Дзевяць чалавек з розных куткоў свету з’яўляюцца героямі сёлетняга марафону напісання лістоў праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Сярод іх – Марыя Калеснікава.
«Палітычная актывістка Марыя Калеснікава кінула выклік рэпрэсіўным уладам Беларусі. 7 верасня 2020 года яна была выкрадзена беларускімі ўладамі, арыштаваная і неўзабаве пасля гэтага асуджаная на 11 гадоў пазбаўлення волі па ілжывых абвінавачваннях. Сям'я Марыі не кантактавала з ёй больш за год. Падпішыце петыцыю і дапамажыце вярнуць яе дадому», - чытаем у інфармацыі, прысвечанай беларускай палітзняволенай. Лісты ў знак салідарнасці з Марыяй Калеснікавай будуць адрасаваныя Міністэрству замежных спраў Беларусі.
Акцыя праваабарончай арганізацыі праходзіць напярэдадні Дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня. У гэты дзень адбудзецца фінал Марафону лістоў.
Якім чынам акцыя можа ўплываць на сітуацыю герояў акцыі. Каардынатарка акцыі Агнешка Дамбравецка кажа, што гэта залежыць ад сітуацыі ў краіне і сітуацыі канкрэтнага героя:
- Як правіла, мы пішам два віды лістоў. Першы – да асоб, ад якіх залежыць лёс нашых герояў. Гэта могуць быць прэм’еры, кіраўнік турэмнай службы, мэр гораду. Другі від лістоў мы пішам непасрэдна да герояў, якія зняволеныя, ці да іх сем’яў. Бо як у выпадку Марыі Калеснікавай, мы ведаем, лісты хутчэй не дойдуць.
Салідарнасць непасрэдна з героямі – гэта адна з мэт Марафону лістоў. Другая – гэта інфармаванне грамадства аб тым, што адбываецца ў свеце. Акцыя спрыяе таму, што пра канкрэтнага героя не забываюць. Тое, што да людзей прыходзяць лісты з цэлага свету, аказвае ціск на ўлады краін, гаворыць Агнешка Дамбравецка:
- Не заўсёды непасрэдным вынікам акцыі будзе тое, што чалавека выпусцяць з турмы. Але здараецца і такое. Сярод 10 герояў леташняй акцыі – трое ўжо на свабодзе. Гэта самы значны поспех, які мы можам дасягнуць. З досведу мы аднак ведаем, што здараюцца менш значныя рэчы, але вельмі важныя для гэтых людзей. Напрыклад, паяўляецца магчымасць доступу да лекара, магчымасць сустрэчы з сям’ёй. Сям’я можа даведацца пра месца знаходжанне роднага. Такім чынам гэта меншыя поспехі, але яны маюць уплыў на стан гэтых людзей.
Героямі Марафону лістоў штогод абіраюцца каля 10 чалавек. Amnesty International стараецца, каб гэта былі людзі з кожнага рэгіёне свету. Таксама гэта людзі, гісторыі якіх датычаць розных сфер парушэння правоў чалавека.
- Мы ведаем, што асобе, якая піша лісты, часта лёгка ідэнтыфікавацца з адным чалавекам, а сітуацыя іншага чалавека для яго незразумелая. Мы паказваем, на колькі шырокі спектр парушэння правоў чалавека ў свеце. Таму сярод абраных герояў ёсць людзі, якія змагаюцца за справы клімату, зняволеныя за пратэсты. Гэта людзі, якія пацярпелі падчас пратэстаў, гэта змагары за правы людзей-інвалідаў, правы карэнных народаў. Мы імкнёмся, каб героі акцыі паказвалі сітуацыю ў свеце, з чым ён змагаецца, якія правы чалавека парушаюцца, - расказвае Агнешка Дамбравецка.
Марыя Калеснікавая, Манахэль аль-Атаібі з Саудаўскай Аравіі, Джоэл Парэдэс з Аргентыны, Нэт Нахара з Анголы, Окба Хашад з Егіпту, Сэбнэм Карур Фінансі з Турцыі, Данг Дзінь Бах з В’етнаму, К’юнг Сэок Парк з Паўднёвай Карэі, карэнны народ канадскай зямлі Wetʼsuwetʼen – сёлетнія героі Марафону лістоў.
Каардынатарка акцыі ў Польшчы расказвае, што польскія ўдзельнікі акцыі часцей за ўсё пішуць лісты Марыі Калеснікавай і Манахэль аль-Атаібі з Саудаўскай Аравіі.
30-гадовая трэнерка фітнесу Манахэль аль-Атаібі асуджаная на вялікі тэрмін за тое, што змагалася за правы жанчын у сваёй краіне. Яна змагалася супраць абавязку кожнай жанчыны ў Саудаўскай Аравіі мець апекуна-мужчыну. Манахэль аль-Атаібі гаварыла, што кожная жанчына павінна сама прымаць рашэнні, у сацыяльных сетках яна запісала відэа, на якім не апранула абавязковай для жанчын вопраткі. У выніку яе абвінавацілі ў абразе рэлігіі і закліках да бунту.
- Для мяне гэтая гісторыя асабліва блізкая. У Польшчы з ёй шмат хто ідэнтыфікуецца. У нас часцей за ўсё пішуць лісты да Марыі Калеснікавай і Манахэль з Аравіі. Гэтыя дзве жанчыны ў Польшчы з’яўляюцца найбольш любімымі гераінямі, якіх мы разумеем лепш за ўсё.
У сёлетняй акцыя ёсць групавы герой – адзін з карэнных народаў Канады. На іх зямлі пабудавалі трубаправод выкапнёвага паліва. Будова парушала дамоўленасць карэннага народу з уладамі Канады, парушыла навакольнае асяроддзе і экасістэму ў рэзерваце. Пачаліся мірныя пратэсты карэнных жыхароў, але адказ паліцыя быў вельмі жорсткім.
- Паліцыя ладзіла налёты на вёскі. Іх жыхароў збівалі, запужвалі. Сітуацыя пераўтварылася ў вайну за гэтую тэрыторыю. У сувязі з важнасцю гэтай зямлі для народа, з тым, што лідары супольнасці не пагадзіліся на будову, мы палічылі іх абаронцамі правоў чалавека і навакольнага асяроддзя. У лістах да прэм’ера Канады мы просім спыніць пераслед жыхароў гэтай зямлі. Мы не ацэньваем трубаправод. Мы хочам, каб гэтых людзей перасталі караць за абарону сваіх правоў.
К’юнг Сэок Парк не хоча больш чакаць, пакуль у Паўднёвай Карэі будуць прызнаны поўныя правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Нягледзячы на гвалт і пераслед, ён працягвае змагацца за паўнавартасны ўдзел людзей з абмежаванымі магчымасцямі ва ўсіх сферах жыцця краіны. Карэец паралізаваны ад паса ўніз, ездзіць на вазку з маладых гадоў.
- Усё адбываецца ў Сеуле, які з’яўляецца дастаткова непрыязным месцам для людзей з інваліднасцю. Сваю барацьбу К’юнг Сэок Парк засяродзіў на змаганні за доступ інвалідаў да грамадскага транспарту, у прыватнасці да метро. У сеульскім метро адбылося некалькі смяротных выпадкаў, калі вазочнікі спрабавалі ім скарыстацца. Наш герой арганізаваў некалькі блакад метро ў час-пік, за што ўлады пачалі яго пераследаваць. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Усё за тое, што ён паказвае, што вазочнікі ў Сеуле не могуць карыстацца метро. У гэтым выпадку мы пішам да мэра Сеулу, каб ён спыніў пераслед актывіста, каб яго патрабаванні былі выкананыя, - расказвае Агнешка Дамбравецка.
Лісты ў рамках Маратону ў цэлай Польшчы можна пісаць у 964 месцах. Падпісацца пад петыцыямі можна таксама на старонцы maraton.amnesty.org.pl.
ав