поўная размова – слухайце аўдыёфайл
У Празе працуе ўстанова, асноўная мэта якой – дапамога іншаземцам. Інтэграцыйны цэнтр Прага – гэта некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2012 годзе мэрыяй чэшскай сталіцы. Ён займаецца каардынацыяй інтэграцыйнай дзейнасці і наладжваннем супрацоўніцтва паміж некамерцыйным сектарам, мясцовым самакіраваннем і гарадскімі ўладамі Прагі.
Кацярына Газукіна. Фота прадастаўленае суразмоўцам
Дзейнасць фінансуецца Фондам ЕС па пытаннях міжнароднай аховы, міграцыі і інтэграцыі, Міністэрствам унутраных спраў Чэхіі і мэрыяй Прагі. Таму ўсе паслугі цэнтру бясплатныя і даступныя ўсім, хто мае ў іх патрэбу.
Больш падрабязней пра працу ўстановы мы папрасілі расказаць Кацярыну Газукіну, каардынатара праектаў у Інтэграцыйным цэнтры Прага.
- За 12 гадоў нашай дзейнасці мы дапамаглі ў інтэграцыі больш чым 50 тыс. кліентаў. Мы імкнёмся да таго, каб Прага стала сталіцай і домам для ўсіх, хто вырашыў тут жыць, нягледзячы на тое, з якой краіны людзі сюды прыехалі.
Праблемныя пытанні, з якімі сустракаюцца іншаземцы, розныя - ад валодання чэшскай мовай да справаў, звязаных з легалізацыяй, гаворыць супрацоўніца цэнтру.
- Веданне чэшскай мовы – гэта ключавы і абавязковы элемент інтэграцыі (...). Чарговыя праблемы могуць быць са знаходжаннем – гэта легалізацыя і ўтрыманне гэтага статусу. У гэтым можна зрабіць шмат памылак, для прыкладу, з-за няведання законаў. У дадзеным выпадку вельмі важна прытрымлівацца тэрмінаў, вызначаных законам.
Дарэчы, Інтэграцыйны цэнтр Прага супрацоўнічае таксама з арганізацыямі з іншых краін, у тым ліку і з Польшчай.
Пасля грамадска-палітычных падзей 2020 года ў Беларусі многія жыхары краіны былі прымушаныя пакінуць сваю радзіму і накіравацца ў эміграцыю. Сярод краін, якія прынялі беларускіх эмігрантаў, ёсць таксама Чэхія, у тым ліку і Прага. Мы запыталі ў Кацярыны Газукінай, з якімі праблемамі ў Чэхіі сутыкаюцца беларусы і ці іх праблемы такія ж, як і іншых іншаземцаў?
- Кліентамі нашай арганізацыі могуць быць іншаземцы з краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, якія легальна знаходзяцца на тэрыторыі Чэхіі больш за 90 дзён. Такім чынам, грамадзяне Беларусі таксама з’яўляюцца нашымі кліентамі. Мы ім дапамагаем па юрыдычных пытаннях, з курсамі чэшскай мовы, кансультацыямі па пошуках працы, у перакладах. Наша мэта – весці іншаземцаў да таго, каб яны самастойна вырашалі свае пытанні.
Паводле дадзеных Чэшскага статыстычнага ўпраўлення, на канец 2023 года ў краіне пражываў 1 млн 100 тыс. іншаземцаў, што складае 10,3% насельніцтва Чэхіі. Найбольшая колькасць іншаземцаў пражывае ў Празе – 343 тыс. чалавек.
Сярод нацыянальнага складу першае месца займаюць украінцы – 636 тыс. чалавек. Грамадзян Беларусі жыве ў Чэхіі больш за 7 тыс. 700 чалавек.
Валеры Саўко
Відэа Facebook: заняткі чэшскай мовы для іншаземцаў
Відэа YouTube: Інтэграцыйны цэнтр Прага, у прыватнасці, рэалізаваў кампанію супраць дэзінфармацыі аб іншаземцах