Беларуская Служба

Як выглядае беларуская прапаганда ў сацсетках: Святлану Ціханоўскую амаль не згадваюць

09.12.2024 16:08
Беларуская прапаганда развіваецца на лічбавых платформах.
Аўдыё
  • Беларуская прапаганда развіваецца.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock.com/Twin Design

Доўгі час панавала меркаванне, што поле дзейнасці праваднікоў афіцыйнага курсу рэжыму Лукашэні — тэлебачанне і дзяржСМІ. Але работнікі афіцыйнага прапагандысцкага пула імкнуцца ісці за тэхналогіямі і сучаснымі мадэлямі медыя ды актыўна засвойваюць інтэрнэт.

Беларуская прапаганда на лічбавых платформах развіваецца: улады шукаюць новыя галасы і падыходы,  ангажуюць людзей у флэшмобы ў падтрымку рэжыму, развіваюць сетку новых спікераў у TikTok і Telegram, укараняюць крэатыўныя інструменты прасоўвання парадку дня рэжыму. Усё гэта адзначаюць аўтары новага даследавання Цэнтра новых ідэй «Мэпінг беларускай анлайн-прапаганды ў 2024 годзе».

Па выніках аналізу аўтары зафіксавалі  сувязь паміж платформамі і «тэматычнымі перавагамі»аўтараў каналаў. Так, праўладныя крыніцы ў Telegram факусуюцца на тэмах вайны ва Украіне або сітуацыі ў заходніх краінах. Для TikTok і Instagram больш характэрнае абмеркаванне дасягненняў беларускага рэжыму,  у тым ліку прыпісванне заслуг канкрэтна Лукашэнку. На YouTube ж часта агучваецца крытыка заходніх краін.

 
Размеркаванне тэмаў па датам. Размеркаванне тэмаў па датам.

Гаворыць палітолаг, дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік:

— Імя апанента амаль не называецца. І калі гаворым пра апанента, маем на ўвазе Святлану Ціханоўскую. Хутчэй малюецца агульны вобраз ворага, маўляў, там — зло, а ў нас — дабро. Пуцін, дарэчы, таксама ніколі не згадваў імя Навальнага, Трамп не згадваў імя сваёй апаненткі. Гэта можа быць свядомым палітычным ходам, каб не падкрэсліваць пэўную асобу і не рабіць яе важнай у палітычным полі.

Тэлеграм застаецца самай важнай платформай, дзе прасоўваюцца праўладныя наратывы. Даследчыкі звязваюць гэта з тым, што шматлікія праўладныя медыя і арганізацыі прысутнічаюць у Тэлеграме, адпаведна, іх кантэнт лёгка рэтрансляваць, гаворыць Аляксей Пятрэнка, навуковы асістэнт праекта:

— Амаль палова праўладнага кантэнта — гэта адсылка да дзяржаўных СМІ. Чвэрць рэпостаў у Тэлеграме — гэта адсылка да расійскіх СМІ.

Аналіз паказаў таксама высокую цікавасць беларускіх праўладных анлайн-рэсурсаў да ваенных дзеянняў ва Украіне, эканомікі, а таксама ўнутранай і знешняй палітыкі краін Захаду.

— TikTok усё яшчэ найбольш папулярная платформа сярод беларусаў. І яна даволі свабодная, стэрыльная ад праўладных кантэнт-мэйкераў, нягледзячы на тое, што ёсць пэўны рост гэтай прысутнасці. Але там яшчэ ёсць ніша, каб працаваць з людзьмі, у тым ліку з нейтральнай аўдыторыяй. Гэта можа быць сігналам для незалежных медыя. Там яшчэ ёсць магчымасць выказваць сваё меркаванне на палітычныя тэмы, — адзначае Леся Руднік.

Цікава паназіраць за тым, як прапагандысцкія механізмы адгукаюцца на падзеі.  У сацсетках, якія абралі для аналізу (Telegram, TikTok, YouTube, Instagram)  амаль увесь час дамінавала тэма вайны ва Украіне.  У чэрвені гэтага года праўладныя спікеры шмат гаварылі пра мабілізацыю ва Украіне.  Гэта можна растлумачыць тым, што бліжэй да канца траўня ўступілі ў сілу папраўкі да заканадаўства аб мабілізацыі ва Украіне.  А ў жніўні на пярэдні план выйшлі пасты  аб ваенных няўдачах украінскай арміі. Верагодна, гэта быў «адказ» анлайн-прапаганды на распачатую ў тым жа месяцы аперацыю ВСУ ў Курскай вобласці Расіі.

Мэпінг беларускай анлайн-прапаганды паказаў, што ў 2024 годзе цэнтральнымі тэмамі ў ёй былі падзеі ва Украіне, заходнія краіны і дасягненні беларускіх уладаў. У кантэксце вайны ў Украіне больш за палову праўладных крыніц закраналі пытанні, звязаныя з мабілізацыяй у ЗСУ і пастаўкамі ваеннай дапамогі Украіне. У асвятленні ж краін Захаду праўладных кантэнт-мейкераў часцей за ўсё цікавілі павелічэнне ваеннага патэнцыялу Польшчы і краін Балтыі для атакі на Беларусь, «дэградацыя» заходніх эканомік і пагаршэнне дабрабыту простых грамадзян.

Прадстаўленне сітуацыі ў іншых краінах у негатыўным святле на фоне беларускага «дабрабыту» — адзін з спосабаў легітымаваць існуючы ў Беларусі рэжым, адзначаюць аўтары даследавання.

А выбар у якасці цэнтральных аб'ектаў дыскрэдытацыі заходніх краін і Украіны, а не апазіцыі можа азначаць, што галоўную пагрозу цяпер беларускія ўлады і іх прыхільнікі бачаць менавіта ў знешніх актарах.  

вх