фота: Святлана Воўчак
Стартавала навуковая прэмія ад супольнасці зіна «Pamyłka» «Бізон Гіґс – 2024». Гэта прэмія супольнасці беларусаў для беларускіх навукоўцаў у галіне натуральных, дакладных навук, або навук пра Зямлю.
Прэмія «Бізон Гіґс» стала натуральным працягам працы неабыякавых беларусаў, якія займаюцца сціслымі навукамі. Некаторы час таму яны пачалі выдаваць часопіс «Pamyłka». Першы нумар выйшаў у сакавіку 2023 года, літаральна некалькі дзён назад – шосты.
Пачаткова часопіс стварала група знаёмых, якім было неабыякава, каб навуковыя тэмы друкаваліся на беларускай мове. Да чарговых нумароў далучыліся беларускія навукоўцы з Беларусі і розных еўрапейскіх краін.
У рэдакцыі даўно саспявала ідэя, каб рабіць беларускіх навукоўцаў больш бачнымі. Для гэтага было вырашана стварыць адмысловую прэмію.
З аднаго боку ёсць патрэба ў навукоўцах, якія валодаюць сціслымі навукамі, а з іншага ёсць недаацэненасць такіх спецыялістаў. Часопіс збірае вакол сябе супольнасць аўтараў, якія гэта разумеюць. Важна перадаць іскру таго, што адбываецца на старонках часопісу ў грамадства, кажа каардынатар прэміі «Бізон Гіґс» і аўтар зіна «Pamyłka» Міхаіл Воўчак:
- Гэта вельмі важна. Навуковец можа працаваць сам, а цяпер яны часта дзейнічаюць і ў вялікіх камандах, могуць рабіць нейкую справу, не ключавую, але важную. Такія працы могуць ісці дзесяцігоддзямі, беларусаў там можа быць шмат. І ўзнікла ідэя, каб зрабіць беларускіх навукоўцаў бачнымі, аддаць ім гонар. Таму часопіс - кропка крышталізацыі, а прэмія можа быць магчымай кропкай росту павагі да сціслай навукі і да канкрэтнага навукоўца.
Прэмія мае народны характар. Міхаіл Воўчак кажа, што яны хочуць, каб з’яўленне гэтых людзей пачалося ад грамадства. Ідэя ў тым, каб кандыдатаў мог вылучыць любы чалавек, а не сціслая група экспертаў:
- Мы заявілі максімальна гарызантальны падыход, каб кожны беларус мог заявіць свайго сябра, знаёмага, ці проста чалавека, якога ведае. Патрэбна, каб заявілі два чалавекі, і гэта будзе намінаванне. Мы праверым інфармацыю і ўнясём гэтых навукоўцаў у спіс. Галасаваць будуць усе ахвочыя. Намінацыя – да канца году, студзень-частка лютага – галасаванне. У ідэале 15 сакавіка будзе ўручэнне.
Ініцыятары стварылі збор сродкаў. Абраны навуковец атрымае столькі, колькі ўдасца сабраць на Баймікофі і Гронцы.
Міхаіл кажа, што ім важна павялічыць бачнасць сувязі паміж грамадзянамі з навукоўцамі сціслых навук:
- Нам важна ў час драматычных, глабальных, сацыяльных, палітычных змен рабіць нешта ствараючае. Гэтае ствараючае не выглядае, як нешта вялікае, але, магчыма, у будучыні яно будзе мець цікавы эфект. Як кажуць, энергія ідзе за ўвагай. Мы хочам звярнуць увагу на навуку, якая стварае і аб’ядноўвае людзей.
У апошнім, шостым нумары часопіса «Pamyłka», сярод іншага, можна прачытаць пра наступныя тэмы: Як мяняўся метр акулы мегаладона ў часе? Як рабіць этычныя раскопкі? Што трэба ведаць, каб уладкавацца на крыптабіржу? Чаму айсбергі не плаваюць вертыкальна? Колькі салёнай вады трэба, каб запаліць лямпачку?
Аўтарам артыкула на апошнюю тэму з'яўляецца Міхаіл Воўчак. Пра свой артыкул ён расказвае ў далучаным гукавым файле. Слухайце аўдыё.
ав