Беларуская Служба

Шлях да свабоды і ведаў: гісторыя Аляксея, студэнта ў Польшчы

14.11.2024 11:50
Аляксей яшчэ ў школьныя гады пачаў вывучаць польскую мову, бо разумеў, што не хацеў паступаць у беларускі ВНУ, дзе ад яго патрабавалася б лаяльнасць да рэжыму.
Аўдыё
 :
Ілюстрацыйнае фота: недзе ў Познані Фота аўтара/Беларуская служба Польскага радыё

Я вырашыў не станавіцца лаялістам рэжыму

Аляксей — студэнт факультэта інфарматыкі. Сам пра сябе ён кажа, што чалавек актыўны, захапляецца не толькі вучобай, але і палітыкай, філасофіяй, літаратурай. У Польшчу прыехаў адразу пасля заканчэння школы.

— Скажам так, у маім выпадку прысутнічаў відавочны палітычны падтэкст, бо ў той жа школе я часта адкрыта выказваў сваю пазіцыю, і пра гэта ўсе ведалі. Калі ў школе гэта яшчэ магло прайсці, то ва ўніверсітэце, як мне распавядаюць знаёмыя, якія засталіся вучыцца ў Беларусі, з такімі поглядамі спакойна жыць не атрымалася б. Таму я вырашыў не станавіцца лаялістам рэжыму, а адразу з’ехаць вучыцца за мяжу.

Пасля рэпрэсій таго настрою не стала

Хлопец распавядае, што падчас падзей 2020 года ён быў школьнікам, але шмат чаго бачыў і цікавіўся тым, што адбываецца, бо ўжо быў заангажаваны палітыкай і меў уражанні ад тых падзей.

— З аднаго боку, было прыемна назіраць, як грамадства абуджаецца, як людзі пачалі звяртацца да сваіх каранёў. Памятаю, яшчэ ў 2019 годзе на ўроку беларускай літаратуры распавядаў сваім аднакласнікам пра БЧБ-сцяг, і тады большасць пра гэта нічога не ведала. А ў 2020 годзе грамадства абудзілася, людзі сталі праяўляць актыўнасць, і гэта было прыемна назіраць. Але потым, калі пратэст згас, пачаліся татальныя рэпрэсіі і зачыстка рэшты супраціву, таго настрою ўжо не стала.

Цёплы прыём палякаў і складанасці з легалізацыяй

Нягледзячы на малады ўзрост, Аляксей кажа, што асаблівых праблем у новай краіне ён не адчуў, хоць, як і паўсюль, існуюць свае складанасці. Дарэчы, да паступлення за мяжу хлопец пачаў рыхтавацца загадзя.

— Мову пачаў вучыць за год да паступлення, бо ў 10-м класе зразумеў, што давядзецца вучыцца за мяжой. Канешне, былі некаторыя цяжкасці, каб пачаць свабодна размаўляць, ёсць складанасці з легалізацыяй, бо дагэтуль не атрымаў часовага побыту. Але, у прынцыпе, праблем з інтэграцыяй у новае грамадства не меў: палякі вельмі цёпла ставяцца, у мяне ёсць сябры палякі. Адзінае, што застаецца нявырашаным, — гэта праблема з легалізацыяй. У гэтым годзе гэта пытанне яшчэ больш ускладнілася. Мае знаёмыя, якія паступалі сёлета, кажуць, што стала складаней атрымаць візу для тых, хто хоча прыехаць вучыцца.

Добра, што побач ёсць беларусы і ўкраінцы

Што датычыць непасрэдна вучобы, Аляксей задаволены тым, што вывучае інфарматыку, нават нягледзячы на тое, што гэта адбываецца ў іншай краіне.

— Краіна, вядома, чужая, але падтрымлівае тое, што разам вучацца шмат беларусаў і ўкраінцаў. На нашым кірунку, напрыклад, большасць студэнтаў — беларусы і ўкраінцы. З польскай мовай праблем няма, усё разумею, а інфарматыка пераважна складаецца з англійскіх тэрмінаў. А англійская мова паўсюль аднолькавая.

Падпрацоўваю, як і іншыя студэнты

Цікаўлюся ў Аляксея, як ён уладкаваў свой быт, за што жыве, ці атрымлівае стыпендыю…

— Стыпендыю я пакуль не маю, але сёлета падаўся на стыпендыю рэктара, паколькі добра вучуся і шмат удзельнічаю ў розных конкурсах і актыўнасцях. Эканамічна, вядома, крыху дапамагаюць бацькі, але і самому даводзіцца час ад часу падпрацоўваць. Канешне, гэта не тое, што мне падабаецца, але з гэтым можна жыць. І гэта тое, на што я гатовы пайсці, каб працягваць вучобу.

— А якія бываюць падпрацоўкі?

— Аднойчы я працаваў на складзе, часам трапляецца нешта звязанае з маёй прафесіяй. Праўда, такое здараецца рэдка, бо ў мяне пакуль мала досведу, а ІТ-рынак вельмі перагружаны.

— Ну, а па начах не даводзілася працаваць, а потым раніцай ісці на заняткі?

— У мяне быў такі перыяд у пачатку гэтага года, калі даводзілася сумяшчаць працу на складзе і вучобу. Восем гадзін працаваў, а потым яшчэ шэсць гадзін быў на занятках. Гэта было складана, але гэта быў кароткі перыяд, і такое можна перажыць.

Быў момант, калі я перавёў нават украінцаў на ўкраінскую мову

Нягледзячы на такую занятасць, Аляксей кажа, што не пакідае ў баку грамадскую дзейнасць.

— Зараз я ствараю беларускі размоўны клуб у нашай вучэльні. Мы збіраемся са студэнтамі, гутарым на агульна-культурніцкія тэмы і вучым беларускую мову. Праўда, у кожнага гэта адбываецца даволі індывідуальна. Ведаю людзей, якія пераехалі і не адчуваюць ніякай сувязі з Беларуссю, проста жывуць сваім жыццём. Але ёсць і тыя, хто адчувае гэтую сувязь, і з такімі я больш ахвотна працую. Нядаўна ў нас быў праект: у адной гульні мы стварылі беларускі сервер. Таксама чытаю шмат, займаюся літаратурай, спрабую пісаць. Быў момант, калі я нават пераканаў некаторых украінцаў размаўляць па-ўкраінску. Яны, пачуўшы, як беларус размаўляе па-беларуску і агітуе за гэта, вырашылі, што ім сорамна размаўляць па-расейску.

У Мінску даўно не быў…

— А не шкадуеш, што прыехаў сюды вучыцца?

— Вядома, ёсць мінусы: не магу сустрэцца з роднымі, у Мінску даўно не быў. Але час пакажа…

— Па чым сумуеш?

— Вядома, сумую. Калі б была магчымасць прыехаць, сустрэць родных, блізкіх, сяброў… Ды і проста хацелася б пагуляць па знаёмых мясцінах.

Павел ЗАЛЕСКІ