Гэта доўгачаканы пачатак шляху, піша Rzeczpospolita.
19 лістапада 2024 г., павінен увайсці ў гісторыю Касцёла ў Польшчы. Але не таму, што ён далучыўся да Міжнароднага дня прадухілення гвалту ў адносінах да дзяцей, асвятліўшы некаторыя храмы чырвоным святлом на знак супрацьдзеяння жорсткаму абыходжанню з дзецьмі, а перш за ўсё таму, што біскупы падчас Канферэнцыі епіскапату Польшчы (KEP) вочы ў вочы сустрэліся з людзьмі, якія ў дзяцінстве падвяргаліся сексуальнаму гвалту з боку святароў, і прыслухоўваліся да іх галасоў.
Чаму біскупы пазбягалі сустрэч з людзьмі, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту?
Некаторыя біскупы праводзяць такія сустрэчы некалькі разоў на год. Але KEP як органу, які аб’ядноўвае ўсіх дзеючых іерархаў (а іх каля сотні), ніколі раней не ўдавалася арганізаваць такую сустрэчу. Іерархі напісалі вернікам лісты, у якіх асуджалі педафілію, запэўнівалі, што сур’ёзна ставяцца да гэтых спраў, перапрашалі за святароў за ўчыненне злачынстваў і ўласную нядбайнасць. Таксама былі прыняты рашэнні аб выбудоўванні сістэмы прафілактыкі і абароны, а таксама фінансавай падтрымкі пацярпелых.
Тыя, хто чакаў неадкладнага вырашэння ўсіх праблем пасля ватыканскай сустрэчы Папы Францішка з біскупамі наконт педафіліі ў Касцёле, напэўна, адчуваюць вялікае расчараванне.
На мяжы 2018 і 2019 гадоў – перад сустрэчай Папы Францішка са старшынямі епіскапатаў свету – адбыліся індывідуальныя размовы тагачаснага старшыні Епіскапату Польшчы арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага (Stanisław Gądecki).
Некаторы час таму адзін з біскупаў прынёс на пасяджэнне Канферэнцыі Епіскапату «падарунак», прыгатаваны ахвярамі злоўжыванняў, — чорную талерку з белымі шыпамі, звернутую да таго, хто з яе еў. Ясны сігнал, які заклікае іерархаў заўважыць пакрыўджаных.
Вясной гэтага года, калі з'явіліся абвінавачванні ў дачыненні да арцыбіскуп Тадэвуша Войды (Tadeusz Wojda) пра неналежнае абыходжанне з пацярпелымі, напісалі адкрыты ліст сябрам Пастаяннай рады. Яго падпісалі каля 50 чалавек. Тысячы людзей выказалі салідарнасць у інтэрнэце. Адным з патрабаванняў была сустрэча з KEP. У біскупаў не было выбару. Давялося пагадзіцца.
Таму сустрэча ў аўторак была вымушанай. Ці зменіць нешта такое вымушанае спатканне ў адносінах паміж пацярпелымі і біскупамі?
«Я хутчэй разглядаю гэтую сустрэчу як пачатак супольнага шляху ў духу сінадальнасці, якую прапагандуе Папа. Доўгая, цяжкая і звілістая дарога. Я бачу пачатак працэсу, у якім шляхі вырашэння пытання ідуць шляхам абмену вопытам, размоў і сумеснага аналізу прапанаваных варыянтаў дзеянняў. Пакуль — і яшчэ раз падкрэслю, што не ўсюды — голас пацярпелых быў недзе на ўзбочыне. І інтарэс насамрэч агульны: працаваць над тым, каб зрабіць Касцёл бяспечным месцам», піша Томаш Кшыжак (Tomasz Krzyżak).
Як успрымаюць сустрэчу з біскупамі самі пацярпелыя?
Так бачаць гэта і тыя, хто ўдзельнічаў у гэтай сустрэчы. Іх заявы выклікаюць надзеі. Прэс-сакратар KEP кс. Лешак Гэнсяк сказаў, што гэта была добрая і плённая сустрэча. Арцыбіскуп Войцех Поляк падкрэсліў, што гэта важны этап на шляху аздараўлення Касцёла і што варта сустракацца і працаваць разам. Прадстаўнік пацярпелых Роберт Фідура адзначыў, што сустрэча была хвалюючай, вельмі эмацыйнай, адкрытай і шчырай. Ён нагадаў, што біскупам удалося прадставіць усё важнае для ахвяр. Ён сказаў, што біскупы таксама мелі асабістыя і шчырыя заявы. Ён таксама падкрэсліў, што біскупы сталі глядзець на некаторыя рэчы гэтак жа, як і тыя, каго пакрыўдзілі.
Адзін з пацярпелых Якуб Панковяк (Jakub Pankowiak) падкрэсліў, што гэта была гістарычная сустрэча. Ён сказаў, што пацярпелыя былі партнёрамі ў размове, яны дэманстравалі свае чаканні ў адносінах да Касцёла, і хаця часам іх цяжка прыняць, яны неабходныя, каб разам ствараць рэчаіснасць.
«З сённяшняга дня нам будзе нашмат лягчэй ісці разам па супольным шляху, хоць ён і не будзе ўсыпаны ружамі, але справа ў тым, каб мы разам працавалі на карысць пацярпелых і на карысць грамадства», — адзначыў Якуб Панковяк.
Грамадства будзе сачыць за рукамі біскупаў
Так, сексуальны гвалт над непаўналетнімі — не самая важная праблема Касцёла. Часта гэта можна пачуць ад біскупаў, святароў і простых людзей. Сапраўды, у Касцёле шмат праблем. Адыход дзяцей ад рэлігіі, усё большая секулярызацыя, няўключанасць вернікаў у жыццё Касцёла і г. д. Тым не менш, у пэўнай ступені адной з прычын гэтых праблем з’яўляецца неадэкватны падыход інстытуцыйнага Касцёла да пытання сексуальнага гвалту. Скандалы такога кшталту адштурхваюць. Людзі ляпаюць дзвярыма храмаў і не жадаюць мець нічога агульнага з такой Царквой.
«Аднак трэба прама сказаць: гэтае спатканне нельга разглядаць як піяр-сустрэчу, якая мае на мэце спрыяць паляпшэнню іміджу Касцёла. Трэба пераходзіць ад слоў да справы, памятаючы, што грамадства – праз СМІ – будзе сачыць за іерархамі», рэзюмуе аўтар выдання Rzeczpospolita.
вх