Gazeta Wyborcza на сваіх старонках, прысвечаных жыццю сталіцы, піша, што ў варшаўскай сцёкавай вадзе знойдзены вірус поліяміеліту. Апошнія выпадкі гэтай хваробы ў Варшавы былі зафіксаваныя ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя.
Падобныя знаходкі здарыліся апошнім часам таксама ў Іспаніі і Вялікабрытаніі – адзначае вядучы спецыяліст Дзяржаўнай санстанцыі Павел Гжэсёўскі (Paweł Grzesiowski). І дадае, што вірус, знойдзены ў пробах вады, не нясе ніякай пагрозы прышчэпленым людзям. А ў Польшчы прышчэпкі ад поліяміеліту былі ўведзеныя ў сярэдзіне 50-ых гадоў, яны робяцца ўсім дзецям. Тым не менш, вірус можа быць небяспечны для асоб, якія не былі прышчэпленыя. Яны або іх апекуны перш за ўсё павінны паклапаціцца аб вакцынацыі. Прышчэпка бясплатная для ўсіх асоб да 19 года жыцця.
У Еўропе з 2002 года не было заражэння дзікім вірусам поліяміеліту. Тое, што былі знойдзеныя сляды віруса, можа быць звязана з вялікай хваляй эміграцыі ў Еўропе – прыводзіць выданне словы вірусолага доктара Малгажаты Кшыжаноўскай (Małgorzata Krzyżanowska). Можа так здарыцца, што ў Еўропу пачнуць вяртацца забытыя ўжо заразныя хваробы.
нг