны — у ім ёсць і чорны колер. Напрыклад, у посцілках выкарыстоўваюцца бліскучыя і яркія элементы, нібы ствараючы нейкі негатыўны эфект. І вось белая выява, зробленая на чорным, можа здавацца таксама нечым традыцыйным.
Карэспандэнт: Беларуская гісторыя шмат у чым трагічная, і прысутнасць чорнага колеру ў арнаментах здаецца натуральнай.
Надзея Саяпіна: Я нядаўна падумала, што гэта нечым нагадвае царапіны на помніках. У гэтым аспекце ўсё максімальна трагічна, але выявы, якія людзі выбіраюць для сваіх фатаграфій, тыя, што яны асацыююць з беларускім, — гэта нам знаёмыя хаткі, сучасныя панэлькі, ці проста краявіды. Праз гэта мы таксама разумеем, што гаворка пра наш край, наш родны кут.
Карэспандэнт: Як звычайна ўспрымаюць вашы карціны гледачы?
Надзея Саяпіна: Мне цяжка сказаць, бо я апошнім часам рэдка выстаўляю такія працы. У мяне зараз больш мультымедыйных праектаў, інсталяцый, а з гэтай тэхнікай я выстаўляла толькі паштоўкі. Сама тэхніка цікавіць людзей і для еўрапейскага гледача выглядае незвычайнай. Нехта прыгадвае сюррэалістаў, авангардыстаў і іншых мастакоў, якія працавалі з філіграмамі. Сёння ёсць мастакі, якія працуюць у гэтай тэхніцы, але, мне здаецца, найбольш здзіўляе людзей гэты негатыўны падыход, калі малюнак робіцца белым па чорным, а не звычайна чорным па белым. І дзе страчваецца тэкст, застаецца нешта мільгаючае. Усё гэта, дарэчы, звычайна заснавана на досведзе людзей, на іх аповедах праз інтэрв’ю, апытанкі, архівы, да якіх я звяртаюся. Так, як на гэтай выставе, я звярнулася да фотаархіваў людзей. Для мяне вельмі важны гэты сацыяльны падыход, і абсалютна кожны мой праект пачынаецца з таго, што я звяртаюся да людзей. Мне важна спачатку пачуць гэтыя галасы, траўматычныя ў нечым, і потым ужо стварыць выказванне, якое будзе паказваць нешта агульнае і асабістае.
Павел ЗАЛЕСКІ
Здымак: Надзея Саяпіна