Gazeta Wyborcza друкуе інтэрв’ю з віцэ-міністрам унутраных спраў і адміністрацыі прафесарам Мацеем Душчыкам (Maciej Duszczyk) пра міграцыйную стратэгію ўладаў. Самая важная ў дакуменце тэматыка бяспекі. Змены ў Польшчы адбыліся вельмі хутка, яна за кароткі перыяд ператварылася з дзяржавы, якая пастаўляе мігрантаў у іншыя краіны, у дзяржаву, якая іх прымае.
Асноўная праблема – адсутнасць прадуманай палітыкі інтэграцыі мігрантаў, вера, што праз некалькі гадоў яны вернуцца ў краіну паходжання. З-за таго, што палітыкі ў Польшчы стараліся гэтых людзей не заўважаць, яны выключаныя з розных працэсаў – кажа суразмоўца выдання.
Адсутнасць міграцыйнай палітыкі, але і адсутнасць магчымасці ставіць мігрантам пэўныя патрабаванні была вялізнай памылкай. Акрамя таго, прафесар адзначае бездапаможнасць дзяржавы ў дэпартацыі асоб, якія былі прызнаныя персонамі нон грата.
Частку адказнасці за лёс мігрантаў неабходна ўскласці на бізнес. Скажам, калі фірмы намераныя прыцягнуць сотню тысяч супрацоўнікаў з Філіпін на патрэбы канкрэтнай інвестыцыі, трэба ім задаць пытанне, што далей будзе з гэтымі людзьмі. Іх проста звольняць, і яны могуць стаць беспрацоўнымі. Таму ў стратэгіі ідзе гаворка таксама пра падбор працаўнікоў, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і магчымасць перакваліфікавацца.
А ў першую чаргу неабходна змяніць правілы прыёму замежных студэнтаў у польскія ВНУ, каб не было фіктыўных студэнтаў, якія атрымалі візы, але вучыцца не пачалі.
нг