Беларуская Служба

Колькасць беларускіх студэнтаў з году ў год павялічваецца на прыкладна 10%

03.12.2024 12:15
Пагаршэнне стасункаў Беларусі з еўрапейскімі краінамі ў апошнія гады не паўплывала на дынаміку росту колькасці беларускіх студэнтаў за мяжой.
Аўдыё
  • Колькасць беларускіх студэнтаў з году ў год павялічваецца на прыкладна 10%
Варшаўскі ўніверсітэтфота: Kamyq/pixabay.com/CCO

Нягледзячы на фармальныя складанасці іх колькасць з году ў год павялічваецца на прыкладна 10%. 

Інстытут “Палітычная сфера” прааналізаваў дадзеныя аб колькасці студэнтаў у замежных ВНУ за апошнія 10 гадоў. Адзначаецца, што бягучы навучальны год не быў узяты пад увагу з-за адсутнасці статыстычных дадзеных.

Асноўныя накірункі – гэта Польшча, Літва, Германія і Чэхія. Штогод колькасць беларускіх студэнтаў у Еўропе расце на 10%. У Беларусі падае прыкладна на 5% штогод.

Людзі ў Беларусі сур’ёзна разглядаюць заходні напрамак атрымання вышэйшай адукацыі, і ён для іх вельмі прывабны. У мінулым навучальным годзе больш за 18 тысяч беларускіх студэнтаў навучаліся ў еўрапейскіх універсітэтах.

У Еўропе нязменна лідзіруе Польшча, якая заўсёды карысталася попытам. Расказвае адна з аўтараў даследавання Лізавета Пракопчык:

- З 2013 года штогод было прыкладна 500 студэнтаў плюс. З 2017/2018 выбухны рост – плюс тысяча. Самы выбухны рост адбыўся ў 2022/2023 годзе, дадалося 1600 студэнтаў.

Беларускія студэнты – другая замежная група ў польскіх ВНУ (пасля ўкраінцаў).

Важным накірункам застаецца Літва. Да 2020 года ішло зніжэнне колькасці беларусаў. 1700 студэнтаў - у 2013/2014, а ў 2019/2020 - менш за тысячу. У наступныя гады дынаміка становіцца пазітыўнай. Зараз колькасць беларускіх студэнтаў перавышае 1,5 тысячы чалавек.

Як і ў Польшчы беларусы з’яўляюцца важнай часткай замежных студэнтаў у Літве, адзначае Андрэй Казакевіч:

- Гэта другая краіна, дзе беларускае студэнцтва важнае. У іншых краінах гэта літаральна некалькі адсоткаў. У Літве – 15%. На першым месцы – украінцы, каля 20%.

У Германіі дынаміка вельмі падобная да літоўскай. Да 2020 году назіраўся спад, пасля дынаміка стала больш пазітыўнай, хоць значна слабейшай, чым у Польшчы ці Літве. Для гэтага ёсць шмат прычын, кажа Лізавета Пракопчык:

- Шмат перашкожаў для паступлення: патрабаванні да колькасці грошай на рахунку і візаў. Да таго ж нямецкія ўніверсітэты больш спецыялізуюцца на магістарскіх і доктарскіх праграмах. Але ў Германіі пасля выпуску з ВНУ можна знаходзіцца 18 месяцаў для пошуку працы.

Калі казаць пра Чэхію назіарецца ўстойлівы рост зацікаўленасці. У 2020 годзе былі ўведзены абмежаванні: для візы трэба было атрымаць стыпендыю. Мы бачым, што людзі з гэтым спраўляюцца і знаходзяць стыпендыі.

Калі казаць пра Расію, то да 2022/2023 навучальнага года дынаміка ў Расіі была адмоўная, студэнтаў станавілася менш і менш. Пасля ўмовы для паступлення палепшыліся. У 2023/2024 годзе ў Расіі навучалася каля 11 тысяч чалавек, што вельмі набліжана да колькасці беларускіх студэнтаў у Польшчы.

У самой Беларусі студэнтаў становіцца менш. Штогод назіраецца іх змяншэнне прыкладна на 5%. У сваю чаргу расце колькасць замежных студэнтаў у Беларусі. Гэта за іх кошт дынаміка росту лічбы студэнтаў у краіне павялічваецца.

Беларускія студэнты ў значнай ступені не зацікаўленыя ў беларускай адукацыі, прыцягальнасць заходняй адукацыі павялічваецца, канстатуюць аўтары даследавання.

- Гэта не абавязкова добрая з’ява. У большасці выпадкаў гэта азначае сталую эміграцыю. Далёка не ўсе вяртаюцца. Тое самае тычыцца адукацыі і ў Расіі. Для большасці гэта сродак знешняй мабільнасці. Гэта значыць, што Беларусь губляе значную частку моладзі. Трэба адзначыць, што папулярнасць Расіі крытычны знізілася за апошнія 10 гадоў. Мы не бачым уплыву крызісу ў адносінах паміж Беларуссю і Расіяй і Захадам на выезд з краіны для атрымання адукацыі. Тыя, хто хоча атрымаць адукацыю за мяжой, у большасці выбіраюць краіны ЕС.

Гэтае назіранне важнае не толькі для лепшага разумення  сітуацыі ў адукацыйным сектары, але і ў цэлым у Беларусі, канстатаваў Андрэй Казакевіч.

ав

слухайце аўдыё